Чаму Язэп Драздовіч − гэта беларускі Леанарда да Вінчы

25.02.2015 22:33Views:
images-cms-image-000029019Пра тое, як геніяльны мастак захапіўся космасам, закахаўся ў жонку Браніслава Тарашкевіча і пакінуў творы, якія зачароўваюць і падаюцца жывымі, распавядае ўкладальнік кнігі краязнаўца Міхась Казлоўскі.

Адказваючы на пытанне, колькі часу заняла падрыхтоўка тома, Міхась Казлоўскі прыгадаў размову са сваёй настаўніцай Яўгеніяй Чаплінскай:

− Калі я распавядаў, колькі рыхтаваў да выхаду тую ці іншую кнігу, Яўгенія Фамінічна заў­важыла: “Ты яе рабіў гэты перыяд, а рыхтаваў усё жыццё”. Такія кнігі знянацку не атрымліваюцца. Асоба Язэпа Драздовіча стала для мяне важнай з пачатку 80-х гадоў, калі я ўпершыню ўбачыў яго працы. Яны мяне проста зачаравалі. Я быў закаханы яго працамі, пачаў хадзіць яго сцежкамі.

Як хадзіў на магілу Драздовіча

Краязнаўцу чакалі сапраўдныя прыгоды, калі ён вырашыў наведаць магілу творцы. Разам з братам ён прыйшоў у вёску Ліпляны на Глыбоччыне, дзе пахаваны мастак. Куды ісці далей, не ведалі, і пагрукалі ў дзверы пляменніцы Драздовіча. Быў кастрычнік, цёмна, праліўны дождж. Жанчына не спужалася і пусціла незнаёмцаў пераначаваць. А раніцай гасцей чакалі конаўкі з малаком, хлеб, а ў запісцы гаспадыня папрасіла пакласці ключы ў пэўным месцы. Раніцай браты схадзілі на магілу да Драздовіча.

− Я ўсё жыццё ішоў да Драздовіча, любіў яго творчасць, − гаворыць Міхась Казлоўскі. − Ён жа сказаў, невядома, да каго звяртаючыся, магчыма, і да мяне: “Мяне яшчэ пашукаюць”.

Як Драздовіч закахаўся ў Радашкавічах

Краязнаўцу з Мала­дзечна цікавіў перыяд жыцця мастака ў Радашкавічах. Дакладна невядома, калі той працаваў у Радашкавіцкай беларускай гімназіі, але, найхутчэй, у 1925-1926 гадах. Тут ён стварыў першы партрэт Францішка Скарыны, заснаваў мастацкую студыю, працаваў над алегарычнай казкай “Сон Гераноса”. Тут закахаўся ў Веру Андрэеўну Тарашкевіч, жонку Браніслава Тарашкевіча. Яна яму адказала катэгарычным “Не”. Мастак жа ў адказ намаляваў шарж на Тарашкевіча: што той галапуе на кані, толькі седзячы тварам да крыжа. У адказ заснавальнік гімназіі Уладзімір Уласаў, які быў дзядзькам Веры Андрэеўны, папрасіў творцу пакінуць Радаш­кавічы.

Чаму Драздовіч − геній і беларускі Леанарда да Вінчы

Міхась Казлоўскі заклікае не баяцца гучна называць беларускіх творцаў геніямі, калі яны гэтага заслугоўваюць. Драздовіча ён ацэньвае як геніяльнага мастака зямлі беларускай, сакрэт славы і незвычайнай папулярнасці якога палягае ў нацыянальнай прынцыповасці і шматграннай універсальнасці.

Аднак у 30-я гады да касмічных фантазій аўтара ставіліся па-рознаму, не вельмі сур’ёзна і часам нават кпілі. Міхась Міхасевіч такі падыход называе памылковым: Драздовіч вывучаў астраномію, наколькі яму дазвалялі магчымасці. Ён прыходзіў у Віленскую абсерваторыю, глядзеў праз тэлескоп на зоркі, цікавіўся навукай. У час Цыялкоўскага такое захапленне было натуральным. Укладальнік упэўнены, што, калі б беларусы ў той час мелі сваю дзяржаву, пра Драздовіча на поўным сур’ёзе гаварылі б як пра другога Цыялкоўскага.

Адзін з даследчыкаў творчасці мастака Юрась Малаш яго працу “Нябесныя бегі” адаслаў у Расійскую акадэмію навук. У адказе напісалі, што гіпотэзы ўнікальныя, але крыху размінуліся з часам. Калі б ён выдаў свае тэорыі раней, пра яго гаварылі б як пра асобу ў галіне астраноміі.

− Тады быў час такі, што многім не хапала ведаў, − тлумачыць Міхась Казлоўскі. − Але дайце права на інтуіцыю! На некаторых яго работах 30-х гадоў ў скафандрах ідуць людзі, а першыя касмічныя скафандры з’явіліся ў 50-х. Тлумачыў гэта тым, што да яго прыходзілі фантастычныя сны. Гэта дзіва! У яго графіцы я бачу, як шуміць вецер у дрэвах. Няўжо вы не бачыце, што яны жывыя, як яны хістаюцца. Пры гэтым аўтар мае фактычна пачатковую мастацкую адукацыю. Гэта інтуіцыя, Божы дар, геніяльнасць!

Нацыянальная прынцыповасць Драздовіча відавочная: усе свае работы падпісваў па-беларуску, па-беларуску вёў дзённікі, беларуская мова стала мовай што­дзённага ўжытку. Міхась Казлоўскі дадае: за што ні браўся творца − паў­сюль пакінуў след. У галіне астраноміі, мастацтва, літаратуры, археалогіі, этнаграфіі. Таму беларускі мастак Пётр Сергіевіч і назваў Драздовіча беларускім Леанарда да Вінчы.

Вандроўнік і дзівак

Драздовіч, хоць і паходзіў са шляхетнага роду, жыў бедна, шмат падарожнічаў. Каб зарабляць, маляваў сялянам дываны. Пры жыцці яго лічылі дзіваком, часам наіўным − але хто акрамя дзівакоў створыць нешта, што выходзіць за межы звычайнага. Міхась Казлоўскі заўважае, што з усіх дзеячаў мінулага яго архіў захаваўся найлепш − і дзённікі, і мастацкія працы, і літаратурныя.

Кніга канцэнтруе драздовічазнаўства

Галоўнай цяжкасцю ў падрыхтоўцы ўкладальнік называе тое, што не было бібліяграфіі Драздовіча. У слоўніку “Беларускія пісьменнікі” пад рэдакцыяй прафесара Адама Мальдзіса ёсць толькі некалькі пазіцый. “Праз церні да зорак” упершыню збірае даследчыя працы і літаратурныя работы, а таксама спадчыну творцы, якія разам раскрываюць геній беларускага мастака.

Пасля канферэнцыі ў 2013 годзе, прысвечанай 125-годдзю Язэпа Драздовіча, госці прапанавалі Міхасю Казлоўскаму падрыхтаваць зборнік. Кнігу “Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак” выпусціла выдавецтва “Мастацкая літаратура” па заказе і фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Укладальнік Міхась Казлоўскі, мастацкі рэдактар Анастасія Капульцэвіч, рэдактар Анатоль Зэкаў.

У першай частцы зборніка размешчаная навукова-папулярная публіцыстыка, дзе аўтары разглядаюць розныя аспекты творчасці і дзейнасці Драздовіча. У другой частцы − творы, прысвечаныя мастаку. У трэцяй частцы − спадчына Драздовіча: аповесць “Вялікая шышка”, паэма “Трызна мінуўшчыны”, дзённік. Асобным блокам стаіць ілюстрацыйная частка − мастацкія творы і факсіміле кнігі “Нябесныя бегі”.

Выданне “Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак” адкрывае асобу Язэпа Драздовіча для тых, каму ён сказаў “мяне яшчэ пашукаюць”.

Кніга ў лічбах

− Важыць 2,5 кілаграма
− Наклад 1000 экзэмпляраў
− 543 старонкі + блок ілюстрацый.

ЗОЯ ХРУЦКАЯ, "Рэгіянальная газета"
У Маладзечне пройдзе лекцыя, прысвечаная Язэпу Драздовічу

Каментаваць