Маёнтак Агінскіх у Залессі адкрыецца 25 верасня

08.09.2014 23:00Views:
1Хаця да афіцыйнага адкрыцця яшчэ тры тыдні, маёнтак ужо расчыніў дзверы для ахвотных трапіць на экскурсію ці зладзіць вясельную фотасесію.

Тое, што Залессе ажывае, карэспандэнты “РГ” пабачылі нават у будны дзень: паглядзець на прыгажосць унутры будынка прыходзяць мясцовыя жыхары, у шлюбны сезон фатографы прапануюць рабіць здымкі менавіта тут.

Так і маладыя Ала і Жэня пазіруюць на фоне яблыневага саду, альтанкі, мастка і адноўленага маёнтка.

– Тут вельмі прыгожа, – тлумачаць яны. – Таму і вырашылі пасля ЗАГСа заехаць у Залессе.

Госці таксама не губляюць часу дарма − робяць фота саміх сябе, гучна весяляцца.

Пераначаваць у Агінскага зможа кожны

Нас сустракае дырэктар музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага Людміла Градзіцкая. У маёнтку ўжо працуе актавая зала, з якой пачынаюцца экскурсіі. Цяпер там ёсць сцэна з раялем, новы паркет, утульныя крэслы, белыя фіранкі.

− Маёнтак абноўлены ўжо на 95%, − распавядае Людміла Градзіцкая. – Маем надзею, што ў наступным годзе ў нас напоўніцу запрацуе музей. Таксама адчынім зімовы сад, дзе мы будзем вырошчваць тыя расліны, што ўпрыгожвалі будынак пры Агінскім.
Улетку расліны плануюць выстаўляць на вуліцу, а зімой – хаваць у аранжарэю.

У маёнтку будзе і гасцініца, дзе змогуць спыніцца турысты. Дзевяць месцаў у аднапакаёвых нумарах запрацуюць пасля таго, як канчаткова здадуць маёнтак. У колькі абыдзецца адна ноч у доме Агінскага, пакуль невядома.

Экскурсіі ў Маёнтку Агінскіх праводзяць двойчы на дзень. У 11 гадзін наведнікам прапануюць яшчэ паглядзець фільм Анастасіі Мірашнічэнкі “Рана ў сэрцы”. У 15 гадзін прапануюць оперу Алега Залётнева “Невядомы партрэт”. Білет для дарослых каштуе 10 тысяч рублёў, для школьнікаў і дзяцей – − 5 тысяч. Выхадныя – панядзелак, аўторак.

У старым млыне плануюць пазней адкрыць кавярню. Сцены будынка выдатна захаваліся. Яны выглядаюць надзвычай эфектна, таму што зробленыя з вялікіх камянёў. Гэта надасць кавярні асаблівую атмасферу.

У парку турысты знойдуць гістарычныя аб’екты: альтанку Амеліі, названую ў гонар дачкі Агінскага, альтанку ў кітайскім стылі, масткі. Некаторыя аб’екты захаваліся горш і не выглядаюць настолькі ж абноўленымі, як сам маёнтак.

Частка маёнтка адве­дзеная пад музей, яго паступова папаўняюць рэчамі, якія змогуць паглыбіць уражанне ад экскурсіі. Некаторыя экспанаты ўжо чакаюць свайго часу. Напрыклад, карта Залесся часоў Рэчы Паспалітай. Зімой у маёнтку плануюцца выступленні залескай батлейкі.

Маёнтак абнавілі за тры гады

Па словах дырэктаркі, над абнаўленнем маёнтка працавалі работнікі смаргонскага будаўніча-мантажнага трэста №41, а таксама рэстаўратары з Мінска. Праект доўжыўся амаль тры гады.

Навуковым кіраўніком праекта з’яўляецца дырэктар музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар. Кожную суботу ў маёнтку ладзяцца суботнікі, да якіх могуць далучацца ўсе ахвотныя. Стаць валанцёрам і дапамагчы добраўпарадкаваць маёнтак Агінскіх у Залессі можа кожны. Ахвотныя збіраюцца а 9 гадзіне кожную суботу.

У маёнтку будуць вакансіі

Мясцовыя людзі ўжо даўно чакаюць, калі запрацуе маёнтак, бо тады з’явяцца новыя працоўныя месцы.

– Вядома, вакансіі будуць, – гаворыць дырэктар. – Але ж трэба, каб чалавек адпавядаў вакансіям, калі ён будзе працаваць у навуковым штаце ці гасцініцы. Пакуль у штаце толькі дворнік і я.

Залессе стане часткай беларуска-літоўскага турыстычнага маршруту. Траса злучыць мясціны, звязаныя з культурнымі цэнтрамі рэгіёна: маёнтак Міхала Агінскага ў Залессі і Юзафа Тышкевіча ва Ужутракісе. Цягам апошніх двух гадоў над праектам працавалі дырэкцыя Тракайскага гістарычнага нацыянальнага парку і Смаргонскі райвыканкам.

– Хочацца, каб усё тут было менавіта так, як пры Міхале Агінскім, – дадае Людміла Градзіцкая. – Каб зноў можна было назваць Залессе месцам для згуртавання аматараў музыкі.

Маёнтак стане не толькі турыстычным аб’ектам, але і культурным цэнтрам, дзе будуць ладзіцца музычныя мерапрыемствы.

2

Маёнтак адкрыюць канцэртам аркестра Фінберга

− Афіцыйнае адкрыц­цё маёнтка будзе 25 верасня, − кажа Таццяна Ражава, намесніца загадчыка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама. – Магчыма, да таго часу будзе гатовая і гасцініца.

На адкрыцці гасцей чакае выступленне Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, а таксама экскурсія.

Пасяджэнне раённага і абласнога кіраўніцтва наконт маёнтка Агінскага пройдзе ў пятніцу, 5 верасня. На ім вырашаць пытанні фінансавай падтрымкі заключнай часткі абнаўлення.

dreva rodu aginskih

ЗОЯ ХРУЦКАЯ, АЛЯКСАНДРА ПАРАХНЯ, "РГ"

1 Comment

Leave a Reply to Sasha