Школьнікі-навукоўцы з Залесся

27.05.2015 13:47Views:
ава19 мая ў гімназіі г. Смаргоні прайшла VIІІ раённая навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў і педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Наша школа на працягу некалькіх гадоў у ліку пастаянных ўдзельнікаў. У тым, што даследчая праца насамрэч цікавая для вучняў, упэўнілася на асабістым вопыце: у гэтым годзе са мной на голым энтузіязме і цікавасці актыўна працавалі дзве дзяўчынкі, Смельцова Ларыса і Баран Ала.

Чаму на голым? Ды таму што мову і літаратуру ў іх выкладае мая калега, стымуляваць да дзейнасці адзнакамі (як скажуць некаторыя скептыкі) у мяне не было магчымасці. Сустрэчы-кансультацыі наладжвалі ў суботу, сустракаліся пасля ўрокаў.

З Ларысай і Алай працавалася лёгка, прыемна. Відаць, многае сышлося: нашы характары, жаданне спасцігаць новае і, галоўнае, тэма была выбрана ўдала. Спрэчак, чыю творчасць мы будзем даследаваць, не ўзнікала, таму што мы адзінадушна знаходзіліся пад уражаннем ад спектакля “Калядны вечар”, пастаўленага паводле аднайменнага апавядання.

сустрэча з нінай рыбік

Спектакль мы глядзелі на Дзень роднай мовы ў мінулым годзе, але сюжэт і надзённасць узнятай праблемы не забываюцца. Натуральна, што пасля прагляду хацелася прачытаць апавяданне. Заўважылі адметнаць твора – шырокае ўжыванне ў ім парцэляваных канструкцый. Вырашылі даследаваць іх функцыянальнасць.

Праца атрымалася грунтоўнай. Для таго, каб быць упэўненымі ў правільнасці зробленых высноў, была наладжана сустрэча-кансультацыя з аўтарам. Ніна Аляксееўна вылучыла для нас час у сваім напружаным рабочым графіку, за што мы ёй шчыра ўдзячныя. Пісьменніца дапамагла скарэктаваць высновы, хоць мы, прызнацца, самі вельмі стараліся добра зрабіць работу, каб не было сорамна перад аўтарам.

Агульныя намаганні прывялі да поспеху – у нас другое месца сярод пятнаццаці годных і вартых увагі работ. Дзяўчынкі задаволеныя, гэта іх удалы дэбют у навукова-практычнай канферэнцыі.

Святлана Ізафатава,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Залескага яслі-сада – сярэдняй школы

Каментаваць