Юбілейны год стартаваў у Залессі трыма выданнямі Таццяны Кляшчонак

27.03.2015 13:43Views:
maldzisНайперш павінен я патлумачыць, чаму ў загалоўку напісана “Міхала Клеафаса”, а не карацей –―“Клеафаса”, як гэта становіцца ўсё больш модна (маўляў, каб размежаваць яго з ягоным дзядзькам, таксама кампазітарам Міхалам Казімірам Агінскім) у апошні, ужо юбілейны час.

Але ж імёны “Клеафас” і “Казімір” і ў першым, і ў другім выпадку ― гэта не першыя, а другія па чарговасці і, значыць, істотнасці, важнасці! Абодва кампазітары палічылі б неэтычным другое імя ўжываць без першага. То давайце так будзем лічыць і мы!

250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага, абвешчанае праз ЮНЕСКА, ужо распачалося адкрыццём пасля працяглага рамонту-абнаўлення сядзібы кампазітара ў ягоным маёнтку Залессе, што ў Смаргонскім раёне на Гродзеншчыне, па чыгуначнай і шасейнай дарогах з Мінска на Вільню, ранняй восенню мінулага года.

zalesse_aginski

Для мяне асабіста гэты юбілей – двайное свята, бо менавіта мне першаму ў пасляваенны час пашчасціла публікацыяй ў былой маладзечанскай абласной газеце “Красное знамя” ў 1959 годзе даказаць, што Міхал Клеафас знаходзіўся, пішучы паланэзы, не “дзесьці ў Польшчы ці Літве”, не на “расійска-прускай мяжы”, а менавіта ў “14 мілях на ўсход ад Вільні па дарозе на Мінск”. Пасля гэтага ў Залессе панаехалі журналісты з Мінска і Масквы, якія ў сваіх артыкулах і радыёперадачах паспалучалі рэаліі, далікатна скажу, з фантастыкай… А потым мне давялося вазіць як самадзейнаму гіду ў яшчэ не адноўленае Залессе і польскіх, і літоўскіх, і англійскіх ганаровых гасцей, сустракацца з нашчадкамі Агінскага і таксама кампазітарамі стрыечнымі братамі Іва і Анджэем Залускімі, якія цяпер жывуць у Вялікабрытаніі, і пісаць пра іх артыкулы. Як і пра самога Міхала Клеафаса – у кнігах “Падарожжа у ХІХ стагоддзе” (1969) і “Суайчыннікі” (2013).

Адным словам, здавалася мне, што ведаю я пра ўсіх Агінскіх багата. І, тым не меней, усе тры выданні-падарункі, пры­сланыя мне на Новы год Таццянай Кляшчонак, педагогам і перакладчыцай, а цяпер яшчэ і экскурсаводам па “заезных” суботах і нядзелях у Залессі, парадавалі мяне не толькі сваім шматколерным мастацкім вырашэннем, але і навізной ды навуковасцю зместу.

Свой агляд я хацеў распачаць з 18-старонкавай макрабрашуры “Залескі сакратар Леанард Ходзька”, выдадзенай у серыі (зразумеў: аўтарскай) “Постаці побач з М. К. Агінскім”, але, перачытаўшы “сувеніры” паў­торна, змяніў першапачатковае рашэнне. І найперш звярнуўся да рускамоўнага “Календара-біяграфіі Міхала Клеафаса Агінскага” на 2015 год (упершыню сустрэўся з такім жанрам). У ім таксама мноства невядомых мне (і будзе пераважнай большасці чытачоў і макрабрашуры, і нашай газеты) крыніц інфармацыі, імёнаў, ілюстрацый.

Дык уперад жа: месяц за месяцам, услед за “Календаром-біяграфіяй” і з дабаўленнем уласнай інфармацыі – праз увесь жыццяпіс Агінскага. Па многіх вызначэннях друку – польскага і літоўскага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча. Аднак жа быў ён нашчадкам беларускага роду Глушонкаў, а Агінскім – пасля даравання ім маёнтка Агінты на тэрыторыі сённяшняй Літвы. “Ліцвінам” жа – таму, што так, у адрозненне ад “жмудзінаў”, называлі славянскіх насельнікаў тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.

СТУДЗЕНЬ. Вялікі ўрывак з невядомай мне раней “Маёй біяграфіі, пачынаючы з дзяцінства і да 1788 года” М.К. Агінскага. Працытую ў перакладзе першыя радкі: “Я нарадзіўся 25 верасня 1765 г. у Гузаве, вёсцы маіх бацькоў, размешчанай (…) у 7 мілях ад Варшавы. Мой бацька, Анджэй Агінскі, да канца дзён сваіх ваявода Троцкі, а ў момант майго нараджэння староста Ашмянскі, мечнік Княства Літоўскага, кавалер поль­скіх ордэнаў, пакінуў Літву, каб асесці ў Поль­шчы, ажаніўшыся з маёй мамай, удавой Патоцкага, Гузаўскага старосты”. Гувернёрам Міхала Клеафаса быў француз Жан Рале, які, аказваецца, раней выхоўваў нашчадка аўстрыйскага трона эрцгерцага Леапольда ды цярпліва выхоўваў свайго вучня на ідэалах хрысціянства і французскага Асветніцтва – на еўрапейскім узроўні. Потым “удзячны вучань” паставіць свайму настаўніку памятны камень у Залессі.

ЛЮТЫ. Старонка мае назву “Першыя ступені палітычнай кар’еры”. Ступені гэтыя былі значныя: дэпутат сейма, член Фінансавай камісіі Вялікага Княства Літоўскага, які склаў карту памежжа “ад Палангі да Брэста”, страсны прыхільнік палітычных і эканамічных рэформ.

САКАВІК. Агінскі тут выступае як дыпламат, пасол Рэчы Паспалітай у Галандыі і Англіі. За граніцу ён паехаў ужо з жонкай Ізабелай з Лясоцкіх. Ствараў першыя паланэзы. У 1791 годзе пераехаў на беларускія землі, у родавыя маёнткі колішніх Глушонкаў.

КРАСАВІК. Дзве чарговыя старонкі маюць назву “Паміж молатам і кавадлам”. Гэта значыць, паміж Расійскай імперыяй і Рэччу Паспалітай. Хто з іх быў молатам, а хто кавадлам, разабрацца чытачу цяжка. Хутчэй за ўсё, абодва бакі з’яўляліся ў сваім супрацьстаянні адначасова і тым, і другім. Агінскі быў вымушаны прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ, сустрэўся ў Магілёве з яе фаварытам князем Пацёмкіным, каб толькі вярнуць канфіскаваныя маёнткі свайму “слонімскаму дзядзьку”, вялікаму гетману літоўскаму, і таксама, здаецца, аўтару дзвюх опер Міхалу Казіміру Агінскаму, у тэатры якога пляменнік бываў у дзяцінстве. Распачынаюцца складаныя палітычна-фінансавыя інтрыгі…

МАЙ. У канцы 1792 года Агінскі едзе ў Пецярбург, сустракаецца з царыцай і яе саноўнікамі. Яму прапануецца, каб ён адгаварыў свайго “слонімскага дзядзьку” ад займання пасады вялікага гетмана, і гэта пляменніку нібыта ўдаецца.

ЧЭРВЕНЬ. Адбываецца Другі падзел Рэчы Паспалітай, а за ім ўспыхвае паўстанне пад кіраўніцтвам нашага земляка-“ліцвіна” (значыць, фактычна беларуса) Тадэвуша Касцюшкі. Яго прыхільнік Міхал Клеафас за прададзеныя ці закладзеныя кляйноты сваёй жонкі ўзбройвае атрад у 500 чалавек і з баямі накіроўваецца праз Ашмяну (!), Валожын і Івянец да Мінска і далей на ўсход, каб “далучыць да паўстання каля 12 тысяч уласных прыгонных сялян, адпусціўшы іх на свабоду”. Але паход перапынілі расійскія войскі. У баі каля Бакштаў Агінскі ледзь не загінуў, а потым ледзь дабраўся да Вільні.

ЛІПЕНЬ. Другі паход Міхала Клеафаса быў скіраваны на поўнач, на Дынабург (Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс). Выяўляецца, што “з 1500 чалавек пяхоты 1200 былі ўзброены косамі і толькі 300 чалавек – ружжамі”. Але неўзабаве паўстанцаў дагнала вестка, што рускія войскі занялі Вільню. Агінскі з цяжкасцямі пачаў прабірацца за граніцу. Ды паланэз “Развітанне з Радзімай” ён напісаў не тады (хоць гэта сцвярджалася ў адной з маскоўскіх радыёперадач пасля маёй названай вышэй першапублікацыі ў маладзечанскай абласной газеце), бо ў 1794 годзе яшчэ ён верыў (у адрозненне ад 1822 года) у сваё хуткае і пераможнае вяртанне назад.

ЖНІВЕНЬ. Аднак аптымістычныя спадзяванні неўзабаве развеяліся. У старонцы “Шляхі-дарогі патрыёта і эмігранта” гаворыцца (увага: новыя факты!): “У лістападзе 1794 г. М.К. Агінскі сустракаецца ў Аўстрыі з жонкай, і яны накіроўваюцца ў Венецыю. Тут іх знаходзіць ліст ад расійскага намесніка ў Польшчы князя Рэпніна з прапановай напісаць Кацярыне ІІ пакаяльны ліст. Агінскі адмаўляецца і тым самым пазбаўляе сябе ўсялякай маёмасці. Падтрымлівае цесную сувязь з касцюшкаў­скімі паўстанцамі-эмігрантамі. На словы Юзафа Выбіцкага піша музыку да “Марша Легіёнаў”, цяперашняга нацыянальнага гімна Поль­шчы. Сустрэўшыся з Напалеонам, расчароўваецца ў ім. Потым, канчаткова збяднеўшы, вяртаецца ў адзін з маёнткаў сваёй жонкі, якая, у сваю чаргу, не можа дараваць яму расходаў на ўзбраенне паўстанцаў. Наступае фактычны развод.

ВЕРАСЕНЬ. І тут адбываюцца змены. На рускі трон уступае Аляксандр І, на якога Агінскі (дадам ад сябе) ускладае надзеі, што той дазволіць існаваць не толькі Царству Польскаму, але і Вялікаму Княству Літоўскаму. А тут другі дзядзька, маладзечанскі граф Францішак Ксаверы Агінскі, дорыць Міхалу Клеафасу Залессе. І новы ўладальнік уязджае туды ў 1803 годзе не адзін, а з Марыяй дэ Неры, захоўваючы яе і свой, мужчынскі, гонар пасля скандальнага знаёмства ў Вільні.

КАСТРЫЧНІК. Старонка “У любімым Залессі” багата партрэтамі, зробленымі невядомымі мастакамі. Гэта выявы жонкі Міхала Клеафаса Марыі, іх дочак Амеліі, Эмы і Іды, сына Ірэнеуша, а таксама двух Ходзькаў – залескага сакратара Леанарда і аўтара паэмы “Залессе”, пазнейшага дыпламата, пасланніка Расіі ў Персіі Аляксандра. Марыя дэ Неры (патлумачу ад сябе: дачка італьянскага гандальера) аказалася жанчынай малапісьменнай, але кемлівай. Атрымаўшы тытул графіні, насіла яго горда, ды не заўсёды годна… Гэта яна з’явілася адной з прычын таго, што Міхал Клеафас канчаткова расчараваўся і ў Залессі, і ў расійскім імператары. І напісаўшы паланэз “Развітанне з Ра­дзімай”, выехаў з жонкай і дачкой Амеліяй у Парыж, а потым у Фларэнцыю. Але абедзве жанчыны неўзабаве вярнуліся ў Залессе. А вялікі палітык і кампазітар апошнія 10 год пражыў у Італіі у адзіноце. Праўда, за некалькі месяцаў да яго смерці, а наступіла яна 15 кастрычніка 1833 года, з “Літвы”прыехала да яго другая дачка Эма. І Міхал Клеафас яшчэ паспеў паблаславіць сваю першую ўнучку Эму.

ЛІСТАПАД. Аднак у папярэднім абзацы я істотна апярэдзіў і хаду падзей, і аповед Таццяны Кляшчонак. 11-я старонка яе календара называецца “Сенатар Расійскай імперыі”. Аказваецца, у 1810 годзе Аляксандр І прызначыў Агінскага сваім тайным саветнікам па справах далучаных заходніх губерняў. Міхал Клеафас спадзяваўся, што тым самым робіцца крок да аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага. І таму ў 1812 годзе ён не застаўся ў Залессі, а выехаў у Пецярбург, у чым Напалеон (зноў дадам ад сябе) у час адступлення папракнуў у Маладзечне яго дзядзьку Францішка Ксаверыя. Састарэлы і хворы гаспадар адказаў, што вось французы прыйшлі і адступаюць, а яго пляменнік зрабіў правільна, застаўшыся з расейцамі. На гэта імператар не знайшоў што адказаць і, зласліва ляпнуўшы дзвярыма, пайшоў спаць у суседні пакой. А Каленкур, сакратар Банапарта, вывеў на каміне “Napoleon I”. І трэба ж такому здарыцца, што праз суткі ў тым жа пакоі і на той жа канапе адпачываў сам Кутузаў. А яго ардзінарац дадаў да свежага надпісу: “И последний”. І памыліўся, таму што гісторыя ведае яшчэ Напалеонаў другога і трэцяга. Праўда, на зямлі беларускай і як заваёўнік Банапарт сапраўды аказаўся апошнім… Затое не памыліўся Міхал Клеафас: пачуўшы аб першых праследаваннях знаёмых яму па Варшаве і Пецярбургу дзекабрыстаў і, мусіць, баючыся падзяліць іх лёс, ён назаўсёды пакінуў радзіму. Толькі тых (дадам свежую думку) адправілі на вісельні або на ўсход, у сібірскую ссылку, а гэты добраахвотна накіраваўся ў адзіноту ў Заходнюю Еўропу. Выходзіць, гэта было адно і тое ж пакаленне дваранскіх і шляхецкіх рэвалюцыянераў!

СНЕЖАНЬ. Апошняя старонка календара, як і трэба было чакаць, прысвечаная жыццёвай і творчай спадчыне М. К. Агінскага, увекавечанню яго памяці. Тут мы бачым вокладкі музычных і мемуарных твораў, здымкі яго нашчадкаў за ігрой на фартэпіяна, пом­нікі яму і мемарыяльныя дошкі ў Гузаве, Фларэнцыі і ў Маладзечне.

Апошнюю старонку змястоўнага календара Таццяны Кляшчонак закрываеш з перакананнем, што спадчына Міхала Клеафаса Агінскага сапраўды належыць не толькі тром суседнім краінам і народам – Беларусі, Літве і Польшчы, але тым самым Еўропе і свету.

Адам Мальдзіс, "РГ"

Каментаваць