«А ў баяніста песня льецца чыста…»

19.10.2014 18:39Views:
Дамінік і Чэслаў ЖЫХІ з узнагародамі

Дамінік і Чэслаў ЖЫХІ з узнагародамі

За паспяховае выступленне ў маі гэтага года на міжнародным конкурсе баяністаў-акардэаністаў у горадзе Драгобыч (Украіна) выхаванец школы мастацтваў Дамінік Жых атрымаў дыплом і… запрашэнне ў Італію. Не на адпачынак, а паўдзельнічаць у падобным конкурсе.

І хлопчык не адмовіўся ад запрашэння. Разам са сваім настаўнікам Чэславам Жыхам у кастрычніку ён накіраваўся ў горад Ланчана. Паўдзельнічаў і заняў другое месца ў сваёй узроставай групе.

- Мы не разлічвалі на такі вынік, — прызнаецца Чэслаў Жых, — праўда, ехалі з упэўненасцю, што сорамна не будзе.
Паспрабаваць свае сілы ў Італіі нам прапанаваў сусветна вядомы майстар, музыка і кампазітар, прэзідэнт Украінскай асацыяцыі акардэаністаў Уладзімір Зубрыцкі, чые пласцінкі я ў маладосці слухаў з задавальненнем. Ён родам з Украіны, цяпер жыве ў Італіі. Там ён — арганізатар і старшыня журы конкурсу, узначальваў конкурснае журы на Украіне.

На працягу пяці дзён у Ланчане было сапраўднае свята акардэона і баяна. Сваіх лепшых музыкаў прадставіла Расія, Украіна, Італія, Літва і Беларусь. Усяго каля сотні чалавек. З Беларусі прыехалі тры ўдзельнікі, смаргонец быў самы малодшы.

Шосты год Дамінік займаецца ігрой на баяне. Прызнаецца, што гэтаму занятку ўдзяляе ўвагі больш, чым прадметам агульнадукацыйнай школы. Раней ён хадзіў на танцавальныя заняткі, спрабаваў асвоіць скрыпку, у ансамблі народнай музыкі “Гулянок” іграў на дудзе і гармоніку, у сямейным ансамблі – на ўдарных. Але, на думку хлопчыка, яго інструмент – менавіта баян. І, дарэчы, з пяці дзяцей Чэслава Жыха менавіта Дамінік найбольш падзяляе бацькаву любоў да гэтага інструмента.

Паспяховае выступленне ў Італіі – не адзінае на рахунку Дамініка. Высокія адзнакі журы натхняюць хлопца больш займацца музыкай і прымаць удзел у конкурсах. Няма сумненняў, што ён яшчэ не раз гучна заявіць пра сябе.

Галіна АНТОНАВА, "СШ" 
Фота аўтара

Каментаваць