Дыпланаваныя чытачы

13.10.2014 21:35Views:
IMG_1377-300x220У дзіцячай раённай бібліятэцы падвялі вынікі конкурсу летняга чытання, у якім прынялі ўдзел вучні пачатковых класаў. Гэты конкурс бібліятэкары праводзяць на працягу апошніх дванаццаці гадоў. Такім чынам яны заахвочваюць дзяцей да чытання менавіта ў час летніх канікул.

Каб перамагчы ў конкурсе, трэба было выканаць некалькі ўмоў: актыўна наведваць бібліятэку, шмат чытаць, весці чытацкі дзённік, стаць кніжнымі лекарамі — адрамантаваць некалькі кніг. Некаторыя дзеці малявалі ілюстрацыі да прачытаных твораў. Дзіцячыя малюнкі былі прадстаўлены на выставе.

Самым актыўным наведвальнікам бібліятэкі былі падрыхтаваны дыпломы і прызы. Дыплом І ступені атрымала Насця Шчасліўцава (4“Б” клас, СШ №1), якая штогод удзельнічае ў конкурсе, атрылівала дыпломы, а вось пераможцай стала ўпершыню. Дыплом ІІ ступені ўручылі Паліне Івановай (4 “Б” клас, гімназія). Дыплом ІІІ ступені атрымаў Міша Нахамчык (2 “Б” клас, гімназія). Упершыню ён трапіў у прызёры яшчэ калі быў дашкольнікам. Ужо ў пяцігадовым узросце Міша цудоўна чытаў і рэгулярна наведваў бібліятэку.

Акрамя асноўных пераможцаў, журы выдзеліла і пераможцаў у намінацыях. “Самы захоплены чатач” — Дзяніс Яблонскі (4 “Б” клас, СШ №1) і Насця Мартусевіч (3 “А” клас, СШ №3). “Самы адданы чытач” — сёстры Ілона (3 “А” клас, СШ №1) і Юля (5 “Б”клас, СШ №1) Маўрышчавы. “Самы эрудыраваны чытач” — Аляксандра Дурэйка (4 “Б” клас, гімназія). Журы таксама вызначыла і самага актыўнага маленькага чытача. Чатырохгадовая Ксенія Антонава таксама атрымала дыплом і прыз.

— Калі Ксюшы быў толькі годзік, мы прыйшлі ў бібліятэку і выбралі некалькі дзіцячых кніг, — кажа Галіна Антонова, маці дзяўчынкі. — Кнігі папрасілі аформіць на фармуляр сына-школьніка. Якое ж было здзіўленне, калі нам прапанавалі завесці асабісты фармуляр для Ксюшы. З таго часу мы часта бяром кнігі ў бібліятэцы, цікавых дзіцячых выданняў тут вельмі шмат”.

Юныя чытачы ў той дзень атрымалі яшчэ адзін падарунак — цудоўныя музычныя кампазіцыі, якія выканалі Святлана Коваль і Віталія Кірмель, настаўніцы па класе скрыпкі школы мастацтваў імя Агінаскага. А ўдзельнікі клуба “Кнігалюб” з СШ №1 паказалі сцэнку пра тое, як нельга абыходзіцца з кнігамі.

— У складзе нашага “Кнігалюба” — 45 вучняў пачатковай школы, — расказвае кіраўніца клуба Таццяна Дудко, настаўніца 4 “Б” класа СШ №1. — Штогод нашы выхаванцы атрымліваюць узнагароды ад работнікаў дзіцячай бібліятэкі за актыўнае наведванне іх установы ў летні час. Сёлета сярод дзевяці ўзнагароджаных чатыры чалавекі — члены нашага клуба.

Напрыканцы імпрэзы вядучыя правялі сярод дзяцей казачную віктарыну. Юныя чытачы паказалі бліскучае веданне казак.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ, "СШ"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць