«Мы прыехалі на святое месца, дзе косці расстралянага бацькі»

20.09.2015 14:33Views:
kozel_pakleuskiАпошні са славутага роду Козелаў-Паклеўскіх, хто нарадзіўся на Вілейшчыне... Тут забілі яго бацьку, яму давялося ўцякаць у Вільню, дзе страціў вока, а пасля паехаў у Польшчу, і ў 83 гады не спыняе працу. Тадэвуш Козел-Паклеўскі гэтым летам наведаў родныя мясціны разам з усёй вялікай сям’ёй.

Ён не мог не прыехаць, таму што тут “святое месца”. Нягледзячы на тое, што паездка была няпростай фізічна.

– За два тыдні да выезду мне далі кардыёстымулятар. А за дзень я паўдня быў у бальніцы, каб зрабілі рэгуліроўку, але ўсё ж дазволілі ехаць, – усміхаецца Тадэвуш. – Я пачаў працаваць у лютым 1950 года, і цяпер працую, у 83 гады. Думаю, што яшчэ ёсць работы на некалькі год, яшчэ ўсё не закончыў. Самая лепшая фармакалогія – працаваць, не зніжаць дынаміку жыцця.

Аляксандр Манцэвіч, Тадэвуш Козел-Паклеўскі, адзін з нашчадкаў Тадэвуша.

Аляксандр Манцэвіч, Тадэвуш Козел-Паклеўскі, адзін з нашчадкаў Тадэвуша.

З таго часу, як сям’я Козелаў-Паклеўскіх з’ехала з Беларусі ў 1939-м, Тадэвуш упершыню вярнуўся ў 1997 годзе. Яго запрасілі калегі археолагі і гісторыкі, адзін з іх – Ігар Чарняўскі. Тады разам з сястрой ён паехаў у Людвінова, Кастыкі, Сэрвач, Касцяневічы – тыя мясціны, ад успамінаў пра якія шчымліва на душы.
Сямейную экскурсію зладзілі і па Сібіры. У горадзе Таліца нара­дзіўся бацька нашага суразмоўцы і яго браты. Там была вялікая вытворчасць Паклеўскіх (Тадэвуш дадае шэптам: “Яны гарэлку рабілі”). І вось сёлета прыехалі на Вілейшчыну вялікай сям’ёй.

kozel_pakleuski_2

Тадэвуш Козел-Паклеўскі. Фота Дзяніса Канецкага.

Страціў вока, але захаваў жыццё

У Польшчу Тадэвуш разам з сям’ёй – мамай, сёстрамі і братам – паехаў пасля Другой сусветнай вайны. Сям’я прыехала ў Лодзь як рэпатрыянты – палякі, якія вярнуліся на радзіму. Сёстры пайшлі ва ўніверсітэт, пасля паступілі і браты. Цяпер у жывых застаўся толькі Тадэвуш.

Падчас вайны сям’я жыла ў Вільні. Як сказаў суразмоўца, неабавязкова быць салдатам, каб цябе паранілі. У 1944 годзе падчас заняцця Вільні Чырвонай Арміяй адзін тыдзень у час Віленскай аперацыі былі баі. У ім Тадэвуша параніла. Страціў вока. Было вельмі цяжка ўсё жыццё пражыць з адным вокам.

Маёнтак у Кастыках. Фота забяспечана Дзянісам Канецкім.

Маёнтак у Кастыках. Фота забяспечана Дзянісам Канецкім.

Ці выжывалі, ці паміралі

Бацька Тадэвуша ра­зам з братамі нарадзіўся ў Сібіры.

– Пасля яны вярнуліся сюды. Бацька ажаніўся з Магдаленай Незабітоўскай з-пад Гродна. Яе брат Канстанцін жыў непадалёк ад Камены. Тут і засталася яго ўнучка. Яго, я думаю, забілі ў першы ж дзень, 17 верасня. Ён быў з другога, польскага боку рэчкі. Быў у двары з жонкай і дзецьмі. У другой гадзіне дня яго забралі на савецкі бок ракі, павялі, і больш ніхто ніколі не бачыў.

Сям’ю Козелаў-Паклеўскіх ад смерці ў 1939 годзе выратаваў выпадковы чалавек, камісар па Сэрвачы, Людвінова і Кастыках украінец Цімчук.

– Ён прыехаў да маёй маці і сказаў, што, па яго дадзеных, Вільня дастанецца Літве. Што гэта вялікі горад, ён раіць маці браць дзяцей і ехаць у Вільню. А ён дасць пропуск.

– Чаму ён дапамагаў?

– Такі быў чалавек, ён усім дапамагаў. У час вайны ўжо з германцамі ён быў палітруком у партызанскай брыга­дзе. А мой бацька быў раённым камендантам Вілейскай польскай канспіратыўнай арміі (Армія Краёва). Яны там пазнаёміліся ў гэты час. Былі людзі вельмі харошыя з абодвух бакоў.
Так мы паехалі цягніком ў Вільню ў кастрычніку 1939 года – мая маці і мы, пяцёра дзяцей.

Красавік 1940 года, вуліца Міцкевіча ў Вільні. Тадэвуш Козел-Паклеўскі з сынамі Тадэвушам і Здзіславам. Фота забяспечана Дзянісам Канецкім.

Красавік 1940 года, вуліца Міцкевіча ў Вільні. Тадэвуш Козел-Паклеўскі з сынамі Тадэвушам і Здзіславам. Фота забяспечана Дзянісам Канецкім.

Цімчук казаў – едзьце, бо тут жывымі не застаняцеся. Бацька ў той час быў мабілізаваны, у Вене намеснік камандзіра атрада аховы Віленскага ваеннага аэрадрома, аддзел Лідскага авіяцыйнага палка. Ён з гэтай ротай перад бальшавікамі сышоў з аэрапорта Парубанак ля Вільні да Гродна. Прабіўся праз Гродна на беларускі бок. Там быў інтэрніраваны – трапіў у лагер, адкуль нельга выходзіць. Уцёк з лагера і перажыў два месяцы ў адной сям’і. Пасля прыехаў у Вільню, таму што пачуў, што жонка з дзецьмі ў Вільні. Так сям’я вярнулася ў нармальны стан жыцця, але ненадоўга. У ліпені 1941 года ён вярнуўся ў Кастыкі. Мы засталіся ў Вільні, а ён застаўся тут. Прыняў ваенныя функцыі.

Збор коней у войска ў Вілейцы. Фота забяспечана Дзянісам Канецкім.

Збор коней у войска ў Вілейцы. Фота забяспечана Дзянісам Канецкім.

1 ліпеня 1942 года майго бацьку арыштавала гестапа ў Кастыках. Яго завезлі ў Вілейку ў турму. Быў дзевяць дзён у турме, а пасля яго расстралялі на турэмным пляцы. Думаю, ён на новых могілках у Вілейцы ляжыць пад гэтым камянём. Тут яго косці. Таму мы і прыязджаем сюды, да майго бацькі. Гэта наша святое месца.

Дзяцінства ў Кастыках

Тадэвуш і ў 83 гады памятае сваё дзяцінства ў Кастыках. Ён нара­дзіўся 16 студзеня 1932 года. Штодзень у іх быў адзін і той жа рытуал. Пасля сняданку ішлі вучыцца, а потым можна было пагуляць. Вельмі шмат часу праводзілі ў двары. Можна было ха­дзіць да жывёл: коней, кароў. Бацька вучыў ездзіць конна. Хадзілі па палях, на гумно. Уся зямля вакол Кастыкаў была ў распараджэнні іх дзіцячых забаў.

Юлія Козел-Паклеўская, бабуля Тадэвуша. Сэрвач 1938 года.

Юлія Козел-Паклеўская, бабуля Тадэвуша. Сэрвач 1938 года.

– Раз паспрабаваў араць, але ў мае восем год нічога не атрымалася, – смяецца мужчына. – Мы хадзілі ў лес, секлі дрэва, карчавалі пні. Крыху ведалі, як працаваць. Ужо ў Вільні былі зусім самастойныя. І сёстры, і я. Пасля мы з братам хадзілі на рынак, на зіму куплялі дровы. Пілавалі іх, секлі. Гэта была наша задача, маці такой справай не займалася. А таксама шмат вучыліся. Перад вайной прыязджала настаўніца, жыла ў нас і вучыла. Падчас вайны мы ўсе хадзілі ў школы. Я вучыў­ся ўвесь час, што былі ў Вільні.

Нацыянальнае пытанне

На пытанне, лічыць сябе беларусам ці палякам, Тадэвуш адказвае так:

– Я гавару і па-літоў­ску, дарэчы. Скажу так: я з Вялікага Княства. Напэўна, па маўленні, выхаванні я паляк, але я ведаю, што мая сям’я з каранямі беларускімі і літоўскімі. Паклеўскі – гэта з літоў­скай “пад клёнам”. Казёл – прозвішча абсалютна беларускае. Усе гэтыя краіны для мяне родныя – і Беларусь, дзе нарадзіўся і правёў дзяцінства, і Літва, дзе перажыў вайну, і Польшча, дзе стварыў сям’ю, стаўся як прафесіянал.

Слаўны род з сумнай гісторыяй

Тадэвуша прыцягвае Беларусь і тым, што яго продкі аддавалі жыццё за гэту краіну. Гэта кроў­ная сувязь на пралітай крыві.

Пяцёра братоў Козелаў-Паклеўскіх бралі ўдзел у паўстанні 1863 года Кастуся Каліноў­скага. Двое з іх загінулі ва Уладыках, двое трапілі ў палон. Дзед Тадэвуша, Юзаф Козел-Паклеўскі, пахаваны ў 1915 годзе ў Сібіры.

Як пісаў у сваім даследаванні Зміцер Хаценчык, Юзаф кіраваў канторай Таліцкіх заводаў, займаў шэраг пасад у Пермскай губерні. У яго было трое сыноў: Тадэвуш, Вінцэнт і Юзаф.

Герб роду Козелаў-Паклеўскіх. Фота забяспечана Дзянісам Канецкім.

Герб роду Козелаў-Паклеўскіх. Фота забяспечана Дзянісам Канецкім.

Пасля смерці бацькі дзеці вярнуліся ў Вялікі Сэрвач і падзялілі спадчыну. Старэйшы сын, Юзаф, атрымаў Вялікі Сэрвач, Вінцэнт – толькі пабудаванае Людвінова, з закладзенай у ім фермай серабрыстых ліс, а малодшы, Тадэвуш, атрымаў Кастыкі з вадзяным млыном.

З трох братоў натуральнай смерцю памёр толькі старэйшы Юзаф, у якога было пяцёра дзяцей, якія цяпер жывуць у Польшчы. Сярэдні брат Вінцэнт быў расстраляны НКВД у 1940 годзе ў лагеры польскіх ваеннапалонных у Казельску. Малодшы з братоў, Тадэвуш, бацька нашага суразмоўцы, быў расстраляны немцамі ў 1942 за ўдзел у Арміі Краёвай. Яго сын Тадэвуш – апошні з роду Козелаў-Паклеўскіх, народжаны ў Беларусі.

Вялікі Сэрвач – “раскіданае гняздо” Козелаў-Паклеўскіх

ЗОЯ ХРУЦКАЯ, "Рэгіянальная газета"

Каментаваць