Неўміручы дух Агінскага

30.10.2015 13:19Views:
2Ён адзіны ў гісторыі музыка-аматар, творы якога былі папулярнымі ва ўсёй Еўропе яшчэ пры яго жыцці. Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага аб’яднала прадстаўнікоў пяці краін. Яны сабраліся разам у Маладзечне — на роднай зямлі вялікага кампазітара, каб разам адсвяткаваць 250-годдзе з дня яго нараджэння.

Беларусы, літоўцы, рускія, украінцы, палякі прадстаўлялі свае даследаванні на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая называлася «Культурная спадчына роду Агінскіх і яе значэнне для сучаснага развіцця грамадства». Асоба славутага папярэдніка, ушанаваная належным чынам, раскрылася па-новаму, аб’яднала брацкія народы праз творчую спадчыну.

Аказалася, не ўсё яшчэ даследавана і вывучана не толькі ў біяграфіі, але і ў тым, што стварыў Агінскі. Прафесар, музыказнаўца Віктар СКАРАБАГАТАЎ падказаў, на што могуць накіраваць сваю ўвагу даследчыкі:

— Я вельмі параіў бы шукаць скрыпічныя творы. Бо ў свой час Агінскі быў выдатным скрыпачом, а фартэпіяна для яго займала толькі другое месца. Аднак чамусьці захаваліся менавіта фартэпіянныя творы. Вельмі раю зацікаўленым людзям звярнуцца да рукапісных фондаў бібліятэкі Маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага. Я бачыў там (але, на жаль, не захаваў ксеракопій) яго творы для скрыпкі, фартэпіяна і голасу. Сцверджанне, што не ўсё яшчэ знойдзена з творчай спадчыны Агінскага, — абсалютна слушнае. Святлане Немагай удалося адшукаць твор яго сына (магчыма, напісаны разам з бацькам) — гэта варыяцыя на тэму трэцяй арыі Моцарта. У нас яшчэ шмат працы па пошуку напісанага Агінскім, і, я ўпэўнены, наперадзе надзвычай цікавыя адкрыцці.

Прафесар распавёў таксама, што створана партытура апошняга балета кампазітара. Літаральна праз тыдзень яна пабачыць свет у выдавецтве «Каўчэг».

Як заўсёды, грунтоўна і надзвычай займальна пра Агінскага распавядала вядомая даследчыца яго спадчыны Святлана НЕМАГАЙ. Яна звярнулася да феномена асобы гэтага чалавека, які адначасова быў і кампазітарам, і палітычным дзеячам:

1

Пом­нік Агін­ска­му ля Ма­ла­дзе­чан­ска­га му­зыч­на­га ка­ле­джа

— Асноўнай дзейнасцю Агінскага была дыпламатыя, ён займаў розныя дзяржаўныя пасады. Аднак тагачаснае грамадства ўспрымала яго ўсё-такі скрозь прызму створанай ім музыкі, як аўтара маршаў, паланэзаў, што прадвызначылі твар эпохі. Менавіта яго музычная аўра з’яўляецца тым магнітам, які прыцягвае ўвагу нават сучасных людзей. Феномен папулярнасці асобы, 250-гадовы юбілей якой мы сёлета адзначаем так шырока, хаваецца найперш у папулярнасці яго музыкі. У XVІІІ—XІX стагоддзях музыкантамі найчасцей былі людзі не самага высокага саслоўя. Таму нельга сцвярджаць, што Агінскаму, які займаўся палітычнай дзейнасцю, была выгадная менавіта такая вядомасць. Аднак усё-такі ведалі і шанавалі Агінскага найперш як кампазітара.

Міхал Клеафас Агінскі быў адзіным у гісторыі музыкам-аматарам, творы якога карысталіся вялікай папулярнасцю ва ўсёй Еўропе яшчэ пры яго жыцці. Трымаюць пазіцыю ўсеагульнай любові яны і сёння.

Сваё месца творчасць кампазітара заняла і ў сэрцы рускага даследчыка — члена апякунскай рады фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» Юльяна БЕЛЬСКАГА. Падчас свайго выступлення на канферэнцыі ў Маладзечне ён прамовіў па-беларуску:

— Гэта Агінскі прывёў мяне да вашай краіны і мовы. Сем гадоў таму я ўпершыню прыехаў у Залессе, пазнаёміўся з Рыгорам Сарокам. Тады са мною здарыліся сапраўдныя прыгоды, і я насамрэч адкрыў для сябе беларускую зямлю. Сёння я, прадстаўнік Масквы, сучасны рускі патрыёт, прызнаюся ў любові Беларусі. Бо «як не любіць гэту рэчку і бор, і зялёны садок, і крыклівую гусь. А што часам тут страшна заенча віхор. Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь».

Бельскі прачытаў верш, напісаны пра Агінскага расійскім паэтам Ігарам Жданавым. Адчувалася, што для нашых усходніх суседзяў асоба беларускага кампазітара таксама надзвычай важная і блізкая.

Загадчыца аддзела гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, доктар гістарычных навук з Літвы Рамуне Шмігельскітэ-Стукене распавяла, што ў фондзе Агінскіх у літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве захоўваюцца дакументы, з якіх можна даведацца пра асабістыя стасункі і фінансавыя справы кампазітара. Гэта 95 лістоў карэспандэнцыі, якую ён пісаў да сваёй эміграцыі і пасля яе. Маецца вялікая перапіска з дачкой Амеліяй (98 аркушаў). Захавалася некалькі лістоў ад першай жонкі і вялікая колькасць — ад другой. Можна прачытаць ліставанне з братамі і дзядзькам, ад якога ў спадчыну Агінскі атрымаў землі на Маладзечаншчыне і ў Залессі. Зрэшты, літоўская даследчыца ўжо падрабязна вывучыла гэтыя дакументы і склала досыць яскравы партрэт пра «закуліснае жыццё» кампазітара, на долю якога выпала два банкроцтвы і дзве жонкі…

У канферэнцыі таксама ўдзельнічаў доктар філалагічных навук, прафесар Адам МАЛЬДЗІС. З уласцівай яму дасведчанасцю і арыгінальнасцю ён прапанаваў заснаваць новую прэмію імя Агінскага, якой узнагародзяць найлепшых даследчыкаў спадчыны кампазітара. Жартоўна трыма багінямі агінсказнаўства Мальдзіс назваў дырэктара выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяну Анцух, якая сёлета выдала мемуары Агінскага ў перакладзе на рускую мову, таксама навуковую супрацоўніцу музея ў Залессі Таццяну Кляшчонак, якая выпусціла тры брашуры, прысвечаныя яго асобе, і, вядома ж, Святлану Немагай, якая колькі часу таму напісала ўласную кніжку пра Агінскага, змясціўшы ў ёй сенсацыйныя даследчыцкія адкрыцці.

Вяршыняй увекавечвання памяці кампазітара, верагодна, стала опера, пастаўленая ў Маладзечанскім музычным каледжы імя Агінскага. Музыку для яе стварыў Алег Залётнеў, лібрэта напісаў Сяргей Макарэй. Аднак сама ідэя і яе рэалізацыя належыць дырэктару каледжа Рыгору САРОКУ, які адзначыў:

— Без перабольшвання, гэтай операй я паставіў Агінскаму другі помнік на беларускай зямлі (першы, манументальны, стаіць побач з музычным вучылішчам). Опера выклікала вялікія эмоцыі ў слухача, у прафесійных беларускіх музыкаў. Гэта важна як для ўсёй краіны, так і для нас, бо Агінскі насіў тытул «граф Маладзечанскі». Аднак на дасягнутым мы не будзем спыняцца. Цяпер адабралі сем паланэзаў Агінскага, для якіх я ствараю партытуры разам з выпускніцай Верай Рыбінскай. У хуткім часе яны з’явяцца ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Такім чынам, музыку Агінскага зможа выканаць вялікі сімфанічны аркестр.

Уз­на­га­ро­ды ад фон­ду «Спад­чы­на Мі­ха­ла Кле­а­фа­са Агін­ска­га»

Уз­на­га­ро­ды ад фон­ду «Спад­чы­на Мі­ха­ла Кле­а­фа­са Агін­ска­га»

Юбілейны год вялікага кампазітара працягваецца. Яшчэ пару месяцаў мы можам ушаноўваць, адкрываць для сябе гэтую ўнікальную асобу. Каб памяць пра яе стала нязгаснай. Нездарма на Маладзечаншчыне колькі гадоў таму ўтварыўся мясцовы дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага», які выступіў адным з арганізатараў святкавання і на будучыню мае шмат цікавых праектаў… Развітваючыся з Радзімай, напісаўшы пра яе свой знакаміты паланэз, кампазітар быццам пакінуў запавет нам, нашчадкам: берагчы і захоўваць любоў у сваім сэрцы. Гэта актыўна робяць сёння не толькі маладзечанцы, але і ўсе беларусы. І прадстаўнікі суседніх краін таксама далучаюцца.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, "Звязда"

Фота аўтара

Каментаваць