У пошуках натхнення і душэўнасці

23.10.2015 19:11Views:
У пошуках натхнення і душэўнасці“…Божа, пашлі ў вымярэннях няведамых
Мне толькі тых, хто радня па душы”.
Гэтымі радкамі заканчваецца адзін з маіх вершаў. Мяркую, што такое жаданне знаёмае многім, асабліва тым, каго час ад часу агортвае адчуванне адзіноты сярод людскога натоўпу. Але, шчыра кажучы, хочацца яшчэ тут, у гэтым жыцці, сустрэць людзей блізкіх духоўна, з якімі ты, што называецца, на адной хвалі, якія разумеюць цябе з паўслова і паўпогляда.

Вядома ж, пад ляжычы камень вада не цячэ, таму аматары прыгожага і трапнага слова, удзельнікі літаратурных суполак з Астраўца, Ашмянаў і Смаргоні шукаюць і знаходзяць магчымасць сустракацца на творчых імпрэзах, каб дзяліцца сваімі новымі творамі, плёнам сваёй фантазіі, каб радавацца за выдатныя знаходкі сяброў па пяру.

Пры падтрымцы рэдакцый мясцовых газет, спецыялістаў сферы культуры, бібліятэчных работнікаў удалося правесці шмат цікавых паэтычных сустрэч, арганізаваць вандроўкі па слынных мясцінах і маляўнічых кутках нашага паўночнага рэгіёна Гродзеншчыны. Багатая гісторыка-культурная спадчына Ашмяншчыны і Астравеччыны натхніла многіх на стварэнне адметных, хоць можа і не геніяльных твораў. Але кожны верш або эсэ, напісаныя пад уздзеяннем атрыманых у вандроўках эмоцый, папаўняюць агульную скарбонку культурных набыткаў. Прыйшоў час і нашаму Смаргонскаму краю даць духоўную ежу для натхнення, падзяліцца сваімі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.

Месцам для сустрэчы быў абраны музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. Менавіта на кастрычнік тут была запланавана літаратурная імпрэза, і шаноўныя госці з суседніх раёнаў апынуліся ў цэнтры ўвагі. Завітаў на сустрэчу і выдатны паэт з Мядзеля, пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу і ўладальнік “Залатога Купідона” ў галіне паэзіі Аляксандр Быкаў.

Уразіла гасцей на самым пачатку тое, што сустракалі іх ля ўвахода не звычайныя экскурсаводы, а навуковыя супрацоўнікі ў вобразах дзяцей колішняга гаспадара палаца. Найлепшыя пачуцці перажылі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства, калі іх гасцінна запрасілі прайсці па пакоях, якія, здаецца, памятаюць крокі сапраўдных Міхала Клеафаса, яго жонкі Марыі і дзяцей. Трое з дзяцей Агінскага: Эма, Амелія і Ірэніўш, а на самой справе Аксана Скробат, Наталля Чудакоўская і Васіль Грыбанаў, дасціпна і з пэўнай юначай непасрэднасцю апавядалі пра сям’ю і, наогул, род Агінскіх. Навуковы супрацоўнік Таццяна Кляшчонак ужылася ў вобраз пісьменніцы Габрыэлі Пузыны і таксама падзялілася слушнай інфармацыяй пра эпоху рыцараў і прыгожых дам. У канцэртнай зале гучалі паланэзы, і была прапанавана фотапрэзентацыя пра дзейнасць музейнай установы.

У пошуках натхнення і душэўнасці_ЗалессеСамо літаратурнае пасяджэнне праходзіла ў галерэі-кафейні, праз вокны якой бачыўся восеньскі англійскі парк і старажытны стаў наводдаль. За кубачкам гарбаты або кавы прыемна было паслухаць і вершы, і спевы пад гітару. Пасля выступлення тытулаваных літаратараў, згаданага вышэй Аляксандра Быкава і Аляксандра Марозава (лаўрэата чатырох літаратурных прэмій, аўтара дваццаці шасці мастацкіх і навукова-папулярных кніг) слова ўзяла старэйшая творца з вёскі Сялец Войстамскага сельсавета Гэлена Андрыца. Вясковая паэтка стала знакамітай пасля ўдзелу ў некалькіх паэтычных конкурсах у Польшчы. Кіраўніцы літаратурных аб’яднанняў з Астраўца і Ашмянаў Людміла Кухарэвіч і Аліна Санюк прадстаўлялі сваіх самадзейных паэтаў, пастаянных аўтараў літаратурных старонак раённых газет.

Большасць з іх маюць прафесію, далёкую ад літаратурнай творчасці, але душой яны адданыя паэтычнай музе або музыцы. Алена Місюк — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яе вучаніца сёлета па выніках цэнтралізаванага тэсціравання атрымала 100 балаў па роднай мове. Аднойчы Алена Вікенцьеўна паспрабавала прайсці тэст па гісторыі без папярэдняй падрыхтоўкі і атрымала 50 балаў, чым нямала здзівіла сваіх вучняў. Магчыма, нават больш, чым тым, што піша выдатныя вершы. Валянціна Васількевіч – урач. А вольную часіну яна прысвячае лірыцы і творчасці мастацкага слова. Гумарыстычныя радкі прачыталі Ігар Спірыдовіч, Яўген Куст, Эдвард Сяргей, чым надалі пасяджэнню больш весялосці. Нізкі вершаў падарылі сябрам па пяру Ядзвіга Чаплінская і Святлана Бацюлева. Парадавала спевамі і чыстым голасам Людміла Кухарэвіч.

Кожны з прысутных меў магчымасць пачытаць свае творы, што, безумоўна, запомнілася і слухачам, і самім паэтам. Бо занатоўваць свае пачуцці, эмоцыі, перажыванні ў выглядзе рыфмаваных радкоў у блакнотах і сшытках – гэта зусім не тое, што падзяліцца імі з людзьмі, блізкімі па духу, якія аднолькава з табой адчуваюць сакральнасць слова, прыгажосць паэзіі.

Ала КЛЕМЯНОК
Фота аўтара

Каментаваць