Вяртанне Паўночных Афін

03.10.2014 18:31Views:
IMG_2050-200x133Падзеі гэтай доўгі час чакалі не толькі жыхары Залесся, але і ўсе прыхільнікі творчасці Міхала Клеафаса Агінскага, знаўцы даўніны, людзі нераўнадушныя да гісторыка-культурнай спадчыны. І хаця да 250-гадовага юбілею знакамітага грамадскага дзеяча і кампазітара яшчэ цэлы год, але афіцыйнае адкрыццё яго сядзібы надае ўпэўненасці, што на наступны год свята атрымаецца яшчэ больш урачыстым і шыкоўным. Тым больш, што юбілей з дня нараджэння М. К. Агінскага ЮНЕСКА ўключыла ў каляндар памятных дат 2015 г.

У мерапрыемстве бралі ўдзел Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. Сярод гасцей ганаровыя грамадзяне Смаргонскага раёна Уладзімір Шчасны і Мар’ян Дукса, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Кожны з іх зрабіў свой значны ўнёсак у адраджэнне Паўночных Афін. Адгукнуліся на запрашэнне галоўны архітэктар і навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі сядзібы Людміла Іванова, кіраўнікі і сябры мясцовых дабрачынных фондаў з Маладзечна і Смаргоні.

У сваім уступным слове губернатар Гродзеншчыны Уладзімір Краўцоў адзначыў, што Наднёманскі край дужа багаты на таленавітых людзей, творцаў, вядомых ва ўсім свеце дзеячаў, якія пакінулі важкі след у культурнай спадчыне краю. Уладзімір Васільевіч выказаў падзяку ўсім, хто браў удзел ва аднаўленні сядзібы і падкрэсліў, што абласныя ўлады будуць заўжды падтрымліваць мясцовую ініцыятыву, каб захаваць “разыначкі” накшталт Залесся. У пацвярджэнне сваіх слоў У. Краўцоў падарыў сертыфікат на буйную суму для набыцця экспанатаў у новы музей М. К. Агінскага. Удыхнуць актыўнае жыццё ў адрэстаўрыраваны аб’ект мусяць мясцовыя ўлады, у тым ліку прыцягваючы да гэтай справы буйных інвестараў.

Міністр культуры Барыс Святлоў выказаў упэўненасць, што музей-сядзіба слыннага кампазітара стане месцам правядзення музычных фэстаў і канцэртаў, куды будуць прыязджаць госці з розных краін свету.

Па словах актыўнага прыхільніка адраджэння сядзібы, дыпламата Уладзіміра Шчаснага, ЮНЕСКА адыгрывае сваю ролю каталізатара ў высакароднай справе. Раней было выдаткавана 25 тысяч долараў на складанне праектнай дакументацыі. Шмат што зроблена на цяперашні час. Напрыклад, вернуты архіў Агінскіх, напісаны кнігі аб славутым родзе, выдадзены музычныя дыскі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага. Выкананы вялікі аб’ём работы, які можа стаць асновай для будучай экспазіцыі. Пры садзейнічанні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і мясцовых улад да 2015 года, калі мы будзем адзначаць 250-годдзе з дня нараджэння М. К. Агінскага, аб’ект канчаткова ўвойдзе ў строй, і ў сядзібе адкрыецца музей.

Прысутных крануў момант перадачы нашчадкам сімвалічнага ключа ад сядзібы. Акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Аляксандр Пашкевіч выдатна ўвайшоў у ролю Міхала Клеафаса, і верш Мар’яна Дуксы ў яго выкананні прагучаў адухоўленым пасланнем новым пакаленням. А пасля традыцыйнага пераразання “чырвонай стужкі” ў адчыненыя дзверы палаца пацягнулася людская плынь.

Першыя наведвальнікі былі ўражаны пакуль яшчэ сціплымі інтэр’ерамі, у якіх тым не менш пакрыху праяўляецца той воблік, што меў палац пры славутым гаспадары. Урывак са спектакля “Паланэз на развітанне” паказалі артысты Мінскага абласнога тэатра. А ў спецыяльна абуладкаваным унутраным дворыку сядзібы канцэрт камернай музыкі даў Нацыянальны акадэмічны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Паланэз “Развітанне з Радзімай” прысутныя слухалі стоячы, тым самым ушаноўваючы памяць свайго славутага земляка.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "СШ"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць