Буккросінг па-вілейску: гараджане пускаюць у падарожжа кнігі, часопісы і дыскі

12.09.2014 18:02Views:
bookkrosingКуточак для буккросінгу ў гарадскім філіяле №1 Вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік з’явіўся ў 2011 годзе.

– Тады пра гэту з’яву шмат пісалі. Паведамлялі, што ў гарадах кнігі пакідаюць у кафэ, на вуліцах, – прыгадвае загадчыца філіяла Галіна Ражко. – І мы вырашылі зрабіць нешта падобнае. Хай і не зусім правільна, як гэта трэба: сыходзілі з нашых магчымасцяў.

Прыкладам, звычайна ў буккросінгу кнігу рэгіструюць на сайце і наклейваюць паперку з нумарам, па якім потым адсочваюць яе шлях. А ў Вілейцы да кніг прымацавалі знак з назвай бібліятэкі. Каб каму сустрэнецца, ведалі, адкуль яна.

Адразу супрацоўнікі ўстановы свае асабістыя кнігі прынеслі. Напачатку іх было 88. У калідоры філіяла (размешчаны ён у Палацы культуры) зрабілі стэлаж. Змясцілі інфармацыю і знак буккросінгу, паставілі лаву, стол.

– Галоўнае, што чытачам гэтая ідэя падабаецца. Яны і бібліятэчныя кнігі бяруць, і ідуць да гэтага стэлажа – паглядзець, што новага ёсць, – расказвае Галіна Ражко. – Даспадобы ім буккросінг сваім сэнсам: “Хачу вяртаю кнігу, хачу не, хачу каму дам пачытаць”. Многія чытачы далучыліся, свае кнігі прыносяць. Зараз больш нават пакідаюць кніг, чым забіраюць

Бывала, што колькасць кніг на стэлажы даходзіла да 250 экземпляраў

Завітваюць і тыя, хто ні разу не быў у бібліятэцы. Прыносяць кнігі менавіта для буккросінга. Апроч мастацкіх кніг, на стэлажы з’яўляецца галіновая літаратура, падручнікі. І сучасныя кнігі пакідаюць. “Мы ў сям’і прачыталі, што яны будуць стаяць. Хай людзі чытаюць”, – кажуць. Прыносяць літаратурна-мастацкія часопісы: “Полымя”, “Раман-газета”.
Віляйчане нават развілі ідэю буккросінгу: хтосьці дыскі з гульнямі для камп’ютараў прынёс. Разышліся хутка.

А 2 ліпеня гараджане маглі далучыцца да буккросінгу на свяце вуліцы Савецкай. Гэта пастараліся супрацоўнікі раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік. І ахвочых узяць з сабою кнігу хапала.

Даведка “РГ”

Буккросінг – гэта сусветны рух, сэнс якога ў свабодным падарожжы кніг ад аднаго чытача да другога. Чалавек які прачытаў кнігу, пакідае яе ў грамадскім месцы, каб іншы чалавек мог гэту кнігу знайсці і прачытаць. Той у сваю чаргу павінен паўтарыць гэты працэс.

АЛЕСЬ ВЫСОЦКІ, "РГ"

Каментаваць