Рэха падземна-міннай вайны ў Першую Сусветную. Навасёлкі на Смаргоншчыне

29.06.2015 10:00Views:
smargonПазіцыйны характар Першай сусветнай вайны прывёў не толькі да выкарыстання новых відаў зброі, але ўзнавіў ранейшыя, вядомыя са старажытнасці, спосабы барацьбы. На франтах разгарнулася нябачная на паверхні падземная вайна з выкарыстаннем падкопаў, пракладваннем лабірынтаў тунэляў ці мінных галерэй, закладкай выбухоўкі і падрывам ўмацаванняў саперніка.

Барацьба з ворагам з-пад зямлі стала надзеяй на перамогу, але ёй не дадзена было спраўдзіцца. У пасляваенны час гісторыя такога спе­цыфічнага супрацьстаяння даволі грунтоўна была даследавана на заходнееўрапейскім тэатры дзеянняў і амаль цалкам выкрасленая на доўгія гады з гісторыі вайны ў нашым краі.

Яе маштаб на руска-германскім фронце сапраўды быў непараўнальны з падземна-міннай вайной на франтах саюзнікаў. Але гэта не падстава лічыць тыя мінулыя падзеі менш значнымі, тым больш забыць іх і страціць.

Многа цікавых старонак вайны пад зямлёй былі звязаныя з рэгіёнам і вартыя нашай ­удзячнай памяці.

get_img

get_img (1)

Першыя крокі па ўзнаўленні падзей мінна-падземных баталій зрабіла напрыканцы мінулага стагоддзя супра­цоў­ніца Смаргонскага краязнаўчага музея Надзея Маркава. У серыі публікацый пад назвай “На скрыжаванні ваенных віхур” Надзея Емельянаўна з дапамогай архіўных дакументаў паспрабавала ўзнавіць гісторыю барацьбы за “Залатую горку” пад Смаргонню.

Працягнуў і паглыбіў вывучэнне гэтай тэмы аўтарытэтны даследчык ваенных падзей у нашым краі Уладзімір Лігута. Вядомы калекцыянер рарытэтных ваенных фотаздымкаў і дакументаў Уладзімір Багданаў звярнуў увагу на матэрыялы нямецкага боку па тэматыцы і даў магчымасць пакарыстацца летапісамі нямецкіх фарміраванняў, якія ваявалі ў нашых мясцінах. Атрыманыя ў выніку пошуку новыя звесткі сёння могуць пашырыць нашы веды пра падземна-мінную вайну на Смаргоншчыне.

“Рускі нос”

Адна з першых па­д­земна-мінных атак, а магчыма, і самая першая, на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбылася на поўдзень ад Крэва, каля вёскі Навасёлкі. Упартая барацьба за мясцовы ўзгорак, які нямецкія картографы пазначылі на сваіх картах як “Рускі нос”, пача­лася з канца верасня 1915 года.

Справа ў тым, што лінія фронту ў гэтым месцы перакрэсліла раку Краўлянку, стратэгічны ўзгорак замацаваўся за рускай арміяй, а самі пазіцыі перайшлі на правы, заходні бераг ракі.

get_img (2)

Такім чынам утваралася вельмі небяспечная пагроза для немцаў. На працягу шасці месяцаў кайзераўцы беспаспяхова спрабавалі выбіць рускіх абаронцаў з вышыні. Зімой наступнага года яны змянілі тактыку, праклалі падземныя мінныя галерэі і 13 (26 па н.ст.) сакавіка 1916 года правялі свой першы падрыў міннага зараду на “Рускім носе”. Цалкам верагодна, што вядомы фотаздымак прапаршчыка Уладзіслава Паўлюкоўскага, дзе зафіксаваныя пацярпелыя ад разрыву дынаміту салдаты, мог быць зроблены ў час гэтай першай міннай атакі немцаў пад Навасёлкамі.

У сваю чаргу рускія сапёры 20 (02.04) сакавіка 1916 года правялі контрмінную атаку і ўзрывамі двух камуфлетаў, гэта значыць, выбухамі пад зямлёй зарадаў без стварэння варонак на паверхні, разбурылі падземную галерэю саперніка.

Больш за месяц немцы рыхтавалі новую падземную атаку і 27 (10.05) красавіка другі раз падарвалі мінны зарад на старым месцы. Па нямецкіх дадзеных, даўжыня варонкі ад паўторнага выбуху склала 30-40 метраў, а глыбіня дасягнула 10 метраў.

Героі бою

Рускі бок у адказ правёў дзве свае мінныя атакі 3(16) і 8(21) мая 1916 года. Пры гэтым варонка пашырылася да 50 метраў. Падрыў рускага міннага кало­дзежа ў гэтых мясцінах – магчыма, аднаго з апошніх – адбыўся 21(03.06) мая 1916 года.

У ваенным часопісе “Разведчикъ” падзея апісаная так: “У раёне на поў­дзень ад Крэва ў ноч на 21 мая намі быў узарваны мінны кало­дзеж. Пасля ўзрыву немцы, асвяціўшы ўтвораную варонку і адкрыў­шы агонь, перайшлі ў наступленне, якое было спыненае нашым агнём”.

Кожны раз пасля падрываў мінных зарадаў ішлі жорсткія баі за авалоданне і “вянчанне” варонкі. Удзельнічалі ў сутычках з нямецкага боку салдаты 333-га пяхотнага палка 89-й пяхотнай дывізіі, рускія пазіцыі абаранялі салдаты 191-га Ларга-Кагульскага палка 48-й пяхотнай дывізіі. Падземныя работы ў раёне Навасёлак выконвалі байцы 24-га сапёрнага батальёна пад камандаваннем палкоўніка Аляксея Андрэевіча Адо.

get_img (3)

За бліскучую арганізацыю як наступальнай, так і абарончай міннай вайны на гэтым участку фронту мужны афіцэр рускай арміі быў узнагароджаны Геор­гіеў­скай зброяй.

Вызначыўся ў час начнога бою 3(16) мая 1916 года пад Навасёлкамі падпаручнік 191-га пяхотнага Ларга-Кагульскага палка Мікалай Аляксандравіч Мельнікаў.
Загадам па арміі і флоце ён быў узнагароджаны Геор­гіеў­скай зброяй. Атрымаў за тое, што “пасля ўзрыву закладзенага сапёрамі горна, нягледзячы на знішчальны артылерыйскі, ружэйны і кулямётны агонь саперніка, кінуўся на чале 53-х ніжніх чыноў-ахвотнікаў да ўтворанай варонкі. Заняў яе, адбіў атаку ворага ружэйным агнём і ручнымі гранатамі з вялікімі для яго стратамі. А затым прыняў кіраванне сапёрамі і мінёрамі, якія прыбылі на падтрымку ўзводам пяхоты, выканаў вянчанне варонкі і ўтрымаў яе за сабою”.

Сціплы мемарыял

Па звестках, якімі падзяліўся ваенны гісторык Андрэй Каркотка з Вілейкі, сваіх загінулых таварышаў рускія салдаты хавалі на ваенных брацкіх могілках пры вёсцы Мікулеўшчына. У вайну там была пабудаваная капліца, якая, на жаль, не захавалася да нашага часу. Загінулыя нямецкія салдаты былі пахаваныя на вайсковых могілках у Барунах.

Напрыканцы мінулага года, у час наведвання слядоў, якія захаваліся ад тых далёкіх баталій пад Навасёлкамі, з цікавасцю была агледжаная шматпакутная варонка мінных атак.

get_img (4)

Па сённяшні дзень яна знаходзіцца ў някепскім стане, з цягам часу толькі амаль зніклі земляныя валы вакол яе, а распрацаванае поле падабралася да яе берагоў. Але больш за ўсё на тым месцы ўразіў сціплы мемарыяльны знак каля кратэра. Ім невядомыя рупліўцы пазначылі свае адносіны да былой падзеі.
На звычайным драўляным слупку з фрагментамі калючага дроту прымацаваная простая шыльдачка з надпісам па беларуску: “Тут у І сусветную вайну загінулі салдаты 191-га пяхотнага Лагра-Кагульскага палка. Вечная памяць”.

Не сапсавала настрой і блытаніна літар у назве палка, дзе замест Ларга напісана Лагра. Калі знаходзяцца неабыякавыя людзі і сваімі справамі шануюць мінулае – памяць будзе жыць!

УЛАДЗІМІР ПРЫХАЧ, "Рэгіянальная газета",

СМАРГОНЬ

Каментаваць