Чароўны свет батлейкі

24.03.2015 23:42Views:
batleika1Першы ў Беларусі адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных калектываў прайшоў у Смаргоні. Яго арганізатарамі выступілі Смаргонскі райвыканкам і мясцовы дабрачынны фонд “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага”. Адзінаццаць удзельнікаў яркай імпрэзы прадставілі рознапланавыя п’есы ад містэрыяльнай драмы да камічных сцэнак і казак.

Высока ацаніў узровень смаргонскага мерапрыемства ганаровы госць і член журы фестывалю Васіль Пушкароў, які мае вялікі вопыт правядзення тэатральных сходаў “Калядная містэрыя” ў Санкт-Пецярбурзе. Многія выступоўцы напрыканцы атрымалі запрашэнні на гастролі ў розныя куткі Беларусі і ў суседнюю краіну. Пажаданні намесніка старшыні райвыканкама Генадзя Бычко адносна добрага настрою спраўдзіліся і для гледачоў, і для выступоўцаў.

Галоўная выснова фэсту – сапраўднае мастацтва не знікае. Батлейка, ці не самы старажытны від беларускага мастацтва, застаецца запатрабаванай і сёння. Больш таго, гэты тэатральны жанр развіваецца, натуральным чынам набывае новыя рысы і сродкі, з дапамогай якіх дзея выходзіць за межы так званай скрыні, пашыраецца жанравая разнастайнасць прадстаўленняў. Адзінае, што застаецца непахісным у большасці твораў – рэлігійная тэматыка, на падставе якой будавалася і канструкцыйная аснова батлейкі. Яшчэ адна характэрная асаблівасць рэпертуару гэтага тэатра - сацыяльная накіраванасць прадстаўленняў.

Распачаў конкурсную праграму Смаргонскага фестывалю сямейны тэатр “Батлейка” з Мінска, высока ўзняўшы планку прафесіяналізму і хрысціянскай духоўнасці. П’еса Георгія Юдзіна “Божая іскра” пра тое, як Маці Божая ратавала грэшнікаў, кранула да глыбіні душы. Выступленне сямейнага тэатра адзначана прызам у намінацыі “За адраджэнне духоўных каштоўнасцей”.

Лаўрэат шматлікіх конкурсаў, удзельнік фэстаў і тэатральных марафонаў тэатр батлейкі са Стаўбцоўскага раёна апраўдаў агучаны ў прэамбуле лозунг “А батлейка з Дзераўнога вам пакажа цудаў многа!” П’есу-казку “Жылі-былі” журы адзначыла прызам у намінацыі “За яскравае ўвасабленне беларускіх казак”. А п’еса “Нябесны госць”, прадстаўленая выхаванцамі нядзельнай школы Стаўбцоўскага храма Уваскрашэння Хрыстова адзначана ў намінацыі “За арыгінальнасць сюжэтнай лініі”. Лепшым музычным афармленнем вылучалася пастаноўка “Камаедзіца” Докшыцкай батлейкі Патупчыка.

Лідскі раённы цэнтр рамёстваў падрыхтаваў арыгінальнае інтэрактыўнае прадстаўленне “Вясновая песня”, якое кіраўнік тэатра-студыі Алена Аляшкевіч назвала падарункам для ўсіх аматараў і прыхільнікаў батлеечнага мастацтва. У пошуках найцудоўнай ружы для каралевы ўдзельнікі студэнцкага тэатра “Адраджэнне батлейкі” падарылі гледачам прыемныя імгненні, а затым і жывыя духмяныя ружы.

Класікай можна без сумніву назваць лялечныя пастаноўкі магілёўскіх артыстаў тэатра “Шчодра”. У 2007 годзе ў мастацкім музеі імя П. Масленікава была выраблена копія сапраўднай старажытнай магілёўскай батлейкі, арыгінал якой цяпер захоўваецца ў Дзяржаўным музеі этнаграфіі ў Санкт-Пецярбурзе. Арыгінальнасцю вылучаліся і народныя строі, спецыяльна пашытыя па ўзорах нацыянальнага касцюма Магілёўскай губерніі. Магілёўская батлейка мае багаты вопыт выступленняў на святах у Нясвіжы, Міры, іншых гарадах нашай краіны. У Смаргоні былі прадстаўлены класічныя батлеечныя п’есы на старажытны сюжэт, а таксама адбылася прэм’ера сучаснай інтэрмедыі “Прыгоды Зорыча”.

Намінантам “За лепшае сцэнічнае ўвасабленне патрыятычнай тэматыкі” стала тэатральная студыя “Вера. Надзея. Любоў” СШ №16 г. Ліды за спектакль “Як гусь і Пятрусь ратавалі Беларусь”.

Звання “Батлейка - хіт” на думку большасці гледачоў і членаў конкурснай камісіі аказаліся вартымі самыя маленькія ўдзельнікі фестывалю – лялечны тэатр Смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

А Гран-Пры атрымалі ўдзельнікі народнага тэатра “Батлейка” з Залесся. У юбілейны год вядомага кампазітара і палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага кіраўнік тэатра Таццяна Нясцюрына напісала і з дапамогай сваіх артыстаў увасобіла п’есу “Жыццё ў гуках паланэза”. Цікавая рэжысура, музычная афарбоўка, прыгожыя лялькі і арыгінальная скрынка-батлейка, што нагадвае макет палаца Агінскага ў Залессі – усё гэта разам стварыла цэласную яркую карціну эпохі паланэзаў, каралей, вытанчанага мастацтва.

Неабходна яшчэ дадаць, што ў межах фестывалю прадугледжвалася сацыяльная праграма. Творчыя калектывы наведаліся з прадстаўленнямі ў бальніцы сястрынскага догляду, дамы сямейнага тыпу, у прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра, у дом самастойнага пражывання, дзе іх выступленні сталі сапраўдным падарункам для адзінокіх пажылых людзей, сацыяльных сірот і дзяцей, абдзеленых бацькоўскай увагай.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, www.pisateli.by
Фота аўтара

batleika2

batleika3

здымкі
  1. Аксана ЛІС у ролі Марыі НЭРЫ.
  2. Гран-Пры Таццяне НЯСЦЮРЫНАЙ уручае першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр ВЯРСОЦКІ.
  3. Гульня ў лялькі ці працяг імпрэзы?

Каментаваць