Падарожжа да калыскі Беларусі

01.12.2014 13:11Views:
полацкДзесяць актыўных жанчын Залесся накіраваліся на экскурсію ў старажытны горад Полацк. Паездка была наладжана арганізацыяй “Чырвоны Крыж” Гродзенскай вобласці, у ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі ініцыятыўных груп Гродна, Астраўца, а. г. Залесся (дваццаць чатыры падарожнікі).

Першым вядомым па летапісных крыніцах князем Полацкай зямлі быў Рагвалод, і першая пісьмовая згадка пра Полацк адносіцца да 862 года… Дарога не здоўжылася, бо дзяліліся ведамі пра горад, што ляжыць на раздарожжы гістарычных шляхоў. Праграма паездкі была прадуманай і выдатна падрыхтаванай.

У першы вечар была наладжана сустрэча з рэжысёрам і артыстамі фільма “Белыя Росы. Вяртанне”, а таксама прагляд кінастужкі. Другі дзень – экскурсія па горадзе. Помнікі асветніку Францыску Скарыне, Семяону Полацкаму, святой Еўфрасінні Полацкай… Уразіў нас помнік Гераіні Вялікай айчыннай вайны Зінаідзе Тусналобавай-Марчанка, якая ў баях страціла рукі і ногі, але змагла жыць, працаваць, прымаць удзел у грамадскім жыцці і выхаванні моладзі. Не маглі мы не пабываць і каля сучасных помнікаў – “Цэнтр Еўропы” і “Ў нескладовае”.

Пасля чайнай паўзы наведалі самае старажытнае на беларускай зямлі мураванае збудаваннне – Сафійскі сабор, які стаў сімвалам беларускай культуры. Там мы паслухалі канцэрт арганнай музыкі. Нязвыкла ў праваслаўным храме слухаць арган, але ж ён расказвае нам пра спалучэнне ў полацкай зямлі хрысціянства і язычніцтва, праваслаўя і каталіцтва, уніяцтва і пратэстанцтва, пра мудрую цярплівасць яе жыхароў...

Дзве гадзіны працягвалася наша сустрэча з ініцыятыўнымі групамі Чырвонага Крыжа Полацка, Ветрына, Расонаў, прадстаўнікі якіх распавядалі нам пра формы і метады сваёй працы, а ў адказ мы распавядалі ім пра тыя мерапрыемствы, дзе прымалі актыўны ўдзел. Уся праца ініцыятыўных груп скіравана на дапамогу людзям сталага ўзросту, інвалідам дзяцінства жыць цікава.

Полацк – горад князя Усяслава, але ён таксама і горад першай святой на ўсходнеславянскіх землях – Еўфрасінні Полацкай (князёўны Прадславы ў дзяцінстве, унучкі Усяслава Чарадзея).

Экскурсія па Полацку была б не завершанай, калі б мы не пабывалі на тэрыторыі Еўфрасінеўскага манастыра, дзе наведалі храмы і прыклаліся да крыжа святой Еўфрасінні. Да самай вайны ў беларускіх музеях захоўваўся крыж, зроблены майстрам-ювелірам Лазарам Богшам, а потым, пасля другой сусветнай, ён знік, сляды яго прамільгнулі недзе ў Амерыцы. Цяпер зроблена дакладная копія крыжа Лазара Богшы, які выносіцца для пакланення толькі па суботах… Святар вынес нам яго ў чацвер. У суседняй царкве захоўваюцца мошчы святых, якія былі дастаўлены з Кіева. Пакланіліся і ім.

Перад ад’ездам дадому наведалі выставу-продаж “Кладзезь” Свята Елізавецінскага Мінскага манастыра, дзе набылі падарункі і сувеніры для сваіх блізкіх.

Уражаныя ўсім убачаным, шчыра ў душы дзякуючы арганізатарам цудоўнай паездкі, падарожнікі не прыкмецілі, як вярнуліся ў родныя мясціны…

Кіра Канстанцінаўна Радзіёнава

Каментаваць