Па слядах Ганны Цюндзявіцкай

17.02.2015 22:42Views:
17-16Калі выдавецтва «Полымя» ў 1993 годзе ўпершыню выдала кнігу «Літоўская гаспадыня» ў перакладзе на беларускую, велізарным накладам, гэта была вялікая сенсацыя. Кніга выклікала тады гарачыя спрэчкі: ці мае кніга з такой назвай дачыненне да нашай гісторыі і культуры? Асоба самой аўтаркі, Ганны Цюндзявіцкай, у параўнанні са зместам гэтай славутай гаспадарчай энцыклапедыі ХІХ стагоддзя, заставалася ў цені. Ды і сам змест, у практычным яго аспекце, тады цікавіў чытачоў менш, чым прэцэдэнт, чым сімвалічная дэкларацыя: вось, шляхецкая гаспадарчая кніга, няруская, але ж наша!

Змянілася цэлае пакаленне, перш чым беларусы сапраўды асвойталіся з «Літоўскай гаспадыняй»: некаторыя рэцэпты з кнігі вярнуліся ў практычны ўжытак, а па мясцінах, непасрэдна звязаных з жыццём Ганны Цюндзявіцкай, цяпер ужо праходзяць экскурсіі з дэгустацыямі і майстар-класамі. Першая такая вандроўка адбудзецца 22 лютага, акурат на апошні дзень Масленіцы. І, як высвятляецца, усе найбольш важныя для жыцця нашай гераіні кропкі на мапе знаходзяцца зусім побач з Мінскам. Так што дакрануцца да тых бярвенняў і камянёў, да якіх дакраналася «літоўская гаспадыня», цяпер можна ўласнымі рукамі. А гэта — важкі аргумент у спрэчцы, ці нашая гэта спадчына.

Наша будучая гераіня, Ганна Прушынская, нарадзілася 18 ліпеня 1803 года ў Каралішчавічах на Свіслачы, усяго за некалькі кіламетраў ад сучаснай гарадской мяжы Мінска, у сям’і падкаморыя мінскага Міхала Прушынскага (герба Агоньчык) і Тэклі з Валянскіх. Ахрышчана была ў мясцовым драўляным касцёле Апекі Маці Божай, які нейкім цудам дажыў да нашых дзён, хаця і ў выглядзе калгаснага клуба (сёння ўжо зачыненага).

З гэтым жа сціплым будынкам звязана яшчэ некалькі годных імёнаў: у 1861 годзе яго наведаў славуты кампазітар Станіслаў Манюшка, які склаў апісанне мясцовага аргана; у 1873 годзе тут узяў шлюб са сваёй 18-гадовай кузінай Марыяй Прушынскай славуты польскі і рускі мастак Генрых Семірадскі, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў позняга акадэмізму. А ў 1885 годзе тут развіталіся і пахавалі на мясцовым цвінтары Яна Эдварда Ваньковіча, энтамолага з еўрапейскай вядомасцю.

Атрымаўшы хатнюю адукацыю і правучыўшыся некалькі гадоў у віленскім пансіёне Дэйбеляў для дзяўчат-шляхцянак, 19 лістапада 1826 года Ганна Прушынская выйшла замуж за Юзафа Цюндзявіцкага, былога маршалка шляхты Барысаўскага павета. Гэта адбылося ў заслаўскім касцёле ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, які зведаў пазней не менш пакручасты лёс, чым касцёл у Каралішчавічах. Але таксама, з Божае ласкі, дажыў да нашых дзён і нават выдатна рэстаўраваны. Шкада, што не дажыла да нашых дзён сядзіба ў Кішчынай Слабадзе сучаснага Барысаўскага раёна, дзе Цюндзявіцкія пасяліліся пасля шлюбу і вялі ціхае сямейнае і гаспадарчае жыццё. Пра яго дэталі мы ведаем мала, можам толькі ўявіць, ведаючы ў агульных рысах, як жылі іншыя шляхецкія сем’і сярэдняй заможнасці. Гадавы абарот сезонаў з іх клопатамі; амаль натуральная, хоць і вельмі разнастайная, гаспадарка, нарыхтоўка запасаў, а таксама дзеці, хваробы, прыгонныя сяляне, касцёл — усе абавязкі маці і жонкі Ганна выконвала ўзорна. І нават паспявала асэнсоўваць іх, заўважаць і занатоўваць заканамернасці, адбіраць лепшыя спосабы, як забяспечваць сям’ю і прыслугу ўсім неабходным, сачыць за здароўем усіх, падтрымліваць жаноцкую прывабнасць. З яе шасцярых дзяцей — 2 хлопчыкаў і 4 дзяўчынак — ніхто не памёр у дзяцінстве (што было нормай тых часоў), усе дажылі да шлюбу.

44.2

У выніку шматгадовай працы і ўважлівых назіранняў хатняй гаспадыні і з’явілася «Літоўская гаспадыня», якая выйшла ў свет у 1848 годзе ў выдавецтве Завадскіх у Вільні. Наклад першага выдання быў раскуплены вельмі хутка, і ў выніку спатрэбіліся яшчэ 5 выданняў кнігі на польскай мове і адно — на рускай. Згодна з воляй аўтаркі, праз яе прыродную сціпласць, усе выданні пабачылі свет ананімна. Так што нават сёння шмат хто з гісторыкаў і культуролагаў не ведае сапраўднага імя аўтаркі бестселера ХІХ стагоддзя. А неўзабаве, на 47-м годзе жыцця, Ганна Цюндзявіцкая памерла (18 красавіка 1850 года). Не пакінуўшы па сабе гучнай славы і нават партрэта або фотаздымка (прынамсі, да нас яны не дайшлі) — толькі дзяцей, добрае імя, вядомае ў вузкім коле, і кнігу. Нават не адну: пасля яе застаўся таксама рукапіс «Гаспадарчага штогодніка», які падрабязна распісваў гаспадарам і гаспадыням усё, што яны павінны рабіць на працягу года: у хаце, на полі, у аборы, садзе, на лугах, у пчальніках. Кніга выйшла пасмяротна ў 1854 і 1861 гадах. І, як пісаў біёграф пані Ганны Аляксандр Ельскі, «трэцяя, вельмі важная праца Цюндзявіцкай, якая засталася ў рукапісах, належным чынам не ўпарадкаваных, уяўляе сабой лекарскі даведнік для жанчын, прызначаны для дапамогі вясковаму люду ў лячэнні хвароб». На жаль, гэты рукапіс сям’я выдаць з нейкіх прычын не здолела, і ён, хутчэй за ўсё, загінуў, як і большасць панскіх папер у нашым краі.

Рэдагавала «Літоўскую гаспадыню» жонка выдаўца Завадскага Вінцэнціна, і гэтая праца наштурхнула яе на думку напісаць уласную кнігу, ужо чыста кулінарную. А апошняе выданне, 1873 года, правы на якое ўжо выкупіла выдавецтва, Вінцэнціна Завадская таксама істотна дапрацавала і дапоўніла. А яшчэ праз нейкі час кніга страціла актуальнасць: новыя, значна больш жорсткія, рынкавыя ўмовы зрабілі той лад жыцця, які паўстае са старонак «Літоўскай гаспадыні», немагчымым. Кошт найму рабочых рук болей не дазваляў рабіць дома ўсё — ад свечак і канфітураў да фарбаў і кажухоў, канкурыруючы з прамысловымі прадпрыемствамі. Канчатковую рысу пад старым ладам жыцця і нават пад самім геаграфічным паняццем «Літва» ў дачыненні да Мінска, Заслаўя, Барысава і ўсёй сучаснай цэнтральнай Беларусі падвёў сусветны аграрны крызіс пачатку 1880-х гадоў.

Аднак сёння многія людзі ўжо стаміліся ад масавай вытворчасці і масавай культуры. І менавіта гэта забяспечвае «Літоўскай гаспадыні» і апісанаму ёй ладу жыцця другое жыццё. Такое жыццё, натуральна, сёння немагчыма весці штодня, але яго магчыма часткова рэканструяваць, уявіць. Уласна, такой мэце і прысвечана экскурсія па мясцінах Ганны Цюндзявіцкай, на якую яшчэ можна запісацца. І прытым пакаштаваць свойскі бездражджавы хлеб, пернікі і своеасаблівы «яблычны сыр», папулярны некалі ласунак. Усё — паводле рэцэптаў «Літоўскай гаспадыні». Далібог, гэта сапраўдны прывілей — падарожжа ў мінулае, на 170 і болей гадоў. І выдатны спосаб адсвяткаваць Масленіцу.

Яблычны сыр ад Ганны Цюндзявіцкай у адаптацыі штукарскай пекарні і цукерні Žorny

яблычны сыр

Спосаб прыгатавання: Кіслыя яблыкі, без лупіны і асяродка, разразаюць на чатыры часткі, кладуць у новы гаршчок і наліваюць столькі вады, каб яна пакрыла плады. Потым накрываюць пасудзіну цестам ці мокрым кавалкам палатна і ставяць у печ.

Калі яблыкі адразу добра не спякуцца, ставяць у печ яшчэ раз. Пасля вымаюць, праціраюць праз густое сіта, дадаюць падрумянены мёд (мёду і яблычнай масы бяруць аднолькавую колькасць) і гатуюць да належнай гушчыні, часта памешваючы, каб маса не прыгарэла. Вараць, увесь час мяшаючы, пакуль маса не будзе адставаць ад лыжкі.

Перш чым зняць з агню, насыпаюць трохі апельсінавых лупін, што перад гэтым варыліся ў вадзе да мяккага стану, а таксама імбір, гваздзіку і духмяны перац. Потым выкладваюць масу ў папярэдне намочаную ў вадзе і адціснутую сурвэтку, перавязваюць яе і змяшчаюць пад прэс. Выняты з-пад яго сыр захоўваюць у шчыльна накрытай фаянсавай ці глінянай пасудзіне.

Газета "Звязда"

Каментаваць