Спадчына М. К. Агінскага ў культуры трох народаў

29.09.2015 18:55Views:
ава23 верасня ў Залессі на Смаргоншчыне распачалася міжнародная канферэнцыя “Спадчына М. К. Агінскага ў культуры трох народаў”. На працягу двух дзён знаўцаў гісторыі жыцця палітыка і прыхільнікаў  творчасці кампазітара сабраў у сваіх адноўленых залах музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага. Мадэратарам канферэнцыі стаў Ул. Р. Шчасны, былы старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА і пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі, дарадца-кансультант “Белгазпромбанка”.

У пачатку канферэнцыі з вітальным словам выступіла Алена Гуляева, загадчык аддзела устаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры РБ. Спадарыня Алена згадала пра кульмінацыю юбілейных мерапрыемстваў, прысвечаных М. К. Агінскаму, сказала пра аб’ядноўваючую ролю культуры і зачытала прывітальны ліст ад міністра культуры РБ Барыса Святлова.

DSC06927_новый размер

Галоўны рэдактар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліана Анцух распавяла пра новыя выданні, прысвечаныя роду Агінскіх і заўважыла, што апошнія два гады выдавецтва жыло побач з М. К. Агінскім. Былі перавыдадзены кнігі нашчадкаў кампазітара – Анджэя (“Час і музыка М. К. Агінскага”) ды Іво (“Ген М. К. Агінскага”) Залускіх, а таксама перакладзены з французскай мовы на рускую і выдадзены “Мемуары Міхала Клеафаса Агінскага”. Плануецца дапоўненае выданне мемуараў на беларускую мову.  Яшчэ ў 1997 годзе амбасадар Беларусі ў Вялікабрытаніі Уладзімір Шчасны пазнаёміўся з Іва Залускім, які тады выпусціў дыск твораў Агінскага, і звязаўся з выдавецтвам “Чатыры чвэрці”. Абедзве кнігі нашчадкаў утрымліваюць архіўныя дакументы, фатаграфіі, фрагменты перапіску...

DSC06942_новый размер

“Мемуары…” ж, безумоўна стануць неацэнным падарункам для даследчыкаў жыцця і творчасці іх аўтара. Прыемным і карысным падарункам стаў двухтомнік і для навуковых супрацоўнікаў музея-сядзібы ў Залессі. Прыжыццёвыя мемуары былі напісаныя Агінскім на французскай мове і ўбачылі свет у Парыжы ў 1826 годзе. Тут не толькі жыццё дыпламата і дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, музыканта і кампазітара, але і цікавыя звесткі пра значных гістарычных асоб таго часу.  Мемуары Міхаіла Клеафаса Агінскага выйдуць на рускай мове ўпершыню. Да гэтага яны выдаваліся на французскай, нямецкай, польскай і літоўскай мовах.

Загадчыца Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь і навуковы кіраўнік работ па стварэнні экспазіцыі музея-сядзібы ў Залессі Зінаіда Кучар павіншавала ўсіх з вялікай справай – правядзеннем музеефікацыі сядзібы Агінскага. З якіх крыніц стваралася экспазіцыя?

кучар_новый размер

- Перш-наперш – архіў М. К. Агінскага, вернуты ў 2008 годзе дзякуючы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА і яе тагачаснаму кіраўніку Ул. Р. Шчаснаму. Дакладней, былі вернуты з Маскоўскага архіва старажытных актаў электронныя копіі дакументаў і артэфактаў роду Агінскіх. У 1833 годзе сын Агінскага Ірэніўш увесь залескі архіў перадаў расейскаму імперскаму ўраду. Нераспакаваны, у васьмі куфрах ён захаваўся ў Расеі да нашага часу… Гэта 6 тысяч лістоў архіва.

Другая крыніца музеефікацыі – людзі, што дапамагалі адаптаваць архіў, даследваць нотныя рукапісы… Тут вялікі дзякуй Святлене Немагай і яе кнізе “Жыццё і творчасць Міхала Клеафаса Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя”. Агінскаму яна аддала столькі, што ацаніць немагчыма.

Наступная крыніца – копіі жывапісных партрэтаў М. К. Агінскага і яго сям’і, акружэння з музейных фондаў Польшчы, Літвы... Леанід Міхайлавіч Несцярчук, які вельмі нам дапамог. Ён даў дазвол выкарыстаць яго інтэлектуальную працу на карысць Агінскага.

Прадметы на часовае экспанаванаванне з фондаў іншых музеяў, з калекцый музеяў Рэспублікі Беларусь. Тут нам вельмі дапамог дырэктар Нясвіжскага музея-запаведніка Сяргей Міхайлавіч Клімаў…

Аналагі бытавых прадметаў 19 ст. згодна існуючых інвентароў, вырабленых у рамках рэстаўрацыі сядзібы. І аналагі тых прадметаў, якія мы знайшлі ў антыкварных крамах…

Што ж знаходзіцца ў архіве Міхала Клеафаса? Напрыклад, ліст Амеліі Агінскай да бацькі, датаваны 1822 годам… Рукапісы мемуараў Агінскага… Вельмі цікавы дакумент (там каля 150 ліставанняў) – перапіска Андрэя Агінскага і апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Бібліятэчны рэестр князя Андрэя Агінскага, складзены настаўнікам Міхала Клеафаса Жанам Ралеем. Ліставанне (Расіні, Радзівілы Леон і Алена, Кіслінг, Патоцкія, Даўгарукія, Соф’я Валконская, Марыя Варанцова, Адам Чартарыйскі, Галіцыны, Гарчаковы, Трубяцкія, Залускія, Мураўёў…). Шмат гаспадарчых папер залескага перыяду. Візітоўкі людзей, якія наведалі залескую сядзібу… Велізарная колькасць візітоўвак цудоўнай якасці! Цёплыя лісты дзяцей Міхала Клеафаса да бацькі і да маці ў той час, як яны ўсе разам жылі ў Залессі, лісты з пажаданнем добрай ночы, напрыклад.

Уладзімір Шчасны распавёў пра ролю ЮНЭСКА у аднаўленні музея-сядзібы М. К. Агінскага як арганізацыі-партнёра, што звяртае ўвагу на напрамкі дзейнасці, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам краіны і ў той жа час - мэтам і задачам дадзенай міжнародный арганізацыі.

шчасны

У выпадку зацікаўленасці краіны або рэгіёна ЮНЭСКА выдаткоўвае стартавыя фінансавыя сродкі са свайго даволі сціплага бюджэта, які можна параўнаць з бюджэтам невялікага амерыканскага універсітэта. Спадар Шчасны заўважыў, што, акрамя архітэктурнай аўтэнтыкі, ЮНЭСКА прапагандуе такое паняцце як “аўтэнтыка выкарыстання”. І выказаў спадзяванне, што сядзіба ў Залессі апраўдае сваю назву “Паўночныя Афіны”, дзе будзе адпачываць душа і гучаць класічная музыка.

Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко павітаў прысутных і заўважыў, што ўсім ім выпала важная місія – адзначэнне 250-гадовага юбілею М. К. Агінскага. Выказаў падзяку Міністэрству культуры ды Гродзенскаму аблвыканкаму за дапамогу ў правядзенні рэстаўрацыйных работ. І падзякаваў усім, хто звязаў сваё жыццё з іменем М. К. Агінскага.

DSC06976_новый размер

Святлена Немагай заўважыла, што М. К. Агінскі быў не толькі дыпламатам, палітыкам, музыкантам і кампазітарам, але таксама - ідэальным працадаўцам. І пры сваім жыцці, і ў наш час ён дае глебу для працы ды роздумаў і музыкам, і мастацтвазнаўцам, і гісторыкам, і музейшчыкам, і драматургам, і выдаўцам… І распавяла пра новую музычную спадчыну сям’і Агінскіх, знойдзеную у польскіх архівах:

-  Здаецца, музычная спадчына Агінскага была грунтоўна апісана яшчэ ў 1950-70-я гг. 20 ст., але апошнія дзесяць год выявілі шмат новага. Польскія гістарычныя і музычныя зборы захоўвалі такія рарытэты як марш фа мажор 1820 года, мазурку до мажор Агінскага, танцавальны альбом сям’і Агінскіх, які паходзіць менавіта з Залесся, а таксама некаторыя фартэпіянныя і вакальныя творы дзяцей Міхала Клеафаса Амеліі і Ірэніўша… Найбольш значная нотная калекцыя сям’і Агінскіх і Залускіх - рукапісы і старадрукі – захоўваецца ў Кракаўскай Ягелонскай бібліятэцы. Дадзеная калекцыя мае непасрэдную сувязь з Залессем, яна была набытая ў 1935 годзе Кракаўскім Ягелонскім універсітэтам у аднаго з нашчадкаў Міхала Клеафаса - Генрыха Высоцкага, які быў збіральнікам і складальнікам гэтай калекцыі. І менавіта на яе аснове ў 1962 годзе быў выпушчаны поўны збор рамансаў і песень Міхала Клеафаса. Асабліва цікавыя віленскія першадрукі паланэзаў князя.

немагай

 

Спадарыня Святлена не толькі распавядала пра новазнойдзеныя музычныя рарытэты сям’і Агінскіх, але таксама выканала некаторыя з іх. Напрыклад, марш, напісаны Міхалам Клеафасам перад ад’ездам з Залесся, зноўку прагучаў у сценах палаца… Як сумная рэфлексія палітыка, краіна якога перастала існаваць… А раманс Амеліі Агінскай “Я люблю ноч” паказаў атмасферу тых часоў у арыстакратычных колах.

Агульная колькасць твораў М. К. Агінскага набліжаецца да сямідзесяці…

Варшаўская калекцыя друкаваных нот, прадстаўленая ў нацыянальнай бібліятэцы. Дрэздэнскае выданне мазурак і вальса Агінскага. Лейпцыгскае выданне любімых паланэзаў кампазітара. Знойдзены сцэнар свята ў Залессі, прысвечанага імянінам М. К. Агінскага - 16 старонак польскамоўнага рукапісу. Рукапіс уяўляе сабой арыгінальны сцэнар свята ў маёнтку кампазітара. Празаічныя і вершаваныя выступленні персанажаў чаргаваліся з музычнымі нумарамі, але музычная частка, на жаль, згубілася. Свята праходзіла у 1815-1822 гг. на берагах става і лебядзінай выспе, да якой вёў драўляны масток. Персанажы былі досыць экзатычныя: капітан з матросамі, дзікія народы, еўрапейцы, просты люд, пастухі і пастушкі, стары рыбак, войт і нават негры… І ўсе яны віншавалі-праслаўлялі князя на працягу шасці сцэнаў.

Выдавец і ўладальніца кніжнага салона Ала Зміева прадставіла кнігу доктара гістарычных навук Рамунэ Шмігяльскітэ-Стукенэ “Міхал Клеафас Агінскі. Палітык, дыпламат, міністр (1786-1794)”.

Антанас Жылінскас з Літвы распавядаў пра сляды нашчадкаў М. К. Агінскага ў Паўднёвай Літве (Вейсяей, Лаздзіяй, Вілкавішкіс).

DSC06934_новый размер

Цікавай падзеяй першага дня канферэнцыі стала і прэзентацыя саліднага фаліянта - кнігі Леаніда Несцерчука “М. К. Агінскі. Ліцвін. Патрыёт.Творца” - самім аўтарам.

несцярчук

Прадстаўнік Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонда «Паўночныя Афіны М. К. Агінскага» Ала Шыцікава прэзентавала перавыданне паланэзаў М. К. Агінскага, якое ўдалося ажыццявіць пры дапамозе фонда “Новая Еўразія”.

шыцикава

Ала Мікалаеўна выказала спадзяванне, што дыск з 27 класічных паланэзаў у новым дызайне знойдзе сваіх прыхільнікаў і ў Беларусі, і па-за яе межамі ды падаравала яго ўсім удзельнікам навуковай канферэнцыі.

дыск

Фонд «Паўночныя Афіны М. К. Агінскага» хацеў бы аднавіць традыцыю святкавання дня народзінаў князя ў яго маёнтку ў тым выглядзе, як гэта было ў 1815-1822 гг. Распавяла спадарыня Шыцікава і пра іншыя цікавыя ідэі. Напрыклад, сумесна з літоўскім бокам правесці міжнародны пленэр мастакоў і моладзевы музычны фестываль на тэрыторыі музея-сядзібы М. К. Агінскага. Ёсць у фонда таксама ідэя аднавіць вядомыя ў свой час ліповыя алеі Агінскага, што ішлі ад палаца да самай шашы. Сумесна з музеем-сядзібай М. К. Агінскага ды Смаргонскім райвыканкамам Смаргонскі мясцовы дабрачынны фонд «Паўночныя Афіны М. К. Агінскага» ужо сёлета правёў першы баль у Паўночных Афінах і мае наперадзе шмат задумак, якія варта ажыццявіць на карысць землякоў.

Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі мелі магчымасць першымі ўбачыць экспазіцыю музея-сядзібы М. К. Агінскага.

1

2

3

4

Вечарам 23 верасня ўдзельнікі канферэнцыі і госці палаца маглі паглядзець п'есу "Паланэзы на вяртанне" Ул. Драздова ў выкананні акцёраў драматычнага тэатра горада Маладзечна.

IMG_5513_новый размер

“Віват Міхалу!” – так можна было б ахарактэрызаваць юбілейны 2015 год у Залессі на Смаргоншчыне.

Дар'я Ліс

Фота Тамары Ліс, Алы Шыцікавай, Алы Страшынскай і Галіны Мацюшэнка

p. s. Моманты другога дня міжнароднай канферэнцыі "Спадчына М. К. Агінскага ў культуры трох народаў"

22

222

2222

 

Каментаваць