Якой была вайна ў Смаргоні: ад танцаў да газавых атак

30.08.2014 23:46Views:
ava_smargom_1_susvetnajaДа канца верасня ў Смаргонскім краязнаўчым музеі можна убачыць рэчы стогадовай даўніны.

Выставу зладзілі з экспанатаў Мінскага гісторыка-краязнаўчага музея і прыватнай калекцыі Ігара Бабіцкага. Экскурсію па ёй для чытачоў “РГ” правяла Вольга Самаркіна, навуковы супрацоўнік Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.

samarkina

Вольга Самаркіна

Як вялі бой з дырыжабляў

На выставе шмат разнастайнай зброі канца 19 – пачатку 20 стагоддзя. Сярод яе вінтоўка часоў руска-японскай вайны, аўстра-венгерскія вінтоўкі Манліхера 1895 года, пісталет з прыкладам, казацкія шашкі, афіцэрская шпага.

Ёсць і кулямёт “Максім”. Кулямётчыкаў спецыяльна вучылі псіхалагічна вытрымліваць тое, што яны страляюць у людзей з такой зброі. Яны павінны былі заўсёды быць гатовыя да бою. Кулямёты выкарыстоўвала не толькі пяхота, але і паветраныя сілы.

На фота можна ўбачыць і іншыя віды ваеннай тэхнікі. Напрыклад, бронецягнікі і дырыжаблі. Каб весці абстрэл з дырыжабляў, спачатку хаваліся за воблакам, а пасля з-за хмары спускалі назіральнікаў і пачыналі бой.

Драўляны чатырохматорны аэраплан “Ілля Мурамец” немцы збілі непадалёк ад вёскі Баруны на Ашмяншчыне і скінулі запіску ў аэраатрад, што яны з пашанай пахавалі сваіх праціўнікаў.

get_img (4)

Хімічныя зброя: дзве тысячы ахвяраў за атаку

get_img (6)

На Смаргоншчыне немцы ўпершыню прымянілі газавую атаку. Мяркуецца, што гэта было ў чэрвені 1916 года, хаця ёсць звесткі і пра кастрычнік 1915 года. У выніку атак загінулі дзясяткі тысяч.

Атакі адбываліся наступным чынам. Вечарам, калі дзьмуў спадарожны вецер, з балона выдзімалі газ. За паўтары гадзіны ён разыхо­дзіўся ўздоўж чыгуначнага палатна амаль да Маладзечна. Гінула ўсё жывое, што было вакол. Нават увесну пасля газавай ночы ляжала апалае лісце.

Пазней немцы выкарыстоўвалі не толькі балоны, але і запускалі снарады з газам. Спачатку газ выклікаў паніку: людзі не разумелі, як ратавацца. Процівагазаў яшчэ не было. Выкарыстоўвалі павязкі з тканіны, якія трэба было яшчэ паспець апрацаваць спецыяльным сродкам. Пазней вынайшлі процівагазы не толькі для людзей, але і для каней, якія служылі на патрэбы арміі.

За адну газавую атаку загінула больш за дзве тысячы салдат і каля 40 афіцэраў. Такіх атак было некалькі.

Асобны стэнд прысвечаны ваеннай медыцыне. На ім сабраныя тагачасныя стаматалагічныя і хірургічныя інструменты. Дактароў не хапала, таму медыцынскія ўстановы скарацілі тэрмін навучання з пяці да чатырох гадоў. Маладых дактароў адразу адпраўлялі на фронт. Іх асноўнай задачай было не вылечыць хворага салдата, а як мага хутчэй вярнуць яго ў строй.

Падручнік для медыкаў-пачаткоўцаў

Падручнік для медыкаў-пачаткоўцаў

З гільзаў рабілі творы мастацтва

Побыт нямецкіх і расійскіх салдат вельмі адрозніваўся. Расійскія жылі ў зямлянках, спалі на саломе, прыкрываючыся шынялямі. Блохі былі звычайнай справай. Усходні фронт стаяў на Смаргоншчыне 810 дзён. Ні нямецкі, ні расійскі бок не чакалі, што вайна настолькі расцягнецца.

Нямецкія салдаты, зразумеўшы, што вайна зацягваецца, ад 1916 года пачалі будаваць доты – пабудовы, прызначаныя для доўгачасовай абароны. Іх захавалася настолькі шмат, што нават цяпер узараць зямлю пад поле ў некаторых месцах Смаргоншчыны немагчыма.

get_img (11)

На адным са стэндаў арганізатары размясцілі прадметы, звязаныя з іншым бокам вайны. У часы, калі было зацішша, салдаты імкнуліся пераключыцца на іншыя, больш прыемныя рэчы. Танцавалі, спявалі народныя песні, гулялі ў карты. І нават майстравалі. На выставе можна пабачыць вазы, зроб­леныя з гільзаў. На іх − выявы раслін і жывёл.

Адзін са стэндаў выставы прысвечаны знакамітым удзельнікам вайны. Тут можна пабачыць партрэты Якуба Коласа, Янкі Купалы, Льва Гумілёва, Міхаіла Зошчанкі, Валянціна Катаева. Падзеям на Смаргонскім фронце прысвечанае апавяданне Катаева “Пад Смаргонню”.

За вайну смаргонцаў паменела ў 100 разоў

Горад быў амаль знішчаны падчас вайны. Калі да 1914 года тут жыло 16 280 чалавек, то пасля вайны вярнулася толькі каля 150. Амаль не засталося цэлых будынкаў, таму людзі жылі ў зямлянках. Каб хоць неяк пражыць, яны мусілі пешшу ісці ў Мінск і жабраваць.

Бежанцы, пакінуўшы Смаргонь, імкнуліся ўладкавацца ў Маскве ці Петраградзе. Пакуль Мікалай II быў ва ўладзе, ім выплачвалі дапамогу. Пасля смерці цара сродкаў на бежанцаў не было. Калі ў сем’ях памірала дзіця, бежанцы ўспрымалі гэта як палёгку, бо пазбаўляліся лішняга рота. У Смаргоні ўцалеў толькі будынак царквы, які пасля стаў касцёлам святога архангела Міхаіла. У ліпені 1917 года абодва бакі спрабавалі пераламаць ход вайны. Значныя падзеі разгортваліся пад Крэвам. У замку месціліся нямецкія пазіцыі, а наш бок сканцэнтраваў самую сучасную зброю з Англіі, ЗША, якія толькі далучыліся да Антанты. Менавіта падчас тых баёў Крэўскі замак быў амаль цалкам разбураны.

З-за таго, што ў Расійскай імперыі змянілася ўлада, у арміі пачаўся разлад. Каб натхніць салдат на барацьбу, пад Крэва кінулі першы жаночы ўдарны батальён з Петраграда пад камандаваннем Марыі Бачкаровай. Але гэта не спрацавала: многія салдаты наогул адмаўляліся ваяваць. Да таго ж пад Крэвам не рэдкасцю сталі братанні нямецкіх і рускіх салдат: яны абдымаліся і абменьваліся рэчамі.

Рарытэты чакаюць гаспадара на звалцы
Частка выставы, прысвечаная мірнаму пагадненню

Частка выставы, прысвечаная мірнаму пагадненню

Пра тое, як у музей патрапілі экспанаты стогадовай даўніны, нам распавёў суарганізатар выставы, калекцыянер і даследчык Ігар Бабіцкі.

– Можна сказаць, што частка экспанатаў – амаль са звалкі, – кажа Ігар Бабіцкі. – Падчас паездак па краіне я знаходжу старыя разбураныя дамы без вокнаў і дзвярэй, размаўляю з мясцовымі, дамаўляюся са старшынямі сельвыканкамаў і пачынаю пошукі. Нешта купляю ў іншых калекцыянераў.

Рэчы, выстаўленыя цяпер у Смаргоні, калекцыянер знайшоў на Смаргоншчыне, Мядзельшчыне і ў іншых раёнах заходняй Беларусі. Апантанасць гісторыяй перадалася і сыну калекцыянера. Арцём Бабіцкі ўдзельнічаў на адкрыцці смаргонскай выставы і паказваў майстэрства валодання казацкай шашкай.

– Адметны на выставе набор латунных лічбаў, якія чапляліся на пагоны, – заўважае калекцыянер. – Пасля пачатку вайны іх перасталі выпускаць: нават званы пераплаўлялі на зброю, таму металу для пагонаў не было. Тыя, што захаваліся – парадны варыянт, дарагі для тых часоў.

Вызначыць самы незвычайны прадмет даследчыку складана: кожны з іх мае сваю каштоўнасць. Ён прапануе наведнікам самім знайсці тое, што будзе цікава менавіта ім.

ЗОЯ ХРУЦКАЯ, АЛЯКСАНДРА ПАРАХНЯ, "РГ"

Каментаваць