Ганаровая грамата партнёру

28.07.2015 15:46Views:
Члены праўлення Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” (злева направа): Генадзь БЫЧКО, Ала СТРАШЫНСКАЯ, Аляксандр СІНКЕВІЧ, Пётр ЮЖЫК, Уладзімір СІВУХА, Ала ШЫЦІКАВА, Галіна МАЦЮШЭНКА, Таццяна КЛЯШЧОНАК

Члены праўлення Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” (злева направа): Генадзь БЫЧКО, Ала СТРАШЫНСКАЯ, Аляксандр СІНКЕВІЧ, Пётр ЮЖЫК, Уладзімір СІВУХА, Ала ШЫЦІКАВА, Галіна МАЦЮШЭНКА, Таццяна КЛЯШЧОНАК

За час свайго існавання Смаргонскі мясцовы дабрачынны фонд «Паўночныя Афіны М. К. Агінскага» ініцыяваў і браў удзел у шматлікіх праектах, накіраваных на захаванне і папулярызацыю культурнай спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага, фарміраванне доўгатэрміновага супрацоўніцтва з міжнароднымі фондамі і арганізацыямі ў справе аднаўлення палацава-паркавага ансамбля сядзібы ў Залессі. Актывісты фонду ўнеслі свой уклад у падтрымку дзелавых і творчых ініцыятыў мясцовага насельніцтва дзеля рашэння сацыяльна-эканамічных і экалагічных задач раённага маштабу.

У чэрвені гэтага года ў Мінскай гарадской ратушы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і пераможцаў рэспубліканскага конкурсу, які ладзіцца Саюзам юрыдычных асоб сумесна з Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва і сталічным саюзам прадпрымальнікаў і работадаўцаў пры падтрымцы Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. Традыцыйна вызначаліся пераможцы ў намінацыях “Лепшы горад”, “Лепшы раён”, “Лепшая вобласць” для бізнесу Беларусі ў 2015 годзе.

На мерапрыемстве ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі былі ўзнагароджаны сябры і партнёры Саюза юрыдычных асоб і рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, якія ажыццяўляюць сацыяльна-культурную і дабрачынную дзейнасць. Сярод узнагароджаных і мясцовы дабрачынны фонд “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага”. За асабісты ўклад у папулярызацыю спадчыны славутага кампазітара і палітычнага дзеяча атрымаў сустаршыня праўлення фонду “Спадчына М. К. Агінскага” Уладзімір Сівуха.

Ала КЛЕМЯНОК, "СШ"

Каментаваць


*