У Залессі прайшоў “круглы стол” па пытаннях развіцця лялечных тэатраў
20 кастрычніка смаргонскі мясцовы дабрачынны фонд “Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага” правёў “круглы стол” “Роля мясцовай гісторыі, культуры і самабытнага батлеечнага мастацтва ў развіцці сельскай мясцовасці”.
На ім абмеркавалі пытанні асаблівасцяў лялечнай тэатральнай творчасці, стварэнне спрыяльных умоў для іх развіцця і творчага патэнцыялу сельскіх жыхароў, піша zalesse.by. Таксама пытанні арганізацыі мясцовых, нацыянальных і міжнародных лялечных фестываляў.
У мерапрыемстве паўдзельнічалі кіраўнікі, рэжысёры батлеечных тэатраў Залескага Дома культуры, Мірскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Лідскага дома рамёстваў, Смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў са Смаргоні і Мінска, прадстаўнікі мясцовых органаў улады.
Прадстаўнікі творчых калектываў расказалі аб рабоце творчых калектываў, асаблівасцях стварэння лялек. Падзяліліся сваім бачаннем развіцця сучасных лялечных тэатраў.
У сакавіку плануюць правесці міжнародны фестываль батлеечных тэатраў.
Арганізатары “круглага стала” прапанавалі правесці ў сакавіку наступнага года ў Залессі міжнародны фестываль батлеечных тэатраў. Прымеркаваць гэту падзею да Міжнароднага дня лялечных тэатраў. Гэта дапаможа прыцягнуць ўвагу да батлеечных тэатраў, стымулюе спрыяльныя ўмовы для іх дзейнасці і творчай самарэалізацыі жыхароў рознага ўзросту.
Галіна Мацюшэнка, член кіраўніцтва фонду і дырэктар праекта “Самабытныя традыцыі для павышэння якасці жыцця ў сельскай мясцовасці” адзначыла:
– Фестывалю батлеечных тэатраў дапамогуць у арганізацыі мерапрыемства. Дапамогуць тэхнічна.
У бліжэйшы час удзельнікі “круглага стала” ўнясуць свае прапановы па арганізацыі фестывалю і яго падрыхтоўцы.