Гістарычны каляндар музея-сядзібы Міхала-Клеафаса Агінскага на 2016 год

01.02.2016 23:01Views:

881228.Aginski.Огинский музыка251 год назад, 25 верасня 1765 г., у маёнтку Гузаў пад Варшавай нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі.

230 гадоў назад, у 1786 г., распачалася палітычная кар’ера М.К.Агінскага... 

Ён быў абраны дэпутатам сейму ад Трокскага ваяводства і пасля яго заканчэння стаў членам Скарбавай камісіі ВКЛ ў Гродне. Там на працягу года ён займаўся праверкай працы мытных пастоў паміж ВКЛ І Каронай польскай.

225 год назад, 25 студзеня 1791 г.,  адбылося вяртанне М.К.Агінскага з дыпламатычнай паездкі ў Галандыю і Англію, аб якой ён склаў справаздачу перад сеймавай Дэпутацыяй замежных спраў.

225 год назад, 3 мая 1791 г., Вялікі сейм Рэчы Паспалітай прыняў прагрэсіўную Канстытуцыю, якая абвяшчала буржуазныя свабоды, роўнасць веравызнанняў і мела мэтай прыпыніць працэс гібелі Рэчы Паспалітай.

225 год назад, у 1791 г., М.К.Агінскі сачыніў свой першы паланез “Сі бемоль мажор”, які не захаваўся.

У гэтым жа годзе першы настаўнік музыкі Міхала Клеафаса Юзаф Казлоўскі па парадзе князя Пацёмкіна-Таўрычаскага прыяжджае з руска-турэцкай вайны ў Пецярбург,  дзе пазней робіць кар’еру кампазітара і дырэктара музыкі імператарскіх тэатраў.

220 год назад, 5 лютага 1796 г., М.К.Агінскі па даручэнню былых касцюшкаўскіх паўстанцаў пад імем Жана Рыдэля адпраўляецца з тайнай місіяй з Ліворна ў Канстанцінопаль, каб схіліць турэцкія ўлады дапамагчы паўстанцам. Місія была беспаспяховай.

215 год назад, у 1801 г., нарадзіўся другі сын М.К.Агінскага з першага шлюбу, Францішак Ксаверый Агінскі. Ён зрабіў службовую кар’еру як высокі чыноўнік Княства Варшаўскага. У якасці наследніка меў адзінага сына Фелікса, цэрэманімайстра пецярбургскага імператарскага двара, які быў беспатомны.

У гэтым жа годзе Агінскі атрымаў ад новага расійскага імператара Аляксандра І дазвол на вяртанне на тэрыторыю ВКЛ, дабіцца якога яму дапамог царскі саноўнік і родзіч Агінскіх князь Адам Чартарыйскі.

205 год назад, у 1811 г., расійскі імператар Аляксандр І даручыў М.К.Агінскаму напісанне Праекта аўтаноміі зямель ВКЛ у межах Расійскай імперыі. Агінскі стварыў Праект і Тлумачальную запіску да яго ў 1812 г.

195 год назад, у 1821 г., Залессе на некалькі тыдняў наведаў кампазітар Юзаф Казлоўскі, які ў гэты час пакінуў свае пасады ў Пецярбургу і накіроўваўся на сваю радзіму на Магілёўшчыне.  У Залессі Казлоўскі сачыніў музыку да камічнай оперы “Жняцы, або Дажынкі ў Залессі”на лібрэта пляменніка М.К.Агінскага Юзафа Лубенскага, якая, верагодна, у тым жа годзе выстаўлялася ў маёнтку Агінскіх. Опера пакуль што не знойдзена даследчыкамі.

190 год назад, у 1826 г., у Парыжы сакратар М.К.Агінскага Л.Ходзька выдаў на сродкі князя яго ўспаміны “Мемуары пра Польшчу і палякаў…” у чатырох тамах на французскай мове. Парыжскі тыраж склаў 2 тысячы экзэмпляраў, яшчэ 3 тысячы экзэмпляраў было выдадзена ў Жэневе.

190 год назад, у маі 1826г., у Вільні адбыўся шлюб дачкі М.К.Агінскага Амеліі з графам Каралем Залускім, маршалкам шляхты Упіцкага павету. Шлюб адбыўся ў віленскім касцёле Кармелітаў.

175 год назад, у 1841 г.,  памерла старэйшая сястра Міхала Клеафаса Юзэфа (нар. У 1764г.), у трэцім шлюбе жонка старасты Мсціслаўскага і вядомага мецэната мастацтва  Яна Лапацінскага, з якім у апошнія гады жыла ў маёнтку Шаркаўшчына на Віцебшчыне.

165 год назад, у 1851 г., памерла Марыя дэ Нэры, другая жонка Міхала Клеафаса Агінскага, гаспадыня залескай сядзібы. Памерла і пахавана ў г. Піза, Італія.

145 год назад, у 1871 г., у Францыі ва ўзросце 71 год памёр былы сакратар і выдавец польскай эмігранцкай літаратуры Леанард Ходзька. Пахаваны ў г.Пуацье, а ягоны багаты архіў захоўваецца ў швейцарскім горадзе Рэперсвілі.

145 год назад, у 1871 г., памерла дачка М.К.Агінскага Эма (1809-1871), у першым шлюбе жонка графа І.Бжастоўскага, у другім – мастака А.Высоцкага. Была маці пяцярых дзяцей.

20 год назад, у красавіку 1996 г. у Фларэнцыі дзякуючы намаганням тагачаснага міністра замежных спраў Беларусі П. Краўчанкі была адкрыта мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў М.К.Агінскі (скульптар В.Янушкевіч).

Увосень гэтага ж года Залессе ўпершыню наведаў нашчадак М.К.Агінскага, музычны педагог Анджэй Залускі з Англіі. Вынікам гэтага візіту стала напісанне ім кнігі “Час і музыка Міхала Клеафаса Агінскага”, а таксама візіт у Беларусь другога нашчадка кампазітара – піяніста Іва Залускага. Гэтыя візіты сталі магчымымі дзякуючы намаганням  тагачаснага амбасадара Рэспублікі Беларусь у Англіі У.Шчаснага.

Таццяна Кляшчонак, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы М. К. Агінскага

Каментаваць