Сузор’е нашчадкаў маэстра

21.06.2015 20:14Views:
таццяна кляшчонакГэта сёння зварот “маэстра” гучыць з вялікай пашанай і надае гонару кампазітару. У даўнейшыя часы музыканты былі прыроўнены да прыслугі, таму прадстаўнікі вышэйшага саслоўя хоць і валодалі нотнай граматай, і музыцыравалі, і нават сачынялі музычныя творы, але асабліва не афішыравалі гэта. Можа таму і многія творы дайшлі да нас безназоўнымі або пад чужымі прозвішчамі. Што да Міхала Клеафаса Агінскага, то ён быў насамрэч прагрэсіўным чалавекам, які апярэдзіў свой час на стагоддзі гуманістычнымі перакананнямі.

Сведчыць пра гэта хоць бы яго ліст-наказ сыну Ірэніўшу, які збіраўся ад’язджаць на вучобу ў Італію. Зачытаў вытрымкі з гэтага паслання старшы навуковы супрацоўнік Залескага музея-сядзібы Васіль Грыбанаў, які часта праводзіць інсцэніраваныя экскурсіі ў ролі малодшага сына Міхала Клеафаса. Аднак, пра ўсё па парадку. Музейны работнік, асабліва экскурсавод, проста абавязаны быць яшчэ і акцёрам. Тым больш, калі ён працуе ў сядзібе, якую ператварылі ў музей. Стварэнню своеасаблівай атмасферы, дамашняй утульнасці спрыяюць інсцэніраваныя экскурсіі, для правядзення якіх гід часова пераапранаецца ў строй той эпохі і пераўвасабляецца ў гаспадара ці гаспадыню палаца.

У Залескім музеі экскурсантаў сустракаюць супрацоўнікі і ў ролі дзяцей славутага кампазітара. Так, галоўная захавальніца фондаў Аксана Скробат праводзіць экскурсіі ад імя Эммы Агінскай, экскурсавод Наталля Чудакоўская – ад імя Амеліі. А дырэктар гэтай цікавай установы Людміла Градзіцкая, як і мае быць, пераўвасабляецца ў Марыю дэ Нэры-Агінскую – жонку Міхала Клеафаса.

Нічога дзіўнага не было і ў тым, што на прэзентацыі гістарычных публікацый навуковага супрацоўніка музея-сядзібы Таццяны Кляшчонак, “музейшчыкі” пастараліся аздобіць чарговую імпрэзу тэатралізаванымі момантамі. Насычаны цікавымі гістарычнымі фактамі і для многіх невядомымі біяграфінымі звесткамі... Аповед Таццяна Іванаўна чаргавала з музычнымі нумарамі: ў запісе гучалі творы, напісаныя дочкамі Міхала Клеафаса Агінскага, “у жывую” спявалі польскамоўныя песні ўдзельнікі прэзентацыі.

Выдатныя вакальныя дадзеныя прадэманстравала і сама віноўніца ўрачыстасці. Прысутным была прапанавана экскурсія па палацу і парку. Жадаючыя маглі купіць цікавыя выданні Таццяны Кляшчонак пра род і нашчадкаў славутага палітычнага дзеяча, дыпламата, кампазітара.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, pisateli.by

Фота аўтара

Каментаваць