Наваселле ў музеі

10.01.2015 16:37Views:
аваНа парозе Залескай школы з’явіўся хлопчык і тут жа знік за зачыненымі дзвярыма. Пра тое, што ён быў “разведчыкам”, я здагадалася, калі мой уваход у фае школы быў сустрэты вітальнай “жывой” музыкай духавога аркестра. У гэты дзень, пазначына ў праваслаўным календары як дзень Святога Мікалая, так сустракалі тут усіх гасцей, незалежна ад пасады і сацыяльнага статусу. А падставай стала ўрачыстае адкрыццё пасля рэстаўрацыі школьнага музея “Маё Залессе”.

Сёлета ў межах праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуе ПРААН, у школьным музеі Залескага вучэбна­педагагічнага комплексу праведзены капітальны рамонт. У 2013 годзе Валянціна Шыпілава напісала праект “Стварэнне школьнай бізнес­кампаніі па развіццю экатурызму”. У яго рамках быў і грант.

Загадчык музея Аляксандр Міхалкоўскі расказаў, што за грошы гранта набыта і ўстаноўлена нестандартнае абсталяванне, выставачная мэбля, стэнды, вітрыны, прыборы для падсвятлення экспазіцыі. Значна пашырае магчымасці ў абслугоўванні экскурсій і правядзенні музейных урокаў інтэрактыўная дошка і праектар. А пачынаўся музей з “Кутка баявой славы” яшчэ напрыканцы сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя.

P1050021

Падчас афіцыйнай часткі вядучыя і выступоўцы згадвалі пачынальнікаў: Марыю Багдановіч, Кузьму Міхалкоўскага, Уладзіміра Ліхоту і іншых. За гады існавання ўстановы сюды наведваліся шматлікія паважаныя госці. У кнізе водгукаў пакінулі свае аўтографы пісьменнікі Віктар Шніп, Уладзімір Арлоў, Данута Бічэль, Павел Савоська, краязнаўца Міхась Казлоўскі, спявак Віктар Скарабагаты, археолаг Марыям Паўлоўская. У музеі налічваецца 227 экспанатаў, у тым ліку 175 – асноўнага фонду.

Дырэктар школы Канстанцін Грудзіна выказаў падзяку дырэктару мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” Але Шыцікавай, а таксама Галіне Мацюшэнка і Кацярыне Шарай.

Першую экскурсію пасля абнаўлення правялі юныя экскурсаводы. “Берагіня” Ангеліна Кенька вітала прысутных у відэапрэзентацыі. Насця Ключнік распавядала пра “Паўночныя Афіны” і іх славутага гаспадара.

P1050040

Алеся Гарохава, якая знаёміла з гісторыяй Залесся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з гонарам паведаміла, што падпольшчык Васіль Козел – родны брат яе бабулі. Вартасна выступілі і іншыя гіды. Дарэчы, многія з іх могуць праводзіць экскурсіі на рускай, беларускай і нават англійскай мовах. Гэта вельмі важна, бо, як паведаміла Ала Шыцікава, музей “Маё Залессе” ўключаны ў маршрут турыстычнага кластару разам з сядзібай князя Агінскага, Домам рамёстваў, Батлейкай, іншымі аб’ектамі аграгарадка.

Цікавасць да мінуўшчыны, да гісторыі края год ад году толькі расце. Падтрымліваць інтарэс – галоўная задача педагогаў і вучняў.

Ала КЛЕМЯНОК
Фота аўтара і Алы Шыцікавай

Каментаваць