Гімнастыка для розуму

25.07.2015 22:23Views:
tamara sakivichГазету ствараюць розныя спецыялісты. Да чытача даходзіць “прадукт” пазначаны прозвішчамі журналістаў. Але часта на газетных старонках можна пабачыць матэрыялы нашых нераўнадушных чытачоў з актыўнай грамадскай пазіцыяй, артыкулы, падпісаныя прафесіяналамі розных галін эканомікі або аматарамі рэальных вандровак і віртуальных краязнаўчых падарожжаў у мінулае, прыхільнікамі прыгожага слова. Журналіст не можа быць аднолькава дасведчаным у розных сферах, таму чым большы пазаштатны аўтарскі актыў, тым цікавейшая газета.

Сённяшнім матэрыялам пра Тамару САКОВІЧ мы распачынаем рубрыку, у якой будзем расказваць пра нашых самых цікавых і актыўных памочнікаў.

Тамара Саковіч, у дзявоцтве Заруба, — карэнная жыхарка Смаргоні. Карані яе радаводу глыбока замацаваліся на гэтай зямлі. Тут яна нарадзілася, вучылася ў сярэдняй школе №2, сюды вярнулася на працу, атрымаўшы дыплом філолага, пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладала рускую мову і літаратуру, працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе. Тут нарадзіліся тры яе дачкі і сын. Сын, ажаніўшыся, з’ехаў у Маскву, а дочкі засталіся на малой радзіме. Дзве працуюць, як некалі іх маці, выхавальнікамі ў дашкольных установах, трэцяя – юрыстам. Падрастаюць чацвёра ўнукаў, старэйшыя закончылі сёлета дзявяты клас.

Тамара Дзмітрыеўна лічыць сябе вялікай дамаседкай, таму і назве мікрараёна Карані, дзе цяпер жыве, надае асаблівае значэнне. Яна наогул усім словам надае пэўнае значэнне. Стаўленне да яго вялікасці Слова ў яе вельмі трапяткое, паважлівае, зацікаўленае. Любоў да чытання прывівала яшчэ яе маці, якая хоць і выкладала ў школе біялогію, але вельмі любіла чытаць, таму і ў дачкі абудзіла прагу ведаў, цікаўнасць да літаратуры. Прычым літаратуры рознажанравай, мастацкай, спецыяльнай.

На вуліцы Кастрычніцкай захаваўся бацькоўскі дом, дзе Тамара Дзмітрыеўна мае невялікі агарод. Гэта асаблівае месца для яе душы. А для розуму тут сапраўднае сховішча старых і новых слоў, бо ўсё, што атуляе яе звонку, і за што чапляецца вока жанчыны, можа стаць чарговай знаходкай пры стварэнні новага красворда. Так, Тамара Саковіч – наша пастаянная аўтарка, якую чытачы “Светлага шляху” ведаюць як стваральніцу цікавых адмысловых красвордаў. Амаль усе свае красворды Тамара Саковіч распачынае з аднаго слова. Адкуль яно бярэцца? Бывае па-рознаму. Нейкае слова можа зачапіць яе душу сваёй фанетыкай. Іншае – незвычайным правапісам або сэнсам, адваротным таму, пра што напачатку падумалася. Выбраўшы за аснову адно слова, аўтар уяўляе сабе яго месца ў канструкцыі і адначасова графічны малюнак усяго чарговага красворда. Іншыя словы “прырастаюць” да ключавога як галінкі дрэва і пачынаюць квітнець кожнае па-свойму, а для аўтара гэтай задачкі яны яшчэ і гучаць як сапраўдны аркестр.

На думку нашага канструктара красвордаў – гэты занятак, як гімнастыка для розуму. А любая гімнастыка, як вядома, спрыяе актывізацыі мазгавых цэнтраў, надае імпульс нейронам кары галаўнога мозгу і ў выніку падтрымлівае ў тонусе ўвесь арганізм. Навукоўцы даказалі, што рашэнне красвордных задач стымулюе мазгавую актыўнасць, замаруджвае працэсы старэння. Той, хто пастаянна трэніруе свой мозг, лягчэй спраўляецца з нядужасцямі розуму ў сталым узросце. А вось складаць красворды, пагадзіцеся, справа даволі карпатлівая і патрабуе вялікага слоўнікавага запасу, пастаяннага папаўнення лексікону, прычым актыўнага выкарыстання ўсіх слоў. Галоўныя памочнікі ў гэтай справе – слоўнікі, энцыклапедыі, спецыяльная даведачная літаратура. Нехта скажа, што можна проста скачаць з Інтэрнэта адпаведную праграму і “кляпаць” гэтыя красворды або сканворды сотнямі. Толькі гэта не для Тамары Дзмітрыеўны. Яе цікавіць найбольш сам працэс, які і задавальненне дае, і сапраўдны душэўны ўздым.

Самы першы складзены Тамарай Саковіч красворд некалі надрукавала газета “Праграма. Анекдоты. Красворды”. Затым яе творчасцю зацікавіліся “7 дней” і “Рэспубліка”. З некаторымі выданнямі яна працуе па дагаворы і сёння. Падыход розных рэдакцый і інтэлектуальны ўзровень чытачоў розных газет вымагаюць ставіцца да стварэння красвордаў адпаведна іх запытам. І гэта яшчэ адзін стымул, яшчэ адзін штуршок для азарту і для задаволенасці сваёй чарговай перамогай.

Наша газета з задавальненнем друкуе красворды Тамары Дзмітрыеўны, якая выдае іх “гарачанькімі” і амаль ніколі не паўтараецца. Гэту адметнасць заўважылі і нашы чытачы, якія высока ацанілі творчасць і высокую эрудыцыю аўтара.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "Светлы шлях"
Фота аўтара

Каментаваць