Класічныя вечары ля Ратушы завяршыліся, налета будуць новыя

05.08.2015 21:33Views:
Zrzut ekranu 2015-08-3 o 16.47.47_article_minУ апошнюю класічную суботу ля менскай ратушы адзначылі 250-ты дзень народзінаў знакамітага кампазітара.

Ад класікі сусветнай у заключны вечар прыйшлі да беларускай. Са сцэны на плошчы Свабоды гучаў беларускамоўны канферанс. Ансамблі старадаўняй музыкі «Брэвiс» i «Кантабіле» нагадвалі, што дыпламат і мецэнат Міхал Клеафас Агінскі, апроч несмяротнага паланезу «Развітанне з радзімай», напісаў багата іншых твораў – у тым ліку вакальныя. Раманс «Ах, ці быў сэнс» спявачка Маргарыта Ляўчук выканала па-французску. Прасякнуцца прыгожай эпохай можна было таксама праз музыку настаўнікаў і вучняў Міхала Клеафаса.

ЯЎГЕН ВІДАНАЎ, МАСТАЦКІ КІРАЎНІК МУЗЫЧНАГА ДОМУ «КЛАСІКА»:

«Гэта ў прынцыпе музыка гарадской культуры. Агінскі не прафесійны кампазiтар, я не думаю, што тыя творы, якія мы сёння будзем выконваць, ён пісаў для вялікай сцэны, а якраз для гарадскіх баляў і вечарынак. І сёння ў гэтым жа антуражы, можа быць, нават упершыню за доўгія гады гэтая музыка зноў прагучыць».

Далучыцца да паланезу, вальсу, мазуркі або масонскага танцу «Вольныя муляры» мог любы ахвочы разам са шляхетнымі артыстамі. Праект «Класіка ля ратушы» на ўзор еўрапейскіх сталіцаў стаў сёлетнім эксперыментам фонду «Ідэя», і менчукі паспелі палюбіць музычныя суботы:

НАТАЛЛЯ КУЦАН, ДЫРЭКТАРКА ФОНДУ «ІДЭЯ»:

«У нас вельмі высокакультурны і вельмі адукаваны горад, і, напэўна, тысяч 30–40 чалавек да нас прыйшло за гэтыя чатыры суботы. І гэта вельмі прыгожыя людзі, і яны вельмі розныя. І рознага ўзросту, і рознага сацыяльнага статусу, напэўна, і розных захапленняў».

Арганізатары абяцаюць, што наступным летам на ратушную плошчу вернуцца і джаз, і класіка, а, магчыма, загучаць таксама рок, фольк ці нешта іншае – пакуль інтрыга не раскрываецца.

Іншыя тэмы: «Трубяцкі», «Серебряная свадьба» і «Drum Ecstasy» выступілі на фестывалі«Дружба». У Берліне працуе тэатр для эмігрантаў. У Японіі прайшоў відовішчны фестываль Нэбута.

Аляксандра Дорская, «Белсат»

Каментаваць