Час стваральных перамен

04.05.2015 23:14Views:
янецАнатоль Анатольевіч ЯНЕЦ, старшыня Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта з кастрычніка 1987 па люты 1995 г.
— Кажуць, што найгоршае кітайскае пракляцце гучыць прыкладна так: каб табе жыць у часы вялікіх перамен! Аднак, як высветлілася, спецыялісты па Кітаю, ды і самі кітайцы, пра гэты выраз даведаліся ад еўрапейцаў. А Бенджамін Франклін у сваім альманаху пісаў: “Шчаслівы той народ і блаславенны той век, гісторыя якога незаймальная”. Што да нашага народа, то для яго часы вялікіх і “займальных” перамен, здаецца, ніколі не канчаюцца. Хаця бываюць крытычныя моманты, падчас якіх сапраўды пашкадуеш, што нарадзіўся ў гэту эпоху.

Я ніколі не лічыў сябе схільным да бязглуздых прыгод і авантур, таму эпоху развалу СССР, у якую мне і давялося ўзначаліць раённую ўладу, успрымаў з пэўнай доляй трывогі. І хоць не падабалася становішча няпэўнасці, неакрэсленасці, нават небяспечнасці, сёння я разумею, што тыя часы былі своеасаблівай лакмусавай паперкай, якая выяўляла людскія якасці і хібы існуючай сістэмы.

З цягам часу пачынаеш многае разумець і цаніць тых людзей, якія, не звяртаючы ўвагу ні на якія праблемы і перашкоды, рабілі сваю справу, выконвалі годна свой службовы абавязак. Дзякуючы такім людзям нашаму раёну ўдалося ў самых неспрыяльных умовах так званых ліхіх 90-х утрымаць сітуацыю пад кантролем, не дапусціць крытычнага абвалу эканомікі. Нягледзячы на ўзрушэнні, на адсутнасць энерганасычанай тэхнікі, працавала сельскагаспадарчая галіна, адкрываліся новыя перспектывы для яе, будаваліся і рэканструяваліся фермы. Людзі працавалі вартасна, часам на голым энтузіязме.

З удзячнасцю і пашанай хачу прыгадаць у сувязі з гэтым тагачасных кіраўнікоў сельгаспрад-прыемстваў: Мікалая Карэлу, Авеніра Шчаснага, Эдуарда Тамукевіча, Расціслава Гайдукевіча, Валянціна Васюкевіча, Мадэста Кабака, Аляксандра Аўласенку, Антона Клышэвіча, Аляксея Крайняга, Рыгора Вайду. Добрым словам згадваю сёння Івана Адарэйку, Уладзіміра Супрона, Мікалая Шыша. Менавіта ў тыя гады пачалася маштабная газіфікацыя раёна. Нам удалося пабудаваць новыя дарогі, заасфальтаваць шмат кіламетраў дарожнага палатна да Жодзішак, Вішнева, Крэва. А колькі добраўпарадкавалі вуліц у сельскай мясцовасці! Стараліся не зніжаць тэмпы будаўніцтва жылля на вёсцы, бо разумелі, што ў той няпростай сітуацыі трэба было ўтрымаць моладзь ад пераезду ў горад. Рабочыя рукі вельмі патрэбны былі. Вялося будаўніцтва жылля для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны.

Выканкам і кіраўнікі прадпрыемстваў актыўна падключыліся да адраджэння гісторыка-культурнай і архітэктурнай спадчыны нашага краю. Адбываліся глабальныя перамены ў свядомасці людзей. Адным з першых мы вярнулі вернікам Данюшаўскі касцёл. Нанова створаныя царкоўныя і касцельныя саветы актыўна ўзаемадзейнічалі з мясцовымі ўладамі па вяртанню іншых храмаў і маёмасці. У той час былі пабудаваны касцёлы ў Крэве і Аславенятах, царква ў Рацавічах. З гонарам магу канстатаваць, што прыклаў руку і да стварэння музея-сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. На вялікі жаль, не атрымалася тады заняцца рэстаўрацыяй сядзібы Агінскага ў Залессі. Але са сваімі памочнікамі мы здолелі яе зберагчы да лепшых часоў, што таксама немалаважна.

Вырашэнню многіх праблем спрыяла тое, што я быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Хоць, зразумела, што сам статус без адпаведных дзеянняў і намаганняў мала чаго варты. Разам з тым пытанні фінансавання і падтрымкі многіх нашых праектаў удавалася вырашаць, дзякуючы разуменню і салідарнасці асобных дэпутатаў Вярхоўнага Савета і кіраўнікоў адпаведных ведамстваў, з якімі скрыжоўваліся шляхі-дарогі на так званай палітычнай арэне. Цёплыя ўспаміны захаваліся ў маёй душы і пра дэпутатаў мясцовых саветаў, супрацоўнікаў райвыканкама і яго структур. Немагчыма ўявіць той час без выдатнага галоўнага ўрача Івана Чарныша, дырэктара лясгаса Аляксандра Пахомава, начальніка РАУС Дзмітрыя Казакевіча, актыўных і ініцыятыўных старшынь сельсаветаў, асабліва гэта тычыцца Людмілы Карней і Зінаіды Ігнатовіч.

З вялікай удзячнасцю я заўжды ўспамінаю сваіх галоўных настаўнікаў па жыцці, былых старшынь калгасаў: «Светлы шлях» — Міхаіла Крутаўцова, «Дружба народаў» — Мікалая Мазалітава, імя Калініна — Пятра Кукарэку і аграрыяў з Кушлянаў, дзе я сам працаваў пэўны час кіраўніком гаспадаркі. Добрасумленныя, дбайныя, працавітыя вяскоўцы зрабілі вялікі ўнёсак у тое, каб наш раён і сёння меў добры падмурак у сельгасвытворчасці.

"Светлы шлях", Да 75-годдзя ўтварэння Смаргонскага раёна

Каментаваць