Хросная дачка Астрыд Ліндгрэн

03.06.2015 17:02Views:
Астрид1-300x200Казачніца Алена Масла – часты госць дзіцячых аўдыторый. На мінулым тыдні яна наведала Залескую школу. Правяла там два ўрокі – для пачаткоўцаў і падлеткаў. І была цікавай для кожнага вучня. Як і для чытача, які бярэ ў рукі яе кнігі.

“Хочацца пазітыву!”

Пісьменніца нарадзілася ў вёсцы Мілашова, што на Віцебшчыне, у сям’і настаўнікаў-філолагаў. У дзяцінстве была гарэзай, непаседай, вялікай выдумшчыцай і летуценніцай. З дзяцінства марыла стаць журналісткай. У дзесяцігадовым узросце ўпершыню надрукавала свае казкі ў раёнцы.

Пазней скончыла журфак БДУ і працавала ў розных выданнях, у тым ліку дзіцячых. А вось вядомасць у Беларусі і за яе межамі ёй прынеслі… казкі. Яе першая кніга казак пабачыла свет у 2005 годзе. Цяпер на рахунку Алены Сцяпанаўны – 7 кніг (калі лічыць перавыданні). У адзін са зборнікаў увайшлі два творы, якія казачніца напісала ў дзяцінстве. “Раней у сваіх казках я старался нейкія праблемы паказаць. А цяпер мне хочацца пісаць весела. Хочацца больш пазітыву і хочацца ствараць пазітыў!” – вось так коратка пісьменніца ахарактарызавала асабістыя творы.

Сваёй хроснай у творчасці Алена Масла лічыць Астрыд Ліндгрэн. Пасля наведвання Швецыі ў яе засталося шмат уражанняў, але найбольш уразіла тое, што Швецыю без перабольшвання можна назваць імперыяй Астрыд Ліндгрэн, настолькі гэту пісьменніцу любяць, выхоўваюць дзяцей на яе казках.
Алена не ведала пра няпросты творчы лёс шведскай пісьменніцы. Аказалася, сваю першую кнігу яна напісала ў 37 гадоў. “У той момант я ўсвядоміла, натхніўшыся прыкладам Астрыд Ліндгрэн, што ніколі не позна пачынаць. Гэты ўрок можна было і ў іншым месцы атрымаць, але ў мяне вось так адбылося”, — зазначае Алена Сцяпанаўна.

У 2007 годзе творчасць Алены Масла была адзначана Пасведчаннем чытацкіх сімпатый па выніках конкурсу водгукаў “Лепшая беларуская кніга” (яго ладзіла Беларуская бібліятэчная асацыяцыя). У 2010 годзе пісьменніца стала лаўрэатам літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” у намінацыі дзіцячая літаратура. І гэта далёка не ўсе рэгаліі, якімі пісьменніца можа пахваліцца.

Лялькі і божы кароўнік

На мой погляд, галоўная “рэгалія” казачніцы – гэта вялікая цікавасць і любоў да творчасці не толькі беларускіх дзетак. Яе казкі перакладзены на рускую, украінскую, сербскую, а таксама на мовы краін Сярэдняй Азіі. Там яны таксама знайшлі водгук у дзіцячых душах. Дый і не толькі дзіцячых. Бо хто ведае адказ на пытанне: “Як знайсці мяжу паміж дзіцячай і дарослай казкай?”

Сама аўтарка не ведае. “Казка для мяне – не тое, што проста прыдумваецца, — кажа яна.- Гэта тое, што збіраецца па жыцці, у жыццёвых абставінах, спее ў душы і сэрцы, а пасля проста ў казачных вобразах выходзіць на паперу. Адпаведна, я не магу для сябе асабіста дзяліць казкі на дарослыя і дзіцячыя”.

А яшчэ аўтарка расказала пра свае калекцыі: “Калі выйшла мая кніга “Вандроўка з божымі кароўкамі”, мне пачалі дарыць гэтых насякомых. Яны ўсе жывуць у нашай кватэры. Іх ужо больш за трыста. Мне здаецца, у наш дом яны прыносяць атмасферу казачнасці. Калі да нас у госці хтосьці трапляе ўпершыню, дзівіцца:”Ой, а што гэта ў вас?”. “Гэта мамін божы кароўнік”, — жартуюць дзеці. Родныя паблажліва ставяцца да маіх захапленняў. Не кожны мог бы вытрымаць, калі хтосьці побач калекцыяніруе столькі розных істотаў. Да таго ж у мяне ёсць яшчэ адна калекцыя. Гэта нядаўняе хобі, якое пачалося пасля наведвання лялечнай выставы. Я стала ствараць лялькі – абрадавыя, гульнёвыя, абярэжныя”.

Не толькі дзецям, але і дарослым было цікава на “казачным” уроку. Алена Сцяпанаўна яшчэ звярнула ўвагу на тое, як важна разумець, што без сваіх каранёў жыць немагчыма. Як важна ведаць сваю родную мову, гісторыю і культуру. Шчаслівыя тыя людзі, якім перадаецца гэта разуменне з ранняга дзяцінства.
Напрыканцы сустрэчы пісьменніца пахваліла дзяцей за тое, што яны ведаюць значэнне беларускіх слоў. А таксама іх настаўнікаў – за любоў і апантанасць да той справы, якой яны займаюцца.

Цяпер Алена Масла выкладае ў Інстытуце журналістыкі БДУ, адначасова вучыцца тут у аспірантуры. Як зазначыла казачніца, вучыцца ніколі не позна. Як і пісаць казкі. А тым больш іх чытаць.

Галіна АНТОНАВА, "Светлы шлях"
Фота аўтара

Каментаваць