Лёс чалавека: Тамаш Альфонцавіч Градзіцкі

18.01.2016 18:55Views:
тамаш градзіцкіЯшчэ па дарозе ў Залессе падумаў: “Напэўна, чалавек, да якога мы едзем, нам мала раскажа пра сваё жыццё”. І ўвогуле, мне ён бачыўся змрочным, пакрыўджаным на ўсё і ўсіх, бо мае фізічныя абмежаванні. Але літаральна праз некалькі хвілін маё меркаванне кардынальна памянялася: дзверы адчыніліся, і ў прыхожай нас сустрэў сам гаспадар з усмешкай на твары і прапанаваў прайсці ў пакой.

Праз імгненне ён ужо не без гонару паказваў, што яму падарылі супрацоўнікі РАУС, – каляндар з міліцэйскай выявай, які вісеў на сцяне, насценны гадзіннік таксама з адпаведнай сімволікай. А яшчэ былы супрацоўнік міліцыі Тамаш Градзіцкі атрымлівае газеты “Милицейский вестник”, “На страже”, таму ў курсе цяперашніх міліцэйскіх спраў. Паколькі вольнага часу хапае, то часта наведвае інтэрнэт-прастору, дзе многа розных навін, у тым ліку мясцовых, бывае ў “Аднакласніках”, перапісваецца з роднымі, блізкімі і знаёмымі, глядзіць цікавыя перадачы па тэлевізары, тэлефануе ў райаддзел міліцыі, цікавіцца буднямі цяперашніх ахоўнікаў правапарадку. Адным словам, кожны дзень у Тамаша Альфонцавіча заняты, таму сумаваць яму не прыходзіцца.

Прафесію падказаў міліцыянер

Пасля заканчэння сельскай школы Тамаш Градзіцкі паступаў на гістарычны факультэт у той час інстытута імя Я. Купалы ў Гродне, але не хапіла балаў. Потым яго прызвалі ў армію. Служыў у Венгрыі ў падраздзяленні ваенна-паветраных сіл.

– Але мы не заносілі хвасты самалётам, – смяецца Тамаш Альфонцавіч. – Нават не бачылі іх. Пастаянна ездзілі на вучэнні на машынах, расцягвалі кабелі сувязі.

Гады службы праляцелі хутка, юнак вярнуўся дамоў. Праз некалькі дзён прыехаў у райаддзел міліцыі па дакументы. Таго, хто павінен быў выдаць іх, – не было. Пакуль чакаў – разглядваў фотаздымкі на стэндзе “Іх шукае міліцыя”. Неўзабаве да Тамаша Градзіцкага падышоў міліцыянер. Гэта быў Зянон Страх, які на той час нёс службу ў “дзяжурцы”.

– Цікавішся злачынцамі? – спытаў Зянон Юльянавіч у хлопца. – А ў міліцыі служыць хочаш?

– Які з мяне міліцыянер, – адказаў Тамаш Градзіцкі. – Маю толькі сярэдняю адукацыю, у арміі быў вадзіцелем.

– Вадзіцелі ў нашай службе таксама патрэбны, – абнадзеіў міліцыянер.

Потым ён павёў Тамаша Гра-дзіцкага да намесніка начальніка РАУС па палітычнай і кадравай рабоце. Той сказаў, што вучыцца можна завочна. Ад нампаліта хлопец трапіў у кабінет начальніка райаддзела міліцыі. Уладзімір Хвалько ўважліва паглядзеў на хлопца і спытаў: “Як ты глядзіш на тое, што мы накіруем цябе на сямімесячныя падрыхтоўчыя курсы і прызначым участковым інспектарам міліцыі ў Залескі сельсавет?”

Тамашу Градзіцкаму сказалі прыехаць назаўтра ў РАУС. Потым яго прывезлі ў Залессе, завялі ў кабінет старшыні сельсавета Віктара Шэленгоўскага, прадставілі. Так у 1975 годзе Тамаш Альфонцавіч пачаў сваю службу ў міліцыі. Жылля не было. Віктар Андрэевіч «аформіў» маладога ўчастковага.

Нялёгкая служба

Тамаш Альфонцавіч прайшоў падрыхтоўчыя курсы, завочна паступіў у Мінскую сярэднюю школу міліцыі, закончыў яе з чырвоным дыпломам. Вырашыў вучыцца далей, падаў дакументы ў спецыяльную вышэйшую навучальную ўстанову. Трэба было здаць толькі адзін экзамен на пяцёрку – па гісторыі. З гэтай задачай справіўся паспяхова.

На першым часе за маладым участковым інспектарам міліцыі Тамашом Градзіцкім замацавалі куратара. Асноўнай задачай была ахова грамадскага парадку. Пачалі ствараць у Залессі апорны пункт. Справа новая. Тамаш Градзіцкі ездзіў па вопыт у Маладзечна, чытаў адпаведную літаратуру. На гэту тэму нават быў арганізаваны семінар у Гродне.

У савет апорнага пункта ўвайшлі паважаныя людзі – начальнік станцыі Залессе, дырэктар школы, калгасныя спецыялісты. На “прапясочку” выклікалі сямейных скандалістаў, парушальнікаў грамадскага парадку, праводзілі розныя гутаркі з моладдзю. У клубе было вывешана “Акно ганьбы”. Туды траплялі прозвішчы хлопцаў, якія недастойна паводзілі сябе на танцах, імкнуліся ўсчаць бойку. Гэтых хлопцаў змяшчалі ў “Акне сатыры” ў карыкатурным выглядзе. Таму дзяўчаты з імі потым не хацелі мець справу.

Тамаш Альфонцавіч прыгадаў адзін кур’ёзны выпадак. На пасяджэнні савета апорнага пункта разглядалі сямейных скандалістаў. А начальнік чыгуначнай станцыі заўсёды насіў форму, якая знешне была падобная на пракурорскую. Зайшоў у памяшканне сямейны скандаліст з Вялікай Мысы, убачыў за сталом разам з іншымі членамі камісіі мужчыну ў сінім мундзіры, упаў на калені і пачаў прасіцца: “Таварыш пракурор, я больш не буду скандаліць”. Увогуле, выклік на савет апорнага пункта даваў тады пэўныя станоўчыя вынікі – вяскоўцы потым абмяркоўвалі тых, хто напіўся, пахуліганіў, учыніў сямейны дэбош. Ім было сорамна за свае паводзіны. Многія з гэтых людзей больш ужо не траплялі на савет апорнага пункта.

Не дарэмна кажуць, што міліцэйская служба не толькі цяжкая, але і небяспечная. Аднойчы ўчастковаму інспектару міліцыі Тамашу Градзіцкаму патэлефанавалі і паведамілі, што ў Міхневічах сямейны скандал, муж б’е жонку. Участковы неадкладна выехаў на месца здарэння, зайшоў у хату. Насустрач выйшаў нецвярозы гаспадар, сказаў: “Я цябе не выклікаў”. Потым пачаў пагражаць забойствам, нагнуўся і заглянуў чагосьці пад ложак. Тамаш Альфонцавіч падумаў, што ў яго там нешта ляжыць, можа зброя, наваліўся на хулігана, скруціў яму рукі, звязаў іх рэменем.

Участковы інспектар міліцыі разам са спецыялістамі гаспадаркі ладзіў засады, бо па начах не драмалі зладзеі. У Свірыдавічах з буртаў нехта краў бульбу.

– Прыехалі мы ў гэту вёску, як сцямнела, прытаіліся, чакаем, – расказвае Тамаш Градзіцкі. – Бачым – нехта капошкаецца ў буртах. Мы выйшлі са схованкі, чалавек пачаў уцякаць. Кінуліся за ім. Перада мной бег калгасны спецыяліст. Я дастаў з кабуры пісталет і стрэліў уверх. Мой кампаньён дабавіў ходу і пачаў падскокваць. Пазней я спытаў, навошта ён так рабіў. Мужчына прызнаўся, што баяўся, каб я не пацэліў па яго нагах. А злодзея мы тады затрымалі. Ім аказалася жанчына, якая, на наша здзіўленне, была ў шапцы і штанах.

Давялося Тамашу Градзіцкаму пабываць падчас міліцэйскай службы ў працяглай камандзіроўцы ў Маскве. Было гэта ў 1980 годзе. Тады на ахову грамадскага парадку падчас алімпіяды з Беларусі адкамандзіравалі зводны міліцэйскі атрад. Бачыў Тамаш Альфонцавіч, як хавалі якраз у гэты час Уладзіміра Высоцкага. Потым яшчэ раз участковаму з Залесся прыйшлося паехаць у Маскву. Там ён разам з іншымі супрацоўнікамі міліцыі зноў ахоўваў грамадскі парадак, калі праходзіў ХХVI з’езд партыі.

Не зусім звычайнае знаёмства з будучай жонкай

Тамаш Градзіцкі ажаніўся, калі вярнуўся з камандзіроўкі пасля заканчэння маскоўскай алімпіяды. З будучай жонкай пазнаёміўся не зусім звычайна. Ён, як участковы інспектар міліцыі, выехаў у вёску Вётхава. Будучая цешча сказала, што з ёю сварыцца суседка, нават пабіла вяроўкай. Прыйшлося разбірацца. Тады і пазнаёміўся з дачкой пацярпелай жанчыны. Дзяўчына была студэнткай. Тамаша Альфонцавіча спачатку запрасілі ў гэту сям’ю на дзень нараджэння, потым на 8 Сакавіка. Маладыя людзі пачалі сустракацца і неўзабаве зразумелі, што не могуць жыць адно без аднаго.

У Залессі яны пабудавалі кааператыўную кватэру, выгадавалі дваіх сыноў. Адзін з іх цяпер служыць у гарадскім аддзеле “Ахова”, другі нейкі час працаваў на сілікатным заводзе, цяпер жыве ў Маладзечне. Сыны маюць свае сем’і. Калі няма з кім пакінуць дзяцей – вязуць іх у Залессе да бабулі з дзядулем. Тамашу Альфонцавічу падабаецца нянчыцца з унукамі, выхоўваць іх. Ды і ўнукі хіляцца да яго, бо дзед па натуры чалавек гаваркі, з пачуццём гумару. А яшчэ ён не курыць і не ўжывае спіртное.

Ды што ўнукі, нават тыя з вяскоўцаў, каго Тамаш Градзіцкі ў бытнасць участковым караў за розныя правапарушэнні, не трымаюць на яго злосці, тэлефануюць, прыходзяць дамоў, каб пагаварыць. Тамаш Альфонцавіч нагадваў гэтым людзям пра мінулае, але яны адказвалі, што не крыўдзяцца, бо ў яго была такая служба.

Міліцэйскія віцязі

Калісьці ў Смаргоні падчас розных святаў выступалі разам з іншымі і міліцэйскія віцязі вярхом на конях. Шлемы і мячы для іх вырабілі на заводзе аптычнага станкабудавання. У рады віцязяў звычайна адбіралі тых міліцыянераў, якія калісьці мелі справу з коньмі. Бацька Тамаша Градзіцкага працаваў у калгасе конюхам, не раз дазваляў сыну-падлетку пракаціцца вярхом на гнядым ці буланым.

– Мы гады тры ці чатыры прадстаўлялі віцязяў на гарадскіх святах. Апошні раз на провадах зімы. Я і яшчэ двое міліцыянераў у амуніцыі праехалі на конях па стадыёне і выехалі з яго. На перакрыжаванні вуліцы Савецкай з Гагарына машыны выслізгалі дарогу. А коні былі непадкаваныя. Пярэдні коннік прытрымаў за аброць каня, тое ж самае зрабіў і я. А задні наш калега да гэтага ні разу не ездзіў вярхом на кані, таму трымаўся рукамі за сядло, каб не ўпасці. Ён не змог прыпыніць свайго каня, які наляцеў на майго. У выніку я апынуўся на зямлі, і мяне прыціснуў, паваліўшыся, мой конь. Са зламанай нагой я трапіў у шпіталь.

Там узялі пункцыю спіннога мозга, напэўна, каб устанавіць, ці няма ў мяне праблем з галаўным мозгам пасля падзення з каня. Потым ужо дасведчаныя людзі сказалі, што не трэба было згаджаццца на гэту працэдуру, але адкуль я ведаў. Пасля гэтага пачаліся ў мяне праблемы, перастала слухацца нага. Быў у медыцынскім цэнтры, дзе лячылі ўсе хваробы, але мне не дапамаглі. Так я апынуўся ў інваліднай калясцы. Вядома ж, фізічна абмежаваны, але аптыміст па натуры. Гэта мяне і выратоўвае.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ, "Светлы шлях"

Каментаваць