З чым не хацеў развітвацца Агінскі?

28.04.2015 13:00Views:
vytokiАдказ на гэтае і іншыя пытанні наконт знакавай для Беларусі асобы пастараюцца даць арганізатары фестывалю «Год Агінскага ў Залессі». Фестываль будзе доўжыцца ўвесь юбілейны год Міхала Клеафаса Агінскага, а яму сёлета 250 гадоў. Сядзібе ў Залессі, што на Смаргоншчыне, роўна 200, і яна пачынае жыць пасля рэстаўрацыі. Яшчэ адна падстава напоўніць жыццём гэтае месца, дзе калісьці нараджаліся ідэі, у тым ліку творчыя — сям’я была вельмі таленавітая, а рухавіком з’яўляўся, вядома, гаспадар. Гэта тое, што мы ведаем. А чаго не ведаем, нам раскажуць, таму што фестываль будзе складацца з канцэртаў-лекцый, падчас якіх нам пастараюцца раскрыць гэтую фантастычную асобу.

…Уявіце: гучыць паланэз Ля мінор (вядомы як «Развітанне з Радзімай»). Напэўна, гаспадар, з’язджаючы з Залесся, у карэце запісвае ноты мелодыі, якая нараджаецца ў скрусе. Прыгожая легенда. А цяпер варта ведаць: гэта ўсяго толькі легенда. Таму што самая апантаная даследчыца творчасці Міхала Клеафаса Агінскага Святлена Немагай дакапалася да праўды. Самы вядомы паланэз быў напісаны Агінскім напрыканцы жыцця ў Фларэнцыі і быў магчымым водгукам на паўстанне 1830—1831 гадоў. Ён адсочваў падзеі, што адбываліся на яго Радзіме. Калі раней ён цешыў сябе ілюзіямі, звязанымі з Аляксандрам, з Напалеонам, у розныя бакі кідаўся, каб можна было абараніць інтарэсы былых зямель ВКЛ, то цяпер зразумеў, што надышло рэальнае «развітанне з Радзімай». Таму ў музыцы гучаць шчымлівыя ноткі, без надзеі на вяртанне, аднак ёсць і мажорная частка, дзе усё ж жыве рыцарскі дух…

— Мы для сябе адкрываем новыя глыбіні, новыя сэнсы гэтай настолькі вядомай музыкі, — прызнаецца адзін з арганізатараў фестывалю, яго мастацкі кіраўнік, дырыжор і музыкант, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў. — Агінскі — наогул унікальная асоба ў нашай гісторыі і культуры, таму што праз яго творчасць блішчаць іскрынкі геніяльнасці. Вытанчаны, рафініраваны інтэлігент, інтэлектуал і арыстакрат паўстае яркай асобай сярод прадстаўнікоў нашай культуры яшчэ вялікакняскага і поствялікакняскага часу, якія займаліся не толькі дзяржаўнай дзейнасцю, але і творчасцю на высокім мастацкім узроўні, хоць падкрэслівалі, што з’яўляюцца аматарамі. Далікатная сціпласць, але ў той жа час вельмі прафесійныя праявы ў творчасці. На фоне больш пышных інструментовак (зробленых прафесіяналамі), арыгіналы могуць падавацца больш простымі. Але калі мы кранаем гэтыя старонкі падчас працы і паглыбляемся ў яго творчасць, то заўважаем, што неверагодная меладыйнасць уласціва яго творчасці. Нехта выводзіць сувязь з каранямі беларускага народнага меласу, нехта кажа, што гэта цалкам праява арыстакратычнай культуры. Факт у тым, што мы маем справу з арыгінальным, непаўторным, унікальным талентам.

— Ці ўсё мы ведаем пра Агінскага-кампазітара і кола людзей, якія на яго ўплывалі?

— Дзякуючы даследаванням нашых музыколагаў — прафесара, доктара мастацтвазнаўства Вольгі Дадзіёмавай і кандыдата мастацтвазнаўства Святлены Немагай — стала больш зразумелай эпоха Агінскага наогул. Але пашыраецца і колькасць вядомых твораў, аўтарам якіх быў Міхал Клеафас Агінскі. Святлена адкрывае ў архівах творы, што на 2 стагоддзі патанулі ў сховішчах — у Маскве, Кракаве і іншых краінах. Знайшліся новыя маршы (было вядома 3, цяпер 5), рамансы. Акрамя таго, знаходзяцца творы іншых Агінскіх (род вельмі плённа папрацаваў на мастацкай глебе). Мне ўдалося знайсці санату для фагота Караля Агінскага — загадкавая асоба, вартая дэтэктыўнай гісторыі, якую мы раскрыем падчас фестывальных канцэртаў.

Музычнай сенсацыяй будзе першае выкананне ў Беларусі канцэрта для фартэпіяна Вёльфеля. Гэта сучаснік і ў пэўным сэнсе настаўнік Агінскага, яго прыдворны музыка. Вучань Леапольда Моцарта і сучаснік вялікага кампазітара Вольфганга Амадэя Моцарта. Наогул, эпоха Моцарта — гэта эпоха Агінскага і наадварот. Піяніст Юрый Бліноў будзе салістам і ў юбілейны дзень 25 верасня ў канцэрце, што запланаваны ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Будуць гучаць творы настаўніка Агінскага Восіпа Казлоўскага, кампазітара беларускага паходжання, які стаў першым кампазітарам Расійскай імперыі, быў дырэктарам імператарскіх тэатраў, аўтарам аднаго з дзяржаўных гімнаў у гісторыі Расіі. А колькі ён зрабіў у Польшчы! Фактычна працаваў адразу на тры культуры. Некаторыя творы прагучаць упершыню. Музычныя скарбы прадставіць і «Беларуская капэла», якой кіруе легендарны спявак і выдатны даследчык Віктар Скарабагатаў. Насамрэч, мы задумвалі фестываль розных поглядаў на Агінскага. Але хочацца прадставіць і ўвесь таленавіты род. З нашчадкаў Міхала Клеафаса дарагім госцем будзе піяніст Іва Залускі, ён прапануе свае інтэрпрэтацыі музыкі Агінскага і зробіць гэта ў выключным арыстакратычным ключы.

— Большасць канцэртаў усё ж запланавана ў Залессі. Што з твораў, натхнёных гэтай сядзібай, можа прывабіць?

— Тыя творы, якія непасрэдна там пісаліся: танцы, паланэзы, кадрылі, мазуркі, менуэты. Тыя творы, што былі папулярнымі і іграліся тады, у гэтым палацы, у сямейным і сяброўскім коле. Якраз 200 гадоў таму завяршылася будаўніцтва палаца, таму што дагэтуль сям’я жыла ў драўляным, яшчэ барочным, які стаяў побач. Сімвалічна, што сёлета завяршаецца рэстаўрацыя Залесся і сядзіба напаўняецца экспанатамі, прычым яны спецыяльна закупляюцца на аўкцыёнах. Навуковым кіраўніком афармлення музея з’яўляецца Зінаіда Кучар, дырэктар Дзяржаўнага музея музычнай і тэатральнай культуры, у супрацоўніцтве з якім арганізаваны фэст, у тым ліку каб пазнаёміць з новай экспазіцыяй. Хочацца, каб у юбілейны год палац напоўніўся не толькі экспанатамі, але і музыкай. Таму адна з мэт фестывалю — разам з папулярызацыяй імя і спадчыны Агінскага для зацікаўленых гісторыяй і краязнаўствам людзей прадставіць Залессе як музычны, мастацкі, элітарны культурны цэнтр, як гэта было ў часы Міхала Клеафаса. Туды прыязджалі зоркі свайго часу ў мастацтве, літаратуры, навуцы, арыстакраты па нараджэнні і духу. Мы хочам праз фэст прыцягнуць у Залессе турыстаў. Маем дамоўленасці з некаторымі турыстычнымі кампаніямі, якія распрацавалі канкрэтныя маршруты, куды ўключаецца Залессе. А экскурсіі можна аздабляць канцэртамі-лекцыямі. Гэтыя ж турфірмы вязуць на фестывальныя канцэрты публіку з Мінска, але будуць і мясцовыя жыхары Смаргонскага раёна. Спадзяёмся на цікавасць сяброў з Літвы — Плунгі і Рытаваса, дзе ёсць музей Агінскіх (там жылі яго ўнукі). Можа, і ў нашы дні Залессе стане міжнародным пунктам супрацоўніцтва людзей мастацтва, прадстаўнікоў агульнай гісторыка-культурнай спадчыны, якая яднае нашы народы праз гісторыю, у тым ліку і гэтага роду, што даў свае парасткі ў розных краінах.

Ларыса ЦІМОШЫК, "Звязда"

Зорнае ад зорак

Канцэрты запланаваны на ўвесь год — кожны месяц. І яны прадставяць асоб сучаснай беларускай музыкі. На адкрыцці фестывалю 25 красавіка ансамбль салістаў «Вытокі» ў складзе Ірыны Аўдзеевай (фартэпіяна, клавесін), Сяргея Махава (флейта), Аляксея Фралова (фагот) прапануе праграму «Музычныя скарбы Агінскіх». Але будзе яшчэ і вакальна-інструментальная праграма, і калядная (абяцаюць, што з сюрпрызамі). Канцэртаў шмат, як і ўдзельнікаў, сярод якіх ансамбль старадаўняй музыкі «Брэвіс», Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі, Духавы аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і «Capella Academіa». Агінскі ствараў у асноўным для фартэпіяна, таму гасцямі розных канцэртных праграм будуць піяністы народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юрый Бліноў і Аляксандр Музыкантаў. Зорка беларускай оперы барытон Ілья Сільчукоў прадставіць вакальныя творы. Спецыяльным госцем фэсту будзе прамы нашчадак Агінскага — піяніст Іва Залускі з Вялікабрытаніі.

Каментаваць