Бібліятэка ў Паўночных Афінах

24.08.2014 16:37Views:
zalesse21 стагоддзе – час інтэрнэту і высокіх хуткасцей, але падчас так хочацца зручна-ўтульна ўладкавацца ў мягкім крэсле з цікавай кнігай і цёплым пледам. Адпачыць, падумаць і перанесціся ў іншы свет… Свет думак і спраў другіх людзей, якія могуць дапамагчы нам лепш зразумець сябе і сваё жыццё. Таму ў друкаваных слоў і звычайнай паперы ёсць будучыня.

Кніжная традыцыя мае даўнюю гісторыю і ў Залессі: тут заўжды былі людзі, неабыякавыя да асветы і літаратуры. Першая ж бібліятэка з’явілася ў вёсцы пяцьдзесят пяць год таму – у 1959 годзе, яе загадчыцай стала Ірына Мікалаеўна Канапацкая. Пачынаць заўжды складана… Напачатку ў Залескай бібліятэцы было толькі 1000 экзэмпляраў кніг і 180 чытачоў, але ішоў час – з’яўляліся новыя людзі і новыя кнігі. Тут працавалі такія бібліятэкары, як Софія Южык, Антаніна Рогач, што адпрацавала загадчыцай трыццаць шэсць год, Марыя Шыман, Ларыса Шалудзіна, Таццяна Горбач…

IMG_1338_новый размер

Бібліятэка змяніла некалькі памяшканняў (у дадзены момант знаходзіцца ў памяшканні сельскага Савета), а таксама назву і статус – у нашы дні гэта Залеская бібліятэка – цэнтр этнакультурнай асветы “Спадчына”. Тут створаны шэраг цікавых экспазіцый, маецца даволі багаты кніжны фонд (каля 17 тыс. экзэмпляраў), больш тысячы сталых наведнікаў, а ўтульную атмасферу прыязнасці і дабрыні ствараюць дзве абаяльныя і прыгожыя жанчыны – бібліятэкаркі Вольга Пачыкоўская і Тамара Казлоўская.

IMG_1344

Чытальная зала заўжды да паслуг чытачоў, сацыяльна-інфармацыйны цэнтр прапаноўвае вам хуткасны інтэрнэт, пошук патрэбнай інфармацыі ў сусветным павуцінні, цікавыя мультымедыйныя дыскі, паслугі па капіраванню і раздрукоўцы патрэбных матэрыялаў.

IMG_1342

Залеская зямля заўжды была багатая на таленты… Найбольш вядомы прадстаўнік нашых мясцін – кампазітар, палітык і паўстанец Міхал Клеафас Агінскі. Цэнтр-комплекс “Агінскі і яго час”, займае годнае месца ў бібліятэцы. Славуты зямляк па-філасофску глядзіць на наведнікаў з партрэта на сцяне…

IMG_1326_новый размер

Створаны кампазіцыі, прысвечаныя рэпрэсаванаму паэту Алесю Салагубу, вядомаму пісьменніку і навукоўцу Арсеню Лісу… Арсень Сяргеевіч не забываецца пра родныя мясціны, часта гасцюе ў Залессі. Неаднойчы ён наведваў і бібліятэку. Тут да сямідзесяцігоддзя вядомага земляка была праведзена вечарына-партрэт “Я з гэтай зямлі” у яго гонар, на якую і быў запрошаны Арсень Сяргеевіч. Ён распавёў пра сваю творчую дзейнасць, свае даследванні і падараваў бібліятэцы кнігу “Песня ў спадчыну” з аўтарскім подпісам.

IMG_1331_новый размер

Гісторыі залескай зямлі, нашых каранёў, побыту і культуры продкаў прысвечана экспазіцыя “Мая зямля – залескі кут”, дзе можна ўбачыць каля 70 цікавых прадметаў: ад старажытных прасаў і лямпаў у розных варыяцыях да экзатычных драўляна-жалезных вагаў (дарэчы, у працоўным стане).

vagi

У час інтэрнэту і высокіх тэхналогій кнізе патрэбен утульны дом, а нам патрэбны кнігі… У Залессі рады сустрэць кожнага чытача.

Выходныя дні тут - панядзелак і аўторак, абедзенны перапынак - з 14 па 15 гадзін:)
Дар’я Ліс

Каментаваць