«Агінскі — без межаў»

22.05.2015 15:33Views:
конкурсМіжнародны конкурс дзіцячага малюнка з такой назвай стартаваў у Беларусі. Яго тэма — «Музыка і жыццё Міхала Клеафаса Агінскага».

На конкурс прымаюцца жывапісныя і графічныя малюнкі, якія адлюстроўваюць аўтарскую ідэю, прысвечаную найбольш яркім і цікавым старонкам жыцця Міхала Клеафаса Агінскага, яго музыцы, актуальным пытанням творчасці, багаццю ўнутранага свету і ўнікальным рысам характару.

Малюнак (малюнкі) павінен суправаджацца кароткім тэкставым апісаннем аўтарскай ідэі. У конкурсе могуць прыняць удзел дзеці да 18 гадоў, што навучаюцца ў агульнаадукацыйных установах, установах дадатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі, выхаванцы дзіцячых дамоў і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Мэтай конкурсу з’яўляецца не толькі актывізацыя творчых здольнасцей дзяцей, але і фарміраванне паважлівага стаўлення да спадчыны сваёй краіны, яе захавання і адраджэння.

Грамадская арганізацыя «Ротары-клуб «Мінск» сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў чакаюць працы юных аўтараў да 30 чэрвеня. Ацэньваць дзіцячыя работы будзе міжнароднае журы з прадстаўнікоў трох краін: Беларусі, Літвы і Польшчы. Усе канкурсанты маюць магчымасць выйграць цудоўныя прызы, а найлепшыя 20 удзельнікаў конкурсу змогуць наведаць месцы, дзе нарадзіўся і жыў Міхал Клеафас Агінскі.

Усю інфармацыю пра конкурс можна знайсці на сайце оgіnskі.bу або на афіцыйных старонках конкурсу ў сацыяльных сетках: fасеbооk.соm/оgіnskіbу, vk.соm/оgіnskіbу. Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца ў жніўні.

Надзея НІКАЛАЕВА, "Звязда"

Каментаваць