Адкрыццё прывялейскай Тупальшчыны

23.04.2015 10:35Views:
tupalskaja siadziba_1На Беларусі існуюць дзве мясціны з адной і той жа назвай Тупальшчына. У лясах маёнтка незабыўны збор грыбоў і ягад. Для аматараў спорту ў садзе размешчаны тэнісны корт, крыху далей на беразе Вяллі размешчаныя спартыўныя пляцоўкі для баскетбола і валейбола, акрамя ўсяго, ёсць байдаркі.

Варункі побыту на лецішчы “Тупальшчына” наступныя: аплата за штодзённае ўтрыманне разам з абслугоўваннем складае ад дарослай асобы 3.50, 4 і 4.50 злотых, у залежнасці ад пакоя. Пакой у галоўным доме каштуе даражэй. Аднадзённае ўтрыманне дзяцей ва ўзросце да 6 год складае 2 злотых, а з 6 да 12 год – 2.50 злотых. Пакоі для гасцей лецішчаў маюць неабходную сціплую мэблю: чыстыя і драўляныя ложкі з матрацамі і падушкамі, шафы, сталы і г.д. Коўдры, пасцельную бялізну госці павінны мець уласную.

Харчаванне адбываецца ў галоўным доме чатыры разы на дзень: сняданак, абед, падвячорак і вячэра. Кухня вядзецца пад адпаведным прафесійным кіраўніцтвам. Прадукты ўжываюцца першай якасці. Падаецца ў вялікай колькасці гародніна, сезонныя ягады і садавіна.

Даезд чыгункай да станцыі Смаргонь (на шляху Вільня – Маладэчна). Адлегласць ад станцыі Смаргонь да маёнтка Тупальшчына складае 20 кіламетраў, даезд аўто ці коньмі – за асобную аплату. Фурманкі для перавозу багажу выдзяляюцца задарма. З Вільні магчымы даезд аўтобусам да мястэчка Жодзішкі, з Жодзішак да маёнтка Тупальшчына тры кіламетры. У мястэчку Жодзішкі ёсць касцёл, пошта, тэлефон, доктар, аптэка.

Замову на пакой прысылаць: маёнтак Тупальшчына, пошта Жодзішкі, Уладзімір Бакшанскі. Пры замове пакоя і даезду ад станцыі да маёнтка просім паважаных адпачывальнікаў даваць задатак у памеры 25 злотых. За пакоі, заказаныя на тэрмін, але не занятыя, бярэцца аплата ў памеры 2 злотыя за дзень ад дарослай асобы і 1.50 злотых ад дзіцяці і да дня фактычнага заняцця пакоя. Калі наведванне плануецца не ў летні тэрмін адпачынку, то аб гэтым неабходна спецыяльна паведаміць”.

Лідар па арганізацыі тагачаснага турызму

Да ўсяго вышэй згаданага можна дадаць, што на працягу дзесяцігоддзя, да верасня 1939 года, Тупальшчына з’яўлялася ў нашым рэгіёне бясспрэчным лідарам па арганізацыі летняга адпачынку і, па сведчаннях мясцовых жыхароў, карысталася вялікай папулярнасцю.

Што тычыцца гісторыі самога тупальшчынскага паселішча, то старонкі летапісу гэтай прывялейскай мясціны прачытваюцца не менш захапляльна і цікава. Дакладна не вядомая першая пісьмовая згадка пра Тупальшчыну, але паганскія курганы паблізу яе, якія захаваліся да нашых дзён, распавядаюць пра старажытныя часы іх узнікнення. Па матэрыялах раскопак на культавым комплексе каля Вялікага Тупальшчынскага каменя, якія былі праведзены напрыканцы мінулага стагоддзя вядомым беларускім археолагам Эдвардам Зайкоўскім, сёння можна датаваць гэты археалагічны комплекс 13 стагоддзем.

Пра што сведчаць рэчы, знойдзеныя ў курганах

У свой час, калі частка археалагічнай знаходкі перадавалася ў інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі, мне пашчасціла дакрануцца да некаторых старажытных рэчаў калекцыі. Нягледзячы на сем стагоддзяў знаходжання іх у зямлі, бездакорна рухалася кольца ў металічнай шпоры, а з завяршэння ручкі мяча, якая была выкананая ў выглядзе галавы драпежнай птушкі, пагрозліва пазіраў на нас старадаўні арол.

Упершыню ў 19 стагоддзі даследаваў сакральны камень у Тупальшчыне граф Канстанцін Тышкевіч. Паважаны даследчык ракі Вяллі і яе берагоў лічыў валун “алтаром паганскай веры ў Літве” і старажытнай каштоўнай святыняй. Між іншым, для гісторыі захавалася дата побыту гэтага шаноўнага археолага і этнографа. У час воднага падарожжа 13 чэрвеня 1857 года Канстанціна Тышкевіча частавалі ў Тупальшчынскім двары гарбатай, а потым на шляху да тупальшчынскага каменя яго зноў суправаджалі мясцовыя гаспадары і госці. Такая ветлівасць прыбярэжных жыхароў маляўнічай Вяллі моцна ўразіла даследчыка, пра што ён і напісаў у сваёй кнізе. Знойдзеныя ў 1961 і наступным годзе ў навакольных мясцінах грашовыя скарбы манет ВКЛ з сярэдзіны 16 стагоддзя даюць падставу таксама сцвярджаць пра актыўнае жыццё ў Тупальшчыне таго часу.

Уладальнікі Тупальшчыны

Але давайце вернемся непасрэдна да падзей мінулага. Першым вядомым уладальнікам мясціны ў 17 стагоддзі становіцца прадстаўнік шляхецкага роду Комараў. Паводле інфармацыі даследчыка Адама Банецкага, тагачасным уладальнікам Тупальшчыны быў Яраш ці Геранім, сын Мацея Комара.

Падымны рэестр Віленскага ваяводства з 1690 года адзначае, што Тупальшчына ўваходзіць у Жодзішкаўскую парафію і належыць Крыштафу Комару. Апошні з’яўляўся ўжо ў 1676 годзе браслаўскім падчашым, гродскім ашмянскім суддзёй з 1680 па 1685 год, ашмянскім канюшым да 1691 года.

Прыблізна ў гэты час тут засноўваецца каталіцкая капліца. Дадзеную звестку прывёў у сваім артыкуле пра жодзішкаўскі парафіяльны касцёл у 1915 годзе тагачасны пробашч святыні Ігнат Расалоўскі. Пералічваючы мясцовыя капліцы наваколля, ён пазначыў, што капліца ў Тупальшчыне, раней Нова-Жодзішках, была фундаваная ў 1687 годзе аршанскім суддзёй Комарам. З фундушам 50 злотых на свята Ганны, з даходу карчмы і перавозу, з тым, каб спраўляць кожны тыдзень імшу і ў свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Новымі ўласнікамі Тупальшчыны пасля Комараў становяцца жодзішкаўскія іезуіты, якім па фундушовым акце ад 15 снежня 1708 года разам з гэтым маёнткам пераходзяць Жодзішкі, Чарніноў, Пілавойці, Завелле і Авечкі.

У руках новых гаспадароў Тупальшчына знаходзілася да 1773 года. У гэтым годзе рымскі папа выдаў булу аб роспуску ордэна іезуітаў, што прымусіла іх пакінуць Жодзішкі. Пры гэтым мястэчка з паіезуіцкімі фальваркамі было падараванае каралём Станіславам Аўгустам члену Адукацыйнай камісіі, кароннаму харунжаму Станіславу Шчэснаму-Патоцкаму, які ў сваю чаргу ў 1781 годзе падараваў іх палкоўніку войска літоўскага Тэадору Ласкарысу.

Гістарычныя звесткі

Карысныя звесткі пра тагачасную Тупальшчыну сустракаюцца ў вопісах плебаній жодзішкаўскай парафіі з 1744 года і 1784 года. У першым вопісе наша мясціна мае найменне Топальшчына. Магчыма, назва паселішча паходзіла ад назвы распаўсюджанага мясцовага дрэва таполі. З другога дакумента вынікае, што тупальшчынскі фальварак з’яўляецца ўласнасцю Ласкарыса, знаходзіцца “паміж паўночным захадам і поўначчу”, на самым беразе Вяллі, у адлегласці паловы вялікай мілі (4 100 м.) ад жодзішкаўскага парафіяльнага касцёла. Пры свірскім гасцінцы каля фальварка існавалі дзве карчмы, якія таксама належалі Ласкарысу.

Пакуль невядома, калі дакладна ад Ласкарысаў Тупальшчына пераходзіць роду Бакшанскіх, але гістарычным фактам з’яўляецца той, што тут у 1824 годзе нарадзіўся вядомы дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, паплечнік Кастуся Каліноўскага і аўтар адозвы “Да смаргонскіх сялян” Юльян Бакшанскі. Пасля рэвалюцыйных падзей паўстання 1863-1864 гадоў можна заўважыць, што Бакшанскім сталі належаць, акрамя Тупальшчыны, некалькі частак маёнтка Васілеўшчызна, Сыраваткі, Паніжаны, Пілавойці.

За гэта ім давялося перайсці ў праваслаўе, а мясцовую капліцу пераабсталяваць пад радавую капліцу-пахавальню.

У 12 томе за 1892 год “Слоўнік геаграфічны Караўлеўства Польскага і іншых славянскіх краін” на сваіх старонках змясціў наступнае апісанне Тупальшчыны: “Вёска і маёнтак на правым беразе Вяллі, ніжэй Жодзішак, за 284 вёрст ад вытоку Вяллі, павет Свянцянскі, у 4 паліцэйскай акрузе, гміна Дубатоўка, вясковая акруга Тупальшчына, 61 вярста ад Свянцянаў, 1 дым, 5 жыхароў, бровар. У 1865 годзе ўласнасць Бакшанскіх. Побач знаходзіцца паганскі ахвярны камень, на якім павінен быў гарэць зніч. Пішуць аб ім Ходзька і Тышкевіч.

tupalskaja siadziba

Працяг будзе.
УЛАДЗІМІР ПРЫХАЧ, "Рэгіянальная газета"

Каментаваць