Яе дзяцінства — фільм жахаў

13.03.2015 14:18Views:
zalesse_zemliakiУ вёсцы Вярэбушкі Крэўскага сельсавета Лізавету Іванаўну Страшкевіч ведаюць не толькі як настаўніцу пачатковых класаў з 40-гадовым стажам, але найперш, як дэпутата сельсавета.

На працягу 25 гадоў Лізавета Іванаўна была нязменным прадстаўніком вясковай грамады ў мясцовых органах самакіравання. Ішлі да яе людзі з рознымі просьбамі, прапановамі, праблемамі. Адным дапамагала, іншых мірыла. А найбольш арганізоўвала аднавяскоўцаў на агульнакарысныя справы. Яе слухалі, ёй верылі, за ёй ішлі. Што не кажыце, а ў ранейшыя часы вясковая настаўніца была на сяле чалавекам вельмі аўтарытэтным. Ды і ў сваёй сям’і яна ўмела стварыць спрыяльную абстаноўку для выхавання дачкі і сына. Муж Іван Іванавіч таксама карыстаўся павагай аднавяскоўцаў за працавітасць, дбайнасць, гаспадарлівасць. У перадавых механізатарах значыўся, нават быў узнагароджаны медалём “Заслужаны калгаснік”.

У вёску Вярэбушкі Лізавета Іванаўна прыехала па размеркаванні пасля заканчэння Ашмянскага педагагічнага вучылішча. Клуба ў вёсцы не было, таму танцы ладзілі ў школе. Аднойчы завітаў сюды Іван Страшкевіч, які толькі вярнуўся з цаліны. Убачыў прыгожую маладзенькую настаўніцу, запрасіў на танец і прыкіпеў да яе ўсім сэрцам. Праз нейкі час пажаніліся, пабудавалі свой дом. І Лізавета Рогач, змяніўшы прозвішча на Страшкевіч, змяніла месцажыхарства на ўсё астатняе жыццё. Хоць родам была з вядомага сваімі таленавітымі ўраджэнцамі Вётхава.

Самыя першыя яе дзіцячыя ўспаміны неад’емна звязаны з Залессем і палацам Агінскага. Праўда, у палацы апошнім часам жыла пані Жаброўская. Калі яна, кінуўшы ўсё ў 1939 годзе, з’ехала ў Польшчу, многія мясцовыя не супраць былі пажывіцца дармавым. Сям’я Рогачаў, хоць і бедна жыла, але на чужое не квапілася. Толькі аднойчы, калі ўжо пачалася вайна (а даведаліся пра гэта з рэпрадуктараў на чыгуначнай станцыі Залессе) і калі чорныя зграі нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў некалькі дзён запар праляталі ў бок Мінска, Ліза са старэйшай сястрой асмеліліся зайсці на кінутую сядзібу. Нахапалі нейкага посуду і шчаслівыя рушылі дахаты. На паўдарозе іх спужалі нямецкія матацыклісты. Дзеці схаваліся ў жыце, напружаным слыхам ловячы гутарку на незнаёмай мове і калоцячыся ўсім целам. Як толькі нечаканыя госці праехалі ў бок Залесся, дзяўчынкі пабеглі дадому, кінуўшы ўсе вынесеныя з сядзібы рэчы.

Лізавета Іванаўна ўспамінае, што Вётхава была бедная вёска, глеба тут дрэнная, неўрадлівая. У сям’і чацвёра дзяцей, адзін меншы за другога. Але гаспадарку бацькі добрую трымалі і свае два гектары зямлі апрацоўвалі. Калі вайна пачалася, то іх кут ператварыўся ў вельмі небяспечны ўчастак, дзе кулі свісталі амаль што кожны тыдзень. Немцы ў бліндажах і ў акопах хаваліся, а мясцовы люд у скляпах ды ў лясочку. З-за Віліі па начах часта наведваліся партызаны. Забіралі харчаванне, вопратку, даматканае палатно. Днём наляталі немцы ці паліцаі, шнырылі па хатах, шукаючы, чым пажывіцца. Маглі ўсю сям’ю расстраляць па падазрэнні ў сувязі з партызанамі. Вайна забрала ў Лізы спачатку бабулю, потым малодшага брата, а затым і бацьку. Горкія слёзы коцяцца па шчоках жанчыны, калі яна ўспамінае, як нечакана забралі яе тату на вайну. Маці і іншыя вясковыя кабеты, наскладаўшы нейкія пакуначкі ў дарогу, па рацэ на лодках даплылі ажно да Вілейкі, але там іхніх мужоў ужо не было. Спазніліся. Мала хто з мужчын наогул вярнуўся дадому з франтоў Айчыннай вайны. З трох дзядзькаў Лізаветы, жывы застаўся толькі адзін. Без вестак прапаў тата.

Вайна – гэта голад, холад, хваробы, страх, пякельная, не па сілах дзіцяці праца. Фактычна дзяцінства хлопчыкаў і дзяўчынак, якія нарадзіліся ў перадваенную дзесяцігодку, скончылася з першымі выбухамі снарадаў. Ліза разам са сваімі сёстрамі з ранку да ночы працавалі, дапамагаючы маці ў полі і па гаспадарцы. Пасля вайны лягчэй не стала. Не маючы бацькі, усю мужчынскую работу ўзялі на свае плечы. Захварэла і памерла старэйшая сястра. Але жаданне вучыцца было вельмі вялікім. А маці, перажываючы за лёс сваіх дзвюх дачок, выправіла іх вучыцца ў Ашмяны. Абедзве сталі настаўніцамі. Пра час вучобы ў педагагічным вучылішчы Лізавета Іванаўна таксама ўспамінае з боллю ў сэрцы. Бо і недаядалі, і мерзлі, і апрануць не мелі нічога прыстойнага. Была толькі вера ў тое, што іх пакуты нарэшце скончацца і жыццё стабілізуецца. Так яно і адбылося.

Сёння Лізавета Іванаўна Страшкевіч часта жыве ў дачкі Алы ў Мінску, здароўе падводзіць, патрэбен уважлівы догляд урача. Яна багатая бабуля і нават прабабка. Радуецца поспехам сваіх дзяцей і ўнукаў, пры магчымасці дапамагае, хоць парадай. Да яе прыслухоўваюцца, паважаюць. А яна, як усе, хто перажыў ваеннае ліхалецце, зычыць толькі аднаго – мірнага неба і спакою.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "Светлы шлях"
Фота аўтара

Каментаваць