Аграсядзібы: канкурэнцыя і лучнасць

30.10.2015 14:39Views:
litvaХутка казка расказваецца ды не хутка справа робіцца. Асабліва калі яна датычыцца прыватнага бізнесу ды яшчэ ў такой новай для беларусаў галіне, як турыстычная індустрыя. Сёлета ў красавіку ў нашым раёне стартаваў разлічаны на два гады праект “Кластарны падыход і інфармацыйныя тэхналогіі для мясцовага кіравання і ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый”, які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. Яму папярэднічала шматгранная работа на працягу чатырох гадоў: праводзіліся фестывалі, конкурсы, мерапрыемствы па даследаванні самабытных традыцый рэгіёна, вывучаўся вопыт кластарнага ўзаемадзеяння ў суседніх рэгіёнах і за мяжой.

Для каардынацый дзеянняў у 2012 годзе быў створаны раённы Грамадскі савет па развіцці агратурызму, праведзена экспедыцыя па азнаямленні з турыстычным патэнцыялам Смаргоншчыны. У выніку з’явілася стратэгія турыстычнай дэстынацыі “Паўночныя Афіны” у межах праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуецца ПРААН. Галоўная задача стратэгіі – стварэнне гісторыка-культурнага турыстычнага кластара, дзеля таго, каб у поўнай меры выкарыстоўваць патэнцыял аграсядзіб, як ва ўзаемастасунках іх гаспадароў, так і ў стасунках з іншымі суб’ектамі гаспадарання: у сферы культуры, транспарту, грамадскага харчавання і інш.

У працэссе рэалізацыі праекта адбыўся візіт смаргонскай дэлегацыі ў Літву, дзе паслугі сельскага турызму маюць багаты і даволі працяглы вопыт. Удзельнікі паездкі мелі магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі метадамі маркетынгу і рэкламы сваіх паслуг, з цікавымі формамі арганізацыі масавых мерапрыемстваў, а таксама з арыгінальнымі ўзорамі інтэр’еру і ландшафтнага дызайну. За пяць дзён смаргонскія падарожнікі наведалі сем аграсядзіб, бралі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі асацыяцыі сельскага турызму Літвы, сустрэліся з кіраўніком турыстычнай лучнасці “Туры Юрбаркаса” Крысцінай Ванчыене і мелі дзелавую гутарку з экспертам па кластарах Дарусам Ласіонісам.

Станоўчым вынікам паездкі стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж кіраўніцтвам Смаргонскага раёна і асацыяцыяй сельскага турызму Літвы. Важна, што беларускія гаспадары аграсядзіб мелі магчымасць пагутарыць з літоўскімі калегамі, якія шчодра дзяліліся сваімі набыткамі ў развіцці турыстычнага бізнесу, практычным вопытам кластарных падыходаў для лепшага бачання ўласных перспектыў.

Не ўсё ідэальна ў галіне агратурызму і ў Літве. Так, на традыцыйнай справаздачнай канферэнцыі асацыяцыі сельскага турызму была агучана лічба 50. Менавіта столькі кластараў створана ў Літве. Аднак па словах старшыні асацыяцыі, толькі палова з іх працуюць як кластары. Што да самой асацыяцыі, то ў яе аб’ядналіся каля 400 членаў. У разрэзе турыстычных паслуг агратурызм займае толькі 15 працэнтаў, прычым спажыўцы гэтых паслуг пераважна жыхары Літвы. Замежных наведвальнікаў аграсядзіб каля 10 працэнтаў. Тым не менш, ёсць разлік на еўрапейскага турыста, да таго ж, па апошніх дадзеных у краіных Заходняй Еўропы гэты від турызму ідзе на спад, не маючы працягу ў маладых гаспадароў. Многія аграсядзібы прыпыняюць сваю дзейнасць, бо нашчадкі састарэлых гаспадароў не жадаюць займацца гэтым бізнесам.

Нягледзячы на тое, што заканадаўчая база і эканамічныя перадумовы для развіцця аграсядзіб дзвюх нашых краін маюць значныя адрозненні, павучыцца было чаму айчынным пастаўшчыкам агратурыстычных паслуг. Кожны гаспадар аграсядзіб, якія мы наведвалі, меў сваю “фішку”, кожны будынак ці падворак – свой твар. Так, Раландас Барткунас, які сваім брэндам абраў этнаархітэктуру, прыцягвае шматлікіх наведвальнікаў цікавымі прэзентацыямі старажытнай сельскай архітэктуры розных правінцый Літвы. Ёсць на яго сядзібе і лазня на беразе рэчкі, і гасцёўня з камінам. Праводзяцца традыцыйныя святы для рыбакоў “Дзень ласося”, спаборніцтвы для грыбнікоў. Пераначаваць на сядзібе Раландаса можна ў пакоі, які абсталяваны накшталт вясковай хаты, дзе побач з ложкам стаяць кросны або калаўрот.

У сядзібе “Заленсу” ладзяцца фэсты рэспубліканскага маштабу, спецыяльны амфітэатр створаны для шматлікіх прыхільнікаў розных музычных плыняў. Многія адпачываючыя вяртаюцца сюды зноў, бо іх прыцягваюць маляўнічыя краявіды, цудоўны парк, прыгожая рэчка, у якую можна акунуцца адразу пасля лазні.

На сядзібе “Сталіца паляўнічых” можна адпачыць пасля палявання на жывога звера, а можна пастраляць на палігоне па мішэнях, якія рухаюцца і лятаюць. Прапаноўваючы традыцыйныя жамойцкія стравы для гасцей сядзібы “Pas tevukus”, гаспадыні прачытаюць цэлую лекцыю пра здаровае і правільнае харчаванне, правядуць пэўны майстар-клас па прыёму страў.

А пра тое, як на справе дзейнічае агратурыстычны кластар, можна было пераканацца калі свае паслугі і дадатковыя, так званыя прадукты туріндустрыі, прапаноўвалі іншыя ўдзельнікі сустрэч. Напрыклад, гаспадар “Сталіцы паляўнічых” прадаставіў гасцёўню сваёй сядзібы для тэматычнай прэзентацыі і дэгустацыі прадукцыі з мёду вінаробу Эрыкасу Аўгусцінавічусу, які варыць мядовае віно па старажытных літоўскіх рэцэптах.

Юргітэ і Марыя, якія частавалі гасцей народнымі жамойцкімі стравамі, патлумачылі, што для іх прыгатавання выкарыстоўваюць выключна прадукцыю мясцовых фермераў або ўладальнікаў прыватных падворкаў, дзе вырошчваецца экалагічна чыстая прадукцыя раслінаводства і жывёлагадоўлі. Усе іх пастаўшчыкі – удзельнікі аднаго кластара. Каб прыцягнуць да сябе наведвальнікаў, многія гаспадары пашыраюць спектр паслуг, прычым часта з дапамогай сваіх калег або іншых удзельнікаў лучнасці.

Гаспадынь беларускіх аграсядзіб Таццяну Гаранскую і Святлану Мацюк здзівіў такі просты кулінарны піяр-ход, як бульба ў лупінах, пададзеная ў спецыяльных мяшэчках. Андрэй Коваль і Алена Махнач, па ўсяму відаць, пяроймуць для сябе пэўны вопыт, убачаны на сядзібе “Залаты алень”. Дарэчы, гэта аграсядзіба, якую падарожнікі наведвалі ў апошні дзень, здзівіла ўсіх унікальным музеем матацыклаў, скульптурнымі кампазіцыямі і чароўным ландшафтным дызайнам.

Ала СТРАШЫНСКАЯ
Фота аўтара

1_новый размер

2_новый размер

3_новый размер

4_новый размер

5_новый размер

Каментаваць