Ад Вострай Брамы да касцёла Святых Янаў

22.09.2015 15:24Views:
Вильнюс_5Краязнаўца і даследчык спадчыны князёў Агінскіх Валерый Бурэнь сёння мае звесткі амаль пра сорак палацаў гэтага слыннага роду на тэрыторыях былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Гэта значна менш, чым у прадстаўнікоў іншага славутага роду – Тышкевічаў, якім належыла 99 палацаў. Такую дакладную лічбу паведамляюць аўтарытэтныя інфармацыйныя крыніцы. Чаму не сто палацаў? – запытаеце вы. А таму, што па тагачаснаму заканадаўству, калі магнат валодаў больш як сто маёнткамі, то падаткі на іх павялічваліся ў геаметрычнай прагрэсіі.

Некаторыя будынкі Агінскія набывалі, многа будавалі новых або перабудоўвалі. Найбольшая колькасць іх архітэктурнай спадчыны захавалася ў сучанай Літве, у старажытнай Вільні, куды і наведаліся беларускія падарожнікі, у тым ліку і супрацоўнікі музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага, што ў Залессі.

Наша падарожжа пачалося з наведвання могілак Росы – някропаля, дзе пахаваны многія славутыя беларускія віленчукі і тыя дзеячы, дзякуючы якім сучасныя беларусы маюць доступ да сваёй гістарычнай спадчыны. Недалёка ад уваходнай брамы магіла Чэслава Янкоўскага, паэта, перакладчыка, краязнаўцы, аўтара выдатнай манаграфіі “Ашмянскі павет”, у другім томе якой былі занатаваны звесткі пра Смаргоншчыну, у тым ліку згадваецца Міхал Клеафас Агінскі, размешчаны яго радавод і ноты знакамітага паланэза “Ля мінор”. Немагчыма было не аддаць даніну памяці чалавеку, які захаваў для нашчадкаў самае каштоўнае – памяць пра свой край і тых, хто яго ўслаўляў і спрыяў развіццю.

Літаральна ў двух кроках ад славутага летапісца пахаваны паэт, шчыры абаронца простага люду Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч). Дзеля таго, каб беларускі народ успомніў сваё мінулае і ўсвядоміў, што ён “гаспадар тутэйшай зямлі”, паэт звярнуўся ў сваёй творчасці да самабытнай культуры і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – краіны, пра наданне аўтаноміі якой клапаціліся ў свой час князі Агінскія.

Палац Агінскіх на Ўніверсітэцкай.

Палац Агінскіх на Ўніверсітэцкай.

Адлічваем пару крокаў угору і справа ад сцяжынкі бачым крутыя прыступкі, якія заканчваюцца помнікам вялікаму жывапісцу і кампазітару Мікалаюсу Чурлёнісу. Яго сучасныя літоўцы лічаць сваім, нягледзячы на тое, што слынны маэстра не ведаў літоўскай мовы, выхоўваўся на ўзорах польскай культуры, адукацыю атрымаў дзякуючы фінансавай падтрымцы Міхала-Мікалая Агінскага (унука аўтара знакамітага паланэза).

Пешаходная экскурсія па гістарычнай частцы Вільні пачынаецца ад Вострай Брамы — найважнейшага помніка гісторыі і архітэктуры Вільні, адзінай уцалелай брамы гарадской сцяны, якая захавалася з 16 ст. Побач з ёй капліца з цудадзейным абразам Маці Божай Вострабрамскай, Маці Міласэрнасці, якую лічаць святой як каталікі, так і праваслаўныя, беларусы, палякі, літоўцы.

Астранамічная абсерваторыя Віленскага ўніверсітэта.

Астранамічная абсерваторыя Віленскага ўніверсітэта.

У белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Радкі з багдановічава верша чытае Валерый Бурэнь, а за брамай экскурсію распачынае палячка Уршуля, вясёлая і экстравагантная, непрадказальная і рамантычная, набожная і лаяльная, як сама атмасфера Вільнюса – горада, у якім знітаваліся розныя культуры, мовы, праявы нацыянальнага і касмапалітычнага. Рухаючыся па Вострабрамскай вуліцы, мінаем касцёл Святой Тэрэсы, Святадухаў манастыр, паварот да Базыльянскіх муроў і прыпыняемся каля кароткай вуліцы Гетманскай, у канцы якой бачым цудоўны палац з элементамі тыповага Віленскага барока. Гэта адзін з палацаў гетмана ВКЛ Ігнація Агінскага, дзяржаўнага дзеяча, кашталяна віленскага.

Гісторыя сведчыць, што, каб мець магчымасць выязджаць са свайго палаца адразу на цэнтральную Вострабрамскую вуліцу, гаспадар скупіў усе будынкі і, разбурыўшы іх, праклаў брукаванку, якая намнога шырэйшая за вузкія вулкі старога горада і атрымала назву Гетманская. А ў самім палацы сёння размясціўся Моладзевы тэатр. Няма пакуль ніякіх сведчанняў пра тое, ці наведваў гэты будынак Міхал Клеафас, затое яго крокі дакладна памятаюць сцены дома на Дамінікану, 18. Франтон гэтага будынка і сёння ўпрыгожвае герб Нагурскіх. Як вядома, другая жонка Міхала Клеафаса Агінскага Марыя дэ Нэры была ўдавой графа Каэтана Нагурскага. Дом застаўся ёй у спадчыну.

Капліца Агінскіх у касцёле Св. Янаў.

Капліца Агінскіх у касцёле Св. Янаў.

Нейкі час перад ад’ездам у Італію там жыў гаспадар Залескіх Паўночных Афінаў. Пазней палац перайшоў у спадчыну яго сыну Ірэніўшу. Праўда, ёсць сведчанні, што сам Ірэніўш там не жыў, гаспадарыла там яго жонка Вольга, а пасля яе смерці будынак належыў унуку Міхала Клеафаса – Багдану Агінскаму. У 1914 годзе спадчыннікі прадалі будынак, і прозвішча Агінскіх знікае з аналаў гісторыі гэтага палаца.

Сённяшні Вільнюс багаты артэфактамі і ўспамінамі пра славуты род Агінскіх, якія любілі мастацтва, таму часта іх былыя палацы служаць музам. Так, палац Міхала Казіміжа Агінскага сёння даў прытулак факультэту тэатра і кіно Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра. У доміку для прыслугі яшчэ аднаго саліднага асабняка Агінскіх доўгі час былі гасцінічныя пакоі Саюза пісьменнікаў Літвы. Дарэчы, спыняліся там нашы славутыя Уладзімір Караткевіч і Адам Мальдзіс.
Яшчэ адна тэма нашай вандроўкі па Вільні – мецэнацтва князёў Агінскіх. Як вядома, і Міхал Клеафас, і яго нашчадкі шмат ахвяравалі на навуку, адукацыю, мастацтва. Яны падтрымлівалі матэрыяльна Віленскі ўніверсітэт. Каля яго галоўнага корпуса затрымліваемся надоўга. Асобная гутарка пра Эльжбэту Агінскую-Пузыну – жанчыну адукаваную, вялікую прыхільніцу навук.

Агінская стала заснавальніцай астранамічнай абсерваторыі пры Віленскай езуіцкай акадэміі і падтрымлівала яе матэрыяльна. У 1755 годзе на гэтыя мэты яна ахвяравала значныя сумы грошай, а ў 1766 г. уклала сродкі, працэнты з якіх у памеры 6000 злотых штогод пералічваліся на патрэбы акадэміі. Акрамя таго, яна ахвяравала 3000 злотых наяўнымі. Каб атрымаць гэтыя сумы, Э. Агінская-Пузына збыла свае маёнткі ў Сандамірскім ваяводстве. Грошы былі скарыстаны на закупку астранамічных прыладаў у Англіі. У Віленскай абсерваторыі захоўваюцца два партрэты Э. Агінскай-Пузыны: у маладым і сталым узросце, а над галоўным уваходам змешчаны барэльеф з яе партрэтам і манаграмай. Удзячнасцю пані Э. Агінскай стала ўвасабленне яе ў паэме Адама Міцкевіча „Пан Тадэвуш”. Адзін з герояў твора наступным чынам распавядаў пра гады свайго навучання ў Віленскай езуіцкай акадэміі:

На вулачках Вільні скрыпка гучыць.

На вулачках Вільні скрыпка гучыць.

…Я сам у курсе
Астранамічных ведаў быў у бурсе,
Галоўнай школы ў Вільні. Там за сродкі
Пузынінай багатай патрыёткі
Мы мелі тэлескоп (усе выдаткі
Былі збалансаваны за падаткі
З двухсот двароў халопскіх – з рук у рукі),
падтрымлівала пані храм навукі.

Жыхары Вільні заўжды ўшаноўвалі памяць пра сваіх уладароў і абаронцаў. Імем Агінскага яшчэ ў 1920-я гады названа вуліца ў прадмесці Антакальніс, якое вядома надзвычай прыгожым касцёлам Святых Пятра і Паўла. Ва ўніверсітэцкім касцёле Святых Янаў у добрым стане ўтрымліваецца капліца князёў Агінскіх, дзе пахаваны прашчур Тадэўш Агінскі.

Ала СТРАШЫНСКАЯ
Фота аўтара

Каментаваць


*