Распачаўся год Міхала Клеафаса. Ён стартаваў у Залессі трыма выданнямі Таццяны Кляшчонак

29.03.2015 13:54Views:
zalesseЯк мне стала вядома з некалькіх крыніц, не меншым поспехам, чым каляндар, у сувенірным кіёску ў Залессі карыстаецца макрабрашура пад назвай “Так спяваюць “Паланэз Агінскага” ў Беларусі, Літве, Поль­шчы…”, якая паўтараецца на вокладцы на дзвюх суседскіх мовах. Побач з нотамі паланэза “Развітанне з Радзімай” там змешчаны сем вершаваных да яго тэкстаў.

Сцвярджэнні Таццяны Кляшчонак

У беларускай і поль­скай прадмовах да сувенірнай брашуры Таццяна Кляшчонак, “даследчыца жыцця і творчасці М. К. Агінс­кага”(так яна характарызуе сябе ў подпісе сама), сцвярджае, што музычную спадчыну Міхала Клеафаса складаюць “каля 20 рамансаў і 29 твораў для фартэпіяна. (Яго патрыятычныя песні, напісаныя для паў­станцаў, большай часткай прапалі або засталіся безыменнымі, а оперу “Банапарт у Каіры”, напісаную па палітычнай прычыне, сам кампазітар лічыў слабай). Сярод іх – вальсы, маршы, тры мазуркі, менуэт, галоп і 24 паланэзы”.

Легендарную славу ва ўсёй Еўропе, працягвае аўтар прадмовы, Агінскаму прынёс паланэз ля-мінор, якому пазней надалі назву “Развітанне з Радзімай”. У розны час, у розных краінах ды на розных мовах з’явіліся да яго вершаваныя тэксты. Жыхары вёскі Залессе, ля якой знахо­дзіўся маёнтак Агінскага, “маюць уласны тэкст, складзены невядомым мясцовым паэтам” (звернем асаблівую ўвагу на апошнія словы!).

Помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму ў Маладзечне. Фота vadim-i-z.livejournal.com.

Помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму ў Маладзечне. Фота vadim-i-z.livejournal.com.

Ансамбль “Песняры” спявае “Паланэз Агінскага” па-руску і па-польску на словы свайго кіраўніка Вячаслава Шарыпава. “Беларускі варыянт песні на словы С. Сокалава-Воюша ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя прымаў удзел у конкурсе на ролю беларускага дзяржаўнага гімна, заняўшы ў выніку 5-е месца”.
Апрача таго з калекцыі, сабранай Таццянай Кляшчонак і дырэктарам сядзібы-музея Агінскага ў Залессі Людмілай Градзіцкай, у выданне ўключаны “Гузаў­скі варыянт “Паланэза Агінскага” на польскія словы Г. Шымульскай, а таксама “Рэтаўскі варыянт” на літоўскія і рускія “народныя словы”, дасланыя з Літвы ў Залессе (1998) краязнаўцам Элеанорай Равіцкене.

Дык які ж з варыянтаў выконваць перад турыстамі ў прывабнай залескай зале, якая віднеецца ў макрабрашуры на адным са здымкаў? Заахвочаны словамі Таццяны Кляшчонак: “Збіранне працягваецца, запрашаем паважаных аматараў “Паланэза Агінскага” таксама далучыцца да яго”. Я прапаную тут адметны падыход, дзеля чаго, уласна кажучы, і пісалася другая частка дадзенага артыкула.

Па-мойму, Гузаўскі варыянт выключаецца адразу, бо пры яго выкарыстанні не будзе ўлічвацца тая акалічнасць, што Агінскі нарадзіўся ў Польшчы, але пісаўся паланэз у тагачаснай Літве, а цяперашняй Беларусі. Таму Г. Шымульская і сцвярджае: “Polski kraj, rodzinny kraj, / Ojczystej ziemi słyszę śpiew / Mazurskich strzech, kujawskich starych chat…” Таму гэта – для выканання “на Мазурах” ці “на Куявах”, каля Варшавы, а не на Смаргоншчыне.

Таксама адпадаюць і два тэксты Рэтаўскага варыянту, бо двухпавярховы палац у Рэтаве (ён відаць на здымку), у адрозненне ад аднапавярховага ў Залессі, дзе пісаўся паланэз ля-мінор, належаў не самому Міхалу Клеафасу, а толькі яго сыну Ірэнеушу і ўнуку Багдану. Значыць, “gimtas kraśtas” і “край родной” яшчэ могуць падыхо­дзіць да этнічна літоўскіх зямель і не падыхо­дзяць да беларускіх. А тэксты Вячаслава Шарыпава не варты выкарыстання па іншых, мастацкіх меркаваннях.

Дык якое ж выйсце з неардынарнай сітуацыі? Яно – у выкарыстанні, дакладней, у аднаўленні па рукапісе “народнага” тэксту “невядомага мясцовага паэта”. Па ўсім відаць, што гэта крыху скажоны тэкст… Уладзіміра Караткевіча. Памятаецца, жывучы ў 1970-х гадах па суседстве са мной, ён не раз прыхо­дзіў да нас параіцца, якім павінен быць слоўны змест для паланэза, заказанага яму смаргонскімі самадзейнікамі.

Міхал Клеафас Агінскі. Фота hrono.ru

Міхал Клеафас Агінскі. Фота hrono.ru

З таго часу засталіся ў маёй памяці радкі сённяшняга класіка, якраз змешчаныя і ў брашуры: “Загарацца ў небе зоры” ці “У дубровы прыляці ты, / Што збраталіся з Вяллёю”. Праўда, у надрукаваным тэксце сустракаюцца і недарэчныя па рытміцы паўторы тыпу “Не сумуй такой, такой парою” ці іншыя ляпсусы… Таму, здаецца мне, Людміле Градзіцкай і Таццяне Кляшчонак трэба з Залесся паехаць у Смаргонь і зрабіць там усё магчымае і нават немагчымае, каб адшукаць і дакладна ўзнавіць караткевічаўскі арыгінал.

“Залескі сакратар Леанард Ходзька”

Засталося мне сказаць колькі цёплых слоў пра трэцюю сувенірную макрабрашуру Таццяны Кляшчонак “Залескі сакратар Леанард Ходзька”. Ёй распачынаецца серыя (аўтарская ці выдавецкая) “Постаці побач з М.К. Агінскім”. Мне гэтае выданне здалося мініманаграфіяй, прысвечанай знакамітаму мастаку, вучню славутага віленчука Яна Рустэма, і актыўнаму беларускаму і французскаму грамадскаму дзеячу.

Свой аналіз жыццёвага і творчага шляху Леанарда Ходзькі Таццяна Кяшчонак распачынае з яго выказвання, узятага з прадмовы да польскай паэмы Аляксандра Ходзькі “Залессе”. Цытата ж узятая з першага тома рэдагаванага Леанардам Ходзькам французскага альманаха “La Pologne historique, litteraire, monumentale et pittoresque” (Парыж, 1836): “З васьмі гадоў (1819 – 1826), якія я правёў побач з Агінскім, тры былі пражытыя ў Залессі. Гэтыя ўспаміны – як мелодыі, якія мы чулі ў дзяцінстве, на якіх з задавальненнем спыняюцца, якія ўспамінаюць з асалодаю. Як сакратар Агінскага я суправаджаў яго ва ўсіх апошніх паездках. Пазней нас раз’ядналі палітычныя абставіны, нашы меркаванні, карацей кажучы, нашы погляды на вырашэнне польскага пытання. Але мая юнацкая прыязнь назаўсёды пакінула яго ў маім юнацкім сэрцы”.

І далей ідзе вельмі аргументаванае разважанне, што ў часы Агінскага і Ходзькі словы “Літва” і “Поль­шча” абазначалі тэрытарыяльна зусім іншую геаграфічную прастору, чым цяпер. Яны тады выкарыстоўваліся і ў дачыненні да тэрыторый, населеных беларусамі.

Навацыі макрабрашуры Таццяны Кляшчонак заключаюцца ў тым, што яна ўпершыню ў беларускім друку грунтоўна, абапіраючыся на старыя энцыклапедычныя і новыя краязнаўчыя крыніцы, разгледзела разгалінаванае генеалагічнае дрэва Ходзькаў герба “Касцеша”.

Сам Леанард нара­дзіўся ў 1800 годзе ў неіснуючым сёння Аборку каля Маладзечна. У дзесяцігадовым узросце хлопчыка аддалі на вучобу у Барунскі базыльянскі калегіум, размешчаны ў Ашмянскім павеце. Па ўзроўню навучання ён пераўзыхо­дзіў тагачасныя свецкія ўстановы. Штогод там вучылася да 200 юнакоў са шляхецкай эліты. Выяўленыя ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта штомесячныя рапарты гувернёраў Барунскай школы дазволілі Таццяне Кляшчонак назваць прозвішчы яе выдатных выпускнікоў.

Побач з вядомымі раней постацямі польскага празаіка Ігната Ходзькі, паэта і дыпламата Аляксандра Ходзькі, паэта Антонія Эдварда Адынца і перакладчыка Юльяна Корсака ўзніклі з забыцця новыя прозвішчы і асобы нашых суайчыннікаў: “Гэта і Антоні Вырвіч, прафесар матэматыкі Віленскага ўніверсітэта, Антон Камінскі, аўтар прац па асновах геаграфіі і матэматыкі, Вінцэнт Карчэўскі, ад’юнкт прафесара астраноміі Віленскага ўніверсітэта, губернатар польскіх гарадоў Плоцка і Любліна Станіслаў Мацкевіч і іншыя”. Кожны год 29 чэрвеня, пасля публічнага экзамена ў Барунах, адбывалася тэатральнае прадстаўленне, для якога вучні звычайна выбіралі “біблейскія або класічныя тэмы”.

Далей Таццяна Кляшчонак устанаўлівае, што пасля Барунаў Леанард Ходзька вучыўся яшчэ ў Маладзечне, дзе пазнаёміўся з Тамашом Занам, а ў 1816-1817 гадах – на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, дзе разам з Адамам Міцкевічам увайшоў у шэрагі напаўлегальнага таварыства філарэтаў.
Стаўшы ж сакратаром Агінскага, ён прыводзіў у парадак яго “аб’ёмісты архіў з дзённікамі і карэспандэнцыяй”. Яшчэ рыхтаваў да друку яго “палітычныя мемуары”, каб праз некалькі гадоў, апынуўшыся “пасля чатырохгадовага прабывання ў Прусіі, Італіі, Бельгіі, Галандыі, Англіі, з 1826 года стала пасяліцца ў Парыжы і распачаць сваю выдавецкую і літаратурную дзейнасць”.

Сярод першых яго выданняў былі якраз французскамоўныя “Мемуары” Агінскага. Затым дзякуючы Ходзьку ўбачылі свет творы Адама Міцкевіча (1828) і Ігнація Красіцкага (1830).

І яшчэ дзве мясціны ў даследаванні Таццяны Кляшчонак прыцягнулі маю ўвагу. Аказваецца, у часопісе “Grand dictionnaire universel” (“Вялікі ўніверсальны слоўнік”) Ходзька апублікаваў звыш 300 (!) артыкулаў пра сваіх заслужаных землякоў! Вось дзе, падумалася мне, можна бу­дзе знайсці багаты матэрыял для нашых новых энцыклапедычных да­веднікаў! А яшчэ ― у польскіх музеі і архіве ў швейцарскім горадзе Раперсвіль, куды Алімпія з Маляшэўскіх, удава Ходзькі, перадала яго рукапісы і памятныя рэчы пасля яго смерці. Выходзіць, нездарма мяне ўнутраны голас вабіў туды паехаць у час дзвюх камандзіровак у Парыж! Адсутнасць часу і сродкаў не далі мне тады магчымасць гэта зрабіць, то няхай застанецца ўказаны след для іншых, маладзейшых даследчыкаў…

У сваю чаргу ўсё, сказанае вышэй, дае падставы, каб у будучым уключыць асобу Леанарда Ходзькі ў энцыклапедычны даведнік “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў краінах далёкага замежжа”, які з гэтага года пачынае рыхтавацца да друку на адной з кафедраў Інстытута журналістыкі БДУ ў супрацоўніцтве з Цэнтрам камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа, створаным летась у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Важныя весткі

І яшчэ адна важная вестка, звязаная з юнескаўскім юбілеем: здадзены ў друк першы нумар часопіса “Маладосць” за гэты год, цалкам прысвечаны Міхалу Клеафасу Агінскаму. Таццяна Кляшчонак публікуе там свой пераклад паэмы Аляксандра Ходзькі “Залессе”, іншыя матэрыялы.

Пры маім пасрэдніцтве там упершыню друкуецца зной­дзены ў Вільні вялікі ліст кампазітара да яго сына Ірэнеуша з нагоды паступлення таго на вучобу ў адзін з універсітэтаў Італіі. Гэта ― страсны заклік вучыцца і адначасова заставацца высокамаральным чалавекам.

А там, гля­дзіш, выдавецтва “Чатыры чвэрці” сёлета яшчэ выдасць чатыры кнігі “Мемуараў” Агінскага ў рускім і, магчыма, беларускім перакладах. Другі з іх належыць пяру Таццяны Кляшчонак.

Асноўныя ж юбілейныя ўрачыстасці да 250-годдзя адбудуцца ў Беларусі і свеце бліжэй да лета і восені. Памятайце: Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года.

Адам Мальдзіс, "Рэгіянальная газета"

Каментаваць