Мова — сіла!

29.03.2015 17:01Views:
jamojcin

Алесь ЖАМОЙЦІН з вучнямі гімназіі Дар’яй ГАКУЦЬ, Андрэем РУБАЦКІМ, Яўгенам ГЕЦЭВІЧАМ

- Асноўнае, чым заварожвае паэзія Багушэвіча, — той рытмікай, якая максімальна набліжана да гаворкі ХІХ стагоддзя, у ёй яшчэ прасочваюцца дзе-нідзе рэчытатыўныя сляды, напеўнасць, музычнасць мовы, — лічыць Алесь Жамойцін, дырэктар дома-музея Францішка Багушэвіча.

– Творчасць Багушэвіча напітана жывой народнай гаворкай, не сапсутай і не ўціснутай у каноны, не характэрныя для нашай мовы. Гэта ўзор жывой гаворкі, на які трэба арыентавацца і творцам, і настаўнікам, і падрастаючаму пакаленню.

Францішак Багушэвіч – чалавек з вызначанай актыўнай пазіцыяй, які меў уздзеянне на літаратурны працэс пачатку ХХ стагоддзя. Алесь Жамойцін упэўнены, што наш зямляк зрабіў моцны ўплыў на такіх класікаў, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка.

Вось такога чалавека ўзгадавала наша зямля. 21 сакавіка адзначалася 175 гадавіна са дня нара-джэння Францішка Багушэвіча. А напярэдадні гэтай даты, 20 сакавіка, дзіцячая раённая бібліятэка ладзіла сустрэчу з Алесем Жамойціным. Гэтай імпрэзай адкрыўся традыцыйны тыдзень дзіцячай кнігі. Госць з Кушлянаў правёў для старшакласнікаў незвычайны ўрок. Расказаў, якую сілу мае вымаўленае слова. На прыкладах даказаў, наколькі важна ведаць родную мову і размаўляць на ёй. Прызваў часцей ездзіць да бабуляў у вёску і падпітвацца энергіяй роднай зямлі і мовы.

А напрыканцы хочацца нагадаць словы самога Францішка Багушэвіча: “Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”.

Галіна АНТОНАВА, "Светлы шлях"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць