Вяртанне Паўночных Афінаў

30.09.2015 14:50Views:
аваНашчадак Міхала Клеафаса Агінскага ў пятым пакаленні Зыгмунд Зялінскі меў вялікую асалоду і гонар некалькі дзён жыць у палацы, пабудаваным дзвесце гадоў таму яго славутым продкам. Разам з ім на святкаванне юбілею ў Залессе прыехалі жонка Лідзія і дачка Ганна. Абедзьве, як і Зыгмунд, музыканты. Больш таго, Лідзія – старшыня Саюза кампазітараў Польшчы, а Ганна – віртуозная скрыпачка, вядомая сваімі канцэртамі ў многіх краінах свету.

Пан Зыгмунд у інтэрв’ю заўважыў, што на яго Радзіме, у Польшчы, 250-годдзе Агінскага не святкуецца з такім размахам, як на Беларусі, бо яго зацямніла юбілейная гадавіна Шапэна. А Беларусь уразіла ганаровых гасцей шаноўным стаўленнем да выдатнага палітычнага дзеяча і кампазітара і захаваннем памяці пра яго заслугі. Шмат кампліментаў выказалі польскія госці ў адрас мясцовых улад і работнікаў музея-сядзібы ў Залессі, а найбольшай павагі ўдастоілася навуковы супрацоўнік Таццяна Кляшчонак, якая, па словах Зыгмунда Зялінскага, ведае яго радавод лепш, чым ён сам.

Драўляная сядзіба ў Залессі перайшла ў спадчыну Міхалу Клеафасу напачатку дзевятнаццатага стагоддзя ад яго бяздзетнага дзядзькі, кухмістра ВКЛ Францыска Ксаверыя. Праз нейкі час новы гаспадар пачаў будаваць побач мураваны палацык у стылі класіцызму, а навакольную тэрыторыю добраўпарадкоўваць у адпаведнасці з тагачаснай модай. Выдатна апісаў гэты палацава-паркавы комплекс у паэме “Залессе” Аляксандр Ходзька. Вось толькі сёння вярнуць цудоўны выгляд сядзібе, якая больш чым за 150 гадоў змяніла шмат гаспадароў, справа складаная. Але, на думку сённяшніх гаспадароў, магчымая. Шмат зроблена за апошнія гады. Летась адбылося ўрачыстае адкрыццѐ пасля рэстаўрацыі будынка. А да дня нараджэння Міхала Клеафаса завяршылася абсталяванне цудоўнай экспазіцыі. Таму адкрыццѐ музея стала сапраўдным ушанаваннем памяці славутага дзеяча ВКЛ і падарункам для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

IMG_2134_новый размер

Штомесяц на працягу гэтага года, паралельна з работамі па напаўненні фондаў музея і падрыхтоўкай да святкавання юбілею, ладзіліся канцэрты, саграваліся музыкай адубелыя за дзесяцігоддзі сцены пакояў, дзе калісьці гучалі мазуркі, вальсы, паланэзы. А разам з гэтым адраджэннем напаўняліся асалодай і гонарам сэрцы землякоў славутага кампазітара. Напярэдадні 250-гадовага юбілею некалькі дзѐн запар у сядзібе праходзілі разнастайныя мерапрыемствы. А ў дзень нараджэння маэстра шматлікія госці прыехалі ў сядзібу. З раніцы працавалі тэатралізаваныя пляцоўкі ў сядзібным парку, дэманстравалі сваё майстэрства жывапісцы, самадзейныя артысты, музыканты і спевакі Смаргонскай школы мастацтваў імя Агінскага. На шырокай пляцоўцы перад палацам з паказальнай праграмай выступілі сябры клуба “Залатая шпора”, чыё ўдалае майстэрства верхавой язды ўразіла гледачоў і на нейкі час акунула ў эпоху сівой даўніны.

IMG_2160_новый размер

Урачыстае адкрыццё пастаяннай музейнай экспазіцыі Дзяржаўнай гісторыка- культурнай установы “Музей-сядзіба М. К. Агінскага” распачалося традыцыйным паланэзам Ля мінор. Танцоры яшчэ доўгі час не пакідалі сцэну, заміраючы ў танцавальных позах і ствараючы прыгожы фон. Прывіталі прысутных старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і старшыня райвыканкама Генадзь Харужык. Выканаў абяцанне, дадзенае год назад, міністр культуры Барыс Святлоў і перадаў музею архіў сям’і Агінскіх.

IMG_2202_новый размер

На дзесяці кампакт-дысках змешчаны гістарычныя дакументы, з якіх шмат можна будзе даведацца пра жыццѐ славутага роду. Перадаючы падарунак дырэктару музея Людміле Градзіцкай, Барыс Уладзіміравіч сказаў: “Калі будзе неабходнасць, зможам і ў традыцыйным папяровым выглядзе паказаць дакументы зацікаўленым наведвальнікам музея”, – і, параўноўваючы музей з нованароджаным немаўляткам, дадаў: “Дзіця нарадзілася, зараз яго трэба выхоўваць, і яно будзе расці і развівацца”. А дзіця сапраўднае з’явілася на сцэне з музычнай шкатулкай. Ролю маленькай дачкі Міхала Клеафаса і Марыі дэ Неры Амеліі выдатна выканала другакласніца Залескай школы Мілана Кенька. Загучаў паланэз “Развітанне з Радзімай” з адчыненай шкатулкі, як сімвал пераемнасці культурных традыцый, высокага мастацтва, як знак адроджаных Паўночных Афінаў.

IMG_2240_новый размер

Нашчадак Міхала Клефаса Агінскага канцэртмайстар Познаньскай філармоніі Зыгмунд Зялінскі вітаў усіх словамі ўдзячнасці. І хоць звяртаўся да прысутных па-польску, дапамогі перакладчыка не спатрэбілася, бо мясцовы люд добра разумее мову суседняй краіны, да сяброўскіх стасункаў з якой заклікаў выступоўца. Далейшыя стасункі ладзіліся на мове музыкі. Ва ўнутраным дворыку сядзібы з канцэртнай праграмай выступіў Нацыянальны акадэмічны аркестр пад кіраўніцтвам М. Фінберга. Прыхільнікаў жывой музыкі і высокагустоўнага мастацтва не прагнаў нават дождж, толькі час ад часу, калі дождж мацнеў, над гледачамі раскрываліся хвалі парасонаў.

1_новый размер

Не змаўкала музыка ў музеі-сядзібе і на наступныя дні. А ў нядзелю ў праграме “Лісты пра музыку” ансамбля камернай музыкі “Класік-авангард” брала ўдзел віртуозная скрыпачка, нашчадак Агінскага ў шостым пакаленні Ганна Зялінская.

3_новый размер

Неабходна дадаць, што яе бацькі выступалі напярэдадні перад удзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі. Паколькі ёсць пэўныя складанасці з правозам праз мяжу музычнага інструмента, Зыгмунд Зялінскі прывёз запісы сваіх выступленняў. А Ганна і Лідзія арганізавалі невялічкі канцэрт, на якім пазнаѐмілі са сваімі творамі і з цікавым электра- акустычным напрамкам у музыцы. У гэтым кірунку піша музыку кампазітар Лідзія Зялінская. Пан Зыгмунд згадваў сваю маці, таленавітую піяністку і выкладчыцу музыкі, якая мае каля 200 вучняў і не спыняла навучанне нават падчас акупацыйнага рэжыму Польшчы. Сёння пані Ізабела Зялінская (у дзявоцтве Асташэўская) жыве ў невялічкім паселішчы пад Познаню і ў свае 105 гадоў яшчэ досыць актыўная і энергічная.

Ала СТРАШЫНСКАЯ

Фота аўтара

Каментаваць