Манстэра «прапісалася» ў аранжарэі

19.06.2015 20:45Views:
манстэра ў маёнткуУ будынку падатковай інспекцыі нямала розных пакаёвых раслін. І не дзіўна, бо тут працуюць пераважна жанчыны. Сярод невялікіх вазонаў, размешчаных у кабінетах, быў адзін даволі ўнушальных памераў. Начальнік падатковай інспекцыі Ірына Карабінская ўзгадала, што ў нядаўна адкрытым музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі ёсць аранжарэя і патэлефанавала дырэктару гэтай установы Людміле Градзіцкай. Неўзабаве супрацоўнікі падатковай інспекцыі даставілі вазон-велікан у новае для яго месца.

— Агінскі вельмі ганарыўся сваімі аранжарэямі, — сказала Людміла Уладзіміраўна, – лічыў іх прыгажэйшымі за тыя, што ў Санкт-Пецярбургу. На сядзібе Міхала Клеафаса былі дзве аранжарэі. У іх раслі апельсінавыя, лімонныя дрэвы, магноліі, фінікавыя пальмы, а яшчэ экзатычныя кветкі. У адной з залаў ёсць нават арыгінальны малюнак Леанарда Ходзькі “Залессе на Літве, 1822 год”, на якім змешчана цяплярня, дзе вырошчвалі розныя расліны, а потым змяшчалі іх у аранжарэі.

Цяперашняя аранжарэя на сядзібе М. К. Агінскага складаецца з раслін, якія падарылі раённы выканаўчы камітэт, ураджэнец гэтых мясцінаў Пётр Южык, дырэктар мясцовага чыгуначнага магазіна, іншыя жыхары. Адзін толькі вазон куплены. І купіла яго дырэктар музея-сядзібы М. К. Агінскага Людміла Градзіцкая за заробленыя на гэтай пасадзе грошы.

Загадчык музейна-сядзібнай гаспадаркі і па сумяшчальніцтве аграном Уладзіслаў Юшкевіч выпісаў у нейкай краіне туберужы. Яны прыжыліся ў аранжарэі і неўзабаве зацвітуць. А яшчэ тут растуць перцы, памідоры. Так было і пры Агінскім. У спякотныя дні памідоры нават выносілі на двор. І цяпер мы іх не ўбачылі ў памяшканні. Людміла Уладзіміраўна нават пачала хвалявацца, але потым заўважыла гаршкі з памідорамі за аранжарэяй і супакоілася. У дачнікаў-агароднікаў памідоры толькі пачнуць цвісці, а тут на кустах ужо чырвоныя плады. Люд-міла Градзіцкая паведаміла, што сёлета нават прадавалі вырашчаную ў аранжарэі расаду.

На сядзібе высаджаны кветкі. Іх прывезлі сюды работнікі залескай школы, мясцовыя жыхары і гараджане. Кветкі раслі тут і пры Агінскім, у асноўным вяргіні, туберужы, флоксы. Захавалася з таго часу і высокае прыгожае месца, дзе калісьці стаяў домік. Яно знахо-дзіцца непадалёку ад аранжарэі. Унізе – лагчынка, па якой дачка Міхала Клеафаса Амелія вадзіла на ланцужку мядзведзяня. Яго прынёс дамоў гаспадар ся-дзібы, бо мядзведзіца загінула. Потым мядзведзя аддалі ў смаргонскую “мядзведжую акадэмію”.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ, "Светлы шлях"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць