«Майстэрства і натхненне»

26.02.2015 23:28Views:
теребун-5-ц-300x178

Аўтограф на памяць для сям’і ЧАПЁЛКІНЫХ

Менавіта пад такой назвай у мінулую пятніцу ў гісторыка-краязнаўчым музеі ўрачыста адкрылі выставу, прысвечаную скульптуры Беларусі. Тут прадстаўлены работы Ісаака Іткінда (якога называлі “Ван Гогам у скульптуры”) і самадзейнага майстра з Залесся Аляксандра Жываева, які меў толькі левую руку і тварыў. На жаль, няма ўжо гэтых людзей у жывых.

На выставе таксама можна пазнаёміцца з творамі заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь скульптара Уладзіміра Церабуна і маладых скульптараў, удзельнікаў пленэру ў Смаргоні. Тут прэзентуецца ілюстрацыйны матэрыял помнікаў, якія зрабілі беларускія скульптары на працягу апошніх 20 гадоў, і інфармацыя пра скульптурны камбінат, які працуе ў Беларусі больш за паўстагоддзя. Усяго прадстаўлены 43 творы 27 аўтараў.

Падчас адкрыцця выставы адбылася прэзентацыя сайта цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Гродна, дзе сабрана багатая інфармацыя пра Уладзіміра Церабуна (centrbibl.grodno.by/museum/terabun/index.htm). Пра гэтага творцу мне хочацца расказаць асобна.

Афарызмы Уладзіміра Церабуна
теребун-3-ц-300x163

Старшыня райсавета дэпутатаў Іван РАМАНОВІЧ і новы дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Марына КІРОЎСКАЯ перарэзалі стужачку, і… выстава адкрылася

“Матэрыяльны недахоп у сям’і падштурхоўваў нас, дзяцей, знайсці багацце ў сабе”.

Уладзімір нарадзіўся ў шмат-дзетнай сям’і, ён быў самым малодшым, шостым дзіцем. Жылі небагата. Цацак прыгожых не мелі. Таму з ранняга дзяцінства хлопчык нешта прыдумваў, майстраваў сваімі рукамі: верталёты, ракеты, караблі, плоскіх і каробчатых змеяў… Дровы, якія бацька прывозіў дадому з лесазавода, станавіліся для Валодзі матэрыялам для творчасці. Спачатку гэта былі дробныя прадметы, пасля стаў выразаць з дрэва і даволі вялікія рэчы.
Бацька, заўважыўшы здольнасці дзяцей да малявання, стаў купляць ім фарбы. У сям’і шмат спявалі хорам. Акардэон, цымбалы, фартэпіяна — не кожная сям’я магла на той час пахваліцца, што мае хаця б адзін музычны інструмент. У Церабуноў былі ўсе гэтыя інструменты.

Напэўна, мала хто ведае, што з’яўленне металічных ножак на цымбалах належыць менавіта Уладзіміру Церабуну. Раней гэты інструмент музыкі трымалі на нагах. Ён быў цяжкаваты і час ад часу ссоўваўся з месца. Тады майстар прыдумаў “паставіць цымбалы на ногі”, якія адкручваліся і прыкручваліся (адбылося гэта ў 1963 годзе). Пусціў у ход сваю інжынерную думку. Неўзабаве на аглядзе калектываў мастацкай самадзейнасці ў сталіцы смаргонскі цымбальны аркестр, якім кіраваў на той час Аляксандр Дзяруга, выдзеліўся не толькі высокім выканальніцкім майстэрствам, але і знешнім выглядам музычных інструментаў. Праз год Барысаўская фабрыка стала выпускаць цымбалы з яго канструкцыяй.

“Аляксандр Дзяруга стаў для смаргонскіх дзяцей сапраўдным Макаранкам”. Сярод шматлікіх выхаванцаў няўрымслівага смаргонскага педагога Аляксандра Дзяругі быў і Уладзімір Церабун. “Не толькі на мяне, але і на вялікую колькасць смаргонскіх дзяцей гэты чалавек аказаў вялікі ўплыў, — сцвярджае наш суразмоўца. — Ён арганізаваў цымбальны аркестр, аркестр народных інструментаў. Быў сярод стваральнікаў ансамбля імя Агінскага. Сам музыку пісаў і акрамя гэтага выключна валодаў фатаграфіяй. Ні адну сотню фотаздымкаў раздрукоўваў і раздаваў дзецям, не беручы за гэта ні капейкі”.

Ён дапамог Валодзю асвоіць цымбалы, балалайку, гітару, фартэпіяна, акардэон. Аднойчы на аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Гродне хлопец добра сыграў на балалайцы і атрымаў прыз — невялікі фотаапарат. Фатаграфаванне — адзін з самых любімых заняткаў Уладзіміра Васільевіча на працягу паўсотні гадоў. А музыка і спевы — яшчэ больш. Уладзімір Васільевіч часта бярэ ў рукі гітару і цудоўна спявае рамансы (іх у яго рэпертуары ажно 25). Хто быў на адкрыцці выставы, мог у гэтым пераканацца.

“Сем месяцаў катаржнай працы прынеслі мне вядомасць”. Ужо на трэцім курсе да маладога скульптара прыйшла першая творчая перамога. Ён выйграў конкурс на стварэнне мемарыяльнага комплексу «Дальва», аб’яўлены сярод студэнтаў. Яго праект быў прызнаны лепшым. Гэта работа стала дыпломнай. Валодзю “Дальва” дала магчымасць атрымаць дыплом з “адзнакай” і на год раней скончыць інстытут. За яе малады творца атрымаў прэмію Ленінскага камсамола БССР. “Уручалі мне яе разам з “Песнярамі”, гэта я ўдакладняю пра той вялікі ўзровень, якога трэба было дасягнуць, каб атрымаць прэмію, — кажа Уладзімір Церабун, — матэрыяльна я не пабагацеў, але “Дальва” стала мне добрым трамплінам у мастацкае жыццё. Праз чатыры гады мяне прынялі ў Саюз мастакоў”.

“Каб дабіцца поспеху, аднаго таленту мала, трэба яшчэ вялікая штодзённая праца і патрабавальнасць да сябе”.

теребун-6-ц-300x228

І Уладзімір Васільевіч тут жа цытуе мастака Ілью Рэпіна: “Так называемае натхненне — гэта, па сутнасці, узнагарода за катаржную працу”. А вось што напісаў пра майстра Аляксандр Ларыёнаў, знакаміты мастак, скульптар, педагог: “Церабун пазбягае слова “натхненне”, аддаючы перавагу “працы”. Ён не чакае нябёснае інспірацыі. Праца кожнага дня — вось умова яго творчых набыткаў”.

“Калі займаешся чымсьці, трэба рабіць гэта дасканала”, — яшчэ адзін афарызм, які лагічна прадаўжае тэму творцы.

Колькі на рахунку Уладзіміра Церабуна работ? Ён і сам гэтага не ведае. Дакладна вядома: 24 творы манументальнага мастацтва. Увогуле, ён майстар шматгранны. Правёў шэраг эксперыментаў у выкалатцы з металу, у скульптуры з мазаікай, у кампа-зіцыі са шкла, керамікі і металу, у круглай і рэльефнай скульптуры, пазней зацікавіўся графікай, акварэллю, алейным жывапісам. Творца называе лічбу “2000” і тут жа ўдакладняе: гэта тое, што прыпомніў. Дарэчы, у Смаргоні ўстаноўлена сем яго работ. Асобна можна гаварыць пра 37 нерэалізаваных праектаў.

Напрыканцы мінулага года выйшаў поўнакаляровы, добрай якасці альбом, у якім сабрана ўся спадчына таленавітага земляка. Яго, дарэчы, можна набыць у музеі. Цяпер Уладзімір Васільевіч зноў хоча вярнуцца да керамікі, прывёз у Смаргонь з Гродна ганчарны круг і ёсць надзея, што ён яшчэ парадуе сваімі арыгінальнымі вырабамі з гліны.

“У сваім мастацтве імкнуся да сімвалу. Не хачу проста адлюстроўваць тое, што адбывалася, а праз алегорыю хачу загаварыць пра тую ці іншую трагедыю, гэтым зачапіць чалавека, прымусіць задумацца”.

Хто хоць крыху дакрануўся да работ майстра, разумее, пра што гэта. Хто яшчэ не дакрануўся, тады ідзіце на выставу ў музей (яна будзе працаваць да 8 сакавіка), зразумееце, якога цікавага, апантанага і таленавітага творцу выгадавала смаргонская зямля. А калі няма такой магчымасці, то зайдзіце хаця б на сайт Уладзіміра Церабуна.

Галіна АНТОНАВА, "Светлы шлях"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць