За шырокай спінай уладара

23.08.2014 17:25Views:
zalesseУдзельніцам раённага конкурсу “Уладар сяла” сапраўды пашанцавала: у іх цудоўныя “палавінкі”. Не прынцы на белых конях, не плейбоі, а сапраўдныя мужчыныгаспадары. І мужчынам пашанцавала не менш: побач з імі не гламурныя Барбі, а сапраўдныя гаспадыні, адораныя прыроднай прыгажосцю, пяшчотай, жаноцкасцю і працавітасцю. Менавіта такімі людзьмі здаўна славілася беларуская зямля.

У мінулую суботу ў Залессі было асабліва горача. Нежартоўны запал панаваў і сярод ўдзельнікаў, і сярод гледачоў раённага конкурсу “Уладар сяла”. Чатыры каманды — самыя таленавітыя, смелыя, працавітыя, дружныя, спартыўныя і ўмелыя спаборнічалі за права называцца лепшай вясковай сям’ёй.

Найперш удзельнікі расказалі пра сябе. Першы іспыт – візітоўка. Адразу зазначу, што дзве сям’і – Варанец і Кур’ян – удзельнічалі ў конкурсе летась.

Віктар Кур’ян на гэты раз быў з барадой, чым яшчэ больш дадаў значнасці сваёй асобе гаспадара сямейства. Кур’яны жывуць у Залессі, Віця працуе на чыгунцы, Лена – фельчар-лабарант. У сям’і – двое дзяцей, хлопчык і дзяўчынка.

Аляксандр і Вольга Варанцы з Сыраватак выхоўваюць дваіх хлопчыкаў. Аляксандр – жывёлавод, Вольга – вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце філіяла “Жодзішкі” КХП. Муж з жонкай вельмі падобныя знешне, а гэта, як кажуць у народзе, добрая прыкмета.

Навічкі конкурсу Дзмітрый і Алена Місуры – з Крэва, абое працуюць у ВКУП “Крэва”, Алена – аграномам-насенняводам, Дзіма – вадзіцелем. Пакуль у іх толькі адна дачушка. Тое, што гэта людзі творчыя, — адчувалася і падчас “візітоўкі”, і падчас агляду выставы работ сям’і.

У Юрыя і Ганны Горбачаў з Навасёлак Войстамскага сельсавета – чацвёра дзяцей: дачка і тры сыны. Малады чалавек узначальвае фермерскую гаспадарку “Навасёлкі”, якая налічвае 120 гектараў зямлі, сем кароў і больш за сто авечак. На мой погляд, сям’я вартая, каб пра яе больш расказаць чытачам нашай газеты.

Далей сем’і спаборнічалі ў тым, як яны дружна, хутка і якасна выконваюць хатнія справы. З трох частак складаўся конкурс “Дрывасек”. Спачатку гаспадар і гаспадыня распілоўвалі на роўныя часткі бервяно, пасля мужчыны секлі гэтыя часткі на дровы, а жанчыны акуратна складвалі іх.

zalesse

У сельскай спартыўнай эстафеце давялося папацець гаспадарам: гэта ж не жартачкі нацягаць вады з дапамогай двух вёдзер і каромысла.

Яшчэ адзін конкурс – шэсць бульбін ачысціць ад шалупіння (гэтым займаліся мамы) і пацерці іх на дранікі (татава работа).

Далёка не кожны вясковец цяпер запражэ каня. Але гэта не пра нашых удзельнікаў. Некаторыя з іх аказаліся сапраўднымі віртуозамі. Пасля муж з жонкай павінны былі праехаць “круг пашаны” па пляцоўцы пад прыцэлам соцень вачэй. Распрэгчы каня – фінальны акорд іспыту. Складаным аказаўся “круг пашаны”, бо на кані трэба было не проста праехаць, а як найхутчэй пераадолець дыстанцыю. І гэта пры тым, што побач ехала яшчэ адна сям’я. Відовішча было яшчэ тое! Конь, на якім ехалі Горбачы, аказаўся вельмі тэмпераментным, таму вырашылі “скачкі” на ім больш не арганізоўваць. Дарэчы, другі конь аказаўся “кіназоркай” – здымаўся ў фільмах “Немец” і “Снайпер”, магчыма таму і на конкурсныя “выкрутасы” адрэагаваў больш спакойна.

Другой пары ўдзельнікаў, Кур’янам і Місурам, аказалася прасцей – яны проста праехаліся на гэтым кані ўчатырох.

Кожная сям’я загадзя падрыхтавала міні-выставу сваіх кулінарных і рукадзельных вырабаў: вышыванкі, мяккія цацкі, вязаныя рэчы, кулінарныя шэдэўры, дзіцячыя работы і шмат чаго іншага ацаніла журы, якое ўзначальваў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко.

Да апошняй хвіліны трымалася інтрыга конкурсу: хто ж стане пераможцам? І сапраўды – разрыў у балах паміж камандамі аказаўся мінімальным. Без цёплых слоў і падарункаў не застаўся ніхто з удзельнікаў. Для дзяцей раённае аддзяленне ГА “Белая Русь” падрыхтавала салодкія прысмакі. Дарослым – дарослыя прызы. Іх прадаставілі аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА БРСМ і райкам прафсаюза работнікаў АПК. Заахвочвальны прыз – электрачайнік – уручылі Горбачам. За трэцяе месца сям’я Варанец атрымала блендар. На другім месцы аказалася сям’я Кур’ян, пераможцамі сталі Місуры, абедзве сям’і атрымалі мультываркі.

Галіна АНТОНАВА, "СШ"
Фота аўтара

Каментаваць