Вярблюды цягнулі гаўбіцу: «Баграціён» у раёне Лебедзева

17.09.2014 17:46Views:
vajnaЗа 70 гадоў пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў надрукаваная вялікая колькасць рознага роду матэрыялаў аб падзеях беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”. Тым не менш і сёння можна знайсці малавядомыя цікавыя эпізоды тых часоў, у тым ліку і лакальнага маштабу.

У час правядзення даследавання па вызваленні Лебедзеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы карысталіся “Данясеннем начальніка аператыўнага ўпраўлення штаба 3-га Беларускага фронту генерал-маёра Іголкіна” і тым, што расказалі жывыя сведкі мінулай вайны.

Гэты дакумент і сведчанні землякоў дазволілі па-іншаму паглядзець на падзеі выгнання фашыстаў з нашай зямлі, удакладніць некаторыя моманты вызваленчай аперацыі, рэканструяваць бой наступальных савецкіх войск з фашыстамi на чыгуначным пераездзе “Мароські”.

Адступалі і ваенныя, і цывільныя

У час вызвалення Лебедзева і прылеглых населеных пунктаў, у тым ліку Маладзечна, дзейнічалі войскі 3-га Беларускага фронту. Трэцяга ліпеня 1944 года 32-я і 6-я гвардзейская кавалерыйскія дывізіі, абышоў­шы Маладзечна з паўночнага захаду, выйшлі на рубеж Паташы, Зарэчча, Кушэвіца (у дакуменце ёсць недакладнасць у назвах населеных пунктаў.
Сапраўдная назва Паташы – Паташня, вёска мела менш за дзясятак дамоў і размяшчалася на поўнач ад Мароськаў, а сапраўдная назва Кушэвіцы – Бушавіца).

Наступленне савецкіх войск прымусіла фашыстаў узмацніць сваё супраціўленне. Яны імкнуліся затрымаць рух нашых войскаў у напрамку Вільні. Стварыць суцэльны фронт вораг па-ранейшаму не мог. Гэта давала магчымасць асобным падраз­дзяленням Чырвонай Арміі рухацца наперад. Найбольш арганізаваным было нямецкае супраціўленне 5-й танкавай дывізіі ў раёне Маладзечна і Лебедзева.

Утрыманне вузлоў дарог Смаргонь і Мала­дзечна мела для праціўніка вялікае значэнне. Яны забяспечвалі адыход рэшткаў разбітай мінскай групоўкі і чыгуначных эшалонаў з раёна Мінска на кірунак Вільні.

Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у гэты час праз Лебедзева ў напрамку Смаргоні рухалася вялікая колькасць поў­насцю загружаных аўтамабіляў і гужавых павозак, а па чыгунцы – чыгуначных саставаў.

Адступалі як ваенныя, так і цывільныя асобы. Варожае адступленне працягвалася некалькі тыдняў. У цэнтры Лебе­дзева намаганнямі невялікай групы савецкіх дэсантнікаў удалося падарваць і спаліць легкавы аўтамабіль, у якім ехалі нямецкія афіцэры.

Лебедзева падчас “Баграціёна”

Што ўяўляла сабой Лебедзева ў гэтыя дні? Большасць жыхароў пакінулі мястэчка. Людзі капалі сабе сховішчы ў лясных масівах Быкоўка i Сiняўка і хаваліся ў іх ад бамбёжак, абстрэлаў і пажараў. Лебедзева моцна гарэла. Немцы, адступаючы, пры дапамозе агнямёта, устаноўленага на танкетку, падпальвалі дамы.

Спачатку яны палілі будынкі ў цэнтры, дзе раней жылі яўрэі. Для падпальвання дамоў на значнай адлегласцi ад цэнтра фашысты выкарыстоўвалі запальныя кулі і ракетніцы. У пачатку ліпеня стаяла моцная спёка, саламяныя дахі дамоў гарэлі, як порах. З-за вандалізму быў знішчаны добраўпарадкаваны i прыгожы цэнтр Лебедзева.

Вайну перажылі шэсць хат у Мароськах

Фашысты занялі Лебе­дзева ўвечары 25 чэрвеня 1941 года. Тады за некалькi дзён у мястэчку спалілі 154 двары. У час вызвалення таксама згарэла шмат будынкаў. Панеслi вялiкiя страты i навакольныя вёскi: Асанава, Грудкi, Скаварошчына. У Мароськах засталося усяго шэсць хат, якія не закрануў пажар.

Прайшло 70 год пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але і цяпер знахо­дзяцца малавядомыя цікавыя эпізоды тых часоў, у тым ліку лакальнага маштабу. Калі выйшаў на подступы да Смаргоні і Маладзечна камандзір 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса, ён прыняў рашэнне: “35-й гвардзейскай танкавай брыгадзе і часткай сіл 7-й гвардзейскай механізаванай брыгады авалодаць Смаргонню, а часткай сіл 8-й гвардзейскай механізаванай і 1-м гвардзейскім батальёнам 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса авалодаць Маладзечнам…”.

Таксама трэба было заняць моцную абарону і не дапусціць адыходу мінскай групоўкі фашыстаў на Вільню.

Нямецкі “Тыгр” умела скарыстаў перавагу

Маладзечна было добра ўмацаванае. Па гэтай прычыне прарыў абароны фашыстаў сiламi Чырвонай Арміі з боку Вілейкі праходзіў праз раку Уша на Паташню і Мароські. Мясцовасць ад ракі да Мароськаў была моцна забалочаная. Пяхота наступала па лясіста-балоцістай мясцовасці ў напрамку чыгункі Маладзечна-Смаргонь.

Савецкія танкісты былі скаваныя ў сваіх дзеяннях, бо не мелі манеўру і мусілі рухацца толькі па грэблі ”Ляжнёўка”. Гэту штучную дарогу пабудавалі яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны вольнанаёмныя кіргізы. Яна ўяўляла сабой распілаваныя на дзве часткі бярвенні, раскладзеныя па балоце як насціл.

Гітлераўцы пры адступленні ўмела выкарыстоўвалі сваю перавагу ў абароне. Адзін з нямецкіх “Тыграў” заняў выгадную пазіцыю за насыпам чыгуначнага палатна каля пераезда “Мароські” і вёў прыцэльны агонь прамой наводкай па савецкіх танках. Нашы танкісты, пэўна, не бачылі замаскіраваны нямецкі танк.

У ходзе бітвы спачатку былі падбітыя два нашы танкі англійскай вытворчасці. Потым нямецкі снарад трапіў у савецкую трафейную танкетку, што прывяло да дэтанацыі яе боекамплекта і яго выбуху. У выніку экіпаж загінуў імгненна.

Два танкі Т-34, якія рухаліся адзін за адным, таксама апынуліся ў пастцы “Ляжнёўкі” і былі падбітыя прамой наводкай таго ж самага нямецкага “Тыгра”. Экіпажы “Трыццацічацвёрак” загінулі ад агню альбо ад куль праціўніка. Таксама ў гэты час спалілі нашу чатырохколавую зенітку.

Немцы выпадкова абстралялі сваіх

Бой працягваўся. У час наступлення нашых войскаў пяхота, перайшоўшы чыгуначнае палатно, выйшла на жытняе поле паміж вёскамі Мароські і Асанава. Як ужо было сказана, чырвонаармейцы страцілі танкавую падтрымку і апынуліся ў складаным становішчы.

Насустрач ім рухаўся адзін з нямецкіх “Тыграў”, а на яго брані – нямецкія дэсантнікі, якія вялі кулямётны і аўтаматны агонь. А на адкрытай мясцовасці схавацца ад куль ворага было проста немагчыма.

У выніку бою загінула больш за 70 савецкіх воінаў. Гераізм праявілі і жыхары Асанава, якія аказвалі дапамогу раненым савецкім салдатам і афіцэрам. Асанаўцы рызыкавалі сваім жыццём, бо немцы яшчэ заставаліся на нашай тэрыторыі.

Якія прычыны значных страт наступаючых савецкіх войскаў? Адказ на гэта пытанне можна знайсці ў згаданым “Данясенні начальніка аператыўнага ўпраўлення штаба 3-га Беларускага фронту генерал-маёра Іголкіна”.

Вучаніца Лебедзеўскай школы Дыяна Кобзун выканала рэканструкцыю аперацыі “Баграціён” ля Лебедзева.

lebedzeva

Хуткае наступленне Чырвонай Арміі не дазваляла ўлічваць усе прыродныя перашкоды, у тым ліку водныя і балотныя. А іх было шмат на нашай тэрыторыі.

Хаця савецкіх разведчыкаў мясцовыя жыхары бачылі ў лесе Царковішча яшчэ за два тыдні да па­чатку наступлення Чырвонай Арміі, прадугледзець наперад усе магчымыя цяжкасці не ўдалося.

Дзеянні нашых рухомых злучэнняў моцна ўскладняліся недахопам гаруча-змазачных матэрыялаў. Частка танкаў і аўтамабільнага транспарту 35-й гвар­дзейскай танкавай брыгады не наступалі і мусілі стаяць.

Праўда, некаторая колькасць паліва дастаўлялася нашым перадавым рухомым часцям самалётамі “Дуглас”. Але яго не хапала. Фашысты ж пры адступленні не панікавалі, арганізавана абараняліся і ўмела выкарыстоўвалі рэльеф мясцовасці.

Быў выпадак, калі нямецкая артылерыя, якая дыслакавалася ў лесе Царковішча, памылкова абстраляла сваіх.
Хоць наступаць Чырвонай Арміі было не проста, але напор савецкіх войскаў быў магутны. Фашысты вымушаныя былі пакідаць свае пазіцыі і адступаць. Цяжкасці наступальнай аперацыі, мужнасць і гераізм савецкіх воінаў робяць нашу перамогу над моцным праціўнікам больш значнай.

“Тыгры” пераплаўлялі ці падрывалі

Як развіваліся падзеі далей? Некалькі нямецкіх “Тыграў” манеўравалі з боку Палян і Устроння. Нагадаем, цяжкі танк “Тыгр” (Т-6) ствараўся для барацьбы з танкамі праціўніка, ім адводзілася роля – не даць прарваць нямецкую абарону.

Ён мог весці бой на адлегласці да двух кіламетраў ад танкаў праціўніка. Частка нямецкіх танкаў знаходзілася на пагоркавай тэрыторыі на поўдзень ад Лебедзева, з якой добра праглядваліся навакольныя землі аж да ракі Уша.

Трэба ўлічваць і тое, што нямецкія “Тыгры” былі вельмі дасканалыя. У іх былі выкарыстаныя перадавыя на той час дасягненні ваеннай навуковай думкі. Падбіць альбо знішчыць такі танк было складана.

Тым не менш, адзін танк падбілі па дарозе ў напрамку Палачанаў. Другі танк стаяў нерухома на чыгуначным пераездзе каля Пузэляў. Яшчэ адзін танк у час манеўравання зламаўся каля хутара Устронне. Экіпаж ”Тыгра” некалькі дзён спрабаваў яго адрамантаваць, але зрабіць гэта так і не змог. Справа ў тым, што ў “Тыграў” у палявых умовах проста нельга было адрамантаваць хадавую частку.

У ваеннай літаратуры ёсць такая інфармацыя, што ў выпадку паломкі танка альбо пры адсутнасці паліва, боекамплекта ці іншых крытычных абставінах экіпаж павінны быў знішчыць яго і прарывацца да сваіх.

Так зрабілі экіпажы чатырох новых “Тыграў”, якія дзейнічалі каля Лебедзева. Але немцы не знішчылі танкі, а пакінулі іх у добрым стане каля будынка былой Лебедзеўскай пошты. Танкісты знялі з “Тыграў” толькі гарматныя замкі і оптыку, рушыўшы на Захад разам з адступаючымі нямецкімі войскамі.

Праз некаторы час танкі агледзелі савецкія мінёры, разрэзалі аўтагенам на часткі і адправілі на пераплаўку. Тое, што не разрэзалі аўтагенам, падрывалі за мястэчкам каля яўрэйскіх могілак. Метал нямецкіх “Тыграў” выкарысталі для гаспадарчых патрэб.

Вярблюды цягнулі гаўбіцу

Прынята лiчыць, што мястэчка Лебедзева было вызваленае, як і Мала­дзечна, 5 ліпеня 1944 года. Аб гэтым сказана і ў раённай кнізе “Памяць”. Аднак, ва ўзгаданым “Данясенні…” мы знаходзім іншую інфармацыю. У прыватнасці, там ідзе гаворка пра пачатыя 3 ліпеня баі за Маладзечна, якія мелі ўпарты характар.

Там яшчэ сказана, што ў канцы дня 4 ліпеня 32-я кавалерыйская дывізія, абышоўшы Маладзечна з поўначы, перарэзала чыгунку Маладзечна-Смаргонь і заняла Лебедзева.

Добра захаваўся ў памяці старэйшага пакалення рух савецкіх войск на Захад 5-6 ліпеня 1944 года. Гэта была радасць, чаканне хуткай перамогі, міру. У склад­зе войск былі танкавыя злучэнні, пехацінцы, тылавыя падраз­дзяленні, артылерысты. Сярод іх былі два вялікія аднагорбыя вярблюды, якія цягнулі 120-міліметровую гаўбіцу. Для жыхароў нашай мясцовасці вярблюды ў такой ролі ўяўлялі экзатычнае відовішча.

У час наступлення Чырвонай Армii непадалёку ад Паташні па-геройску загінуў Васілій Цімафеевіч Васіленка, 1926 года нараджэння. Днём яго смерці лічыцца 10 ліпеня 1944 года. Хутчэй за ўсё, ён, як і іншыя воіны, якія былі знойдзеныя на балоце не адразу пасля бітвы, загінуў 3-4 ліпеня 1944 года. Перапахаваны ў 1952-1953 гадах у брацкай магіле ў Маладзечне.

У данясенні няма падрабязнай інфармацыі аб ваенных дзеяннях у нашай мясцовасці. Мы яе сабралі, у першаю чаргу, дзякуючы ўспамінам мясцовых жыхароў, у тым ліку Фёдара Ігнацьевіча Семашкевіча.

АНТОН АПАНАСЕВІЧ, "РГ"

Каментаваць