Ад генерала да дворніка: камандзір баёў пад Смаргонню, які жадаў кія Калініну і Керанскаму

22.08.2014 13:16Views:
envaldГісторыя генерала Яўгена Энвальда, дзядулі Марыны Уладзі, які ваяваў за апошняга цара і абараняў краіну ў час Першай сусветнай.

Францужанка рускага пахо­джання Марына Уладзі да сённяшніх дзён застаецца вядомай замежнай кіназоркай першай велічыні. На постсавецкай прасторы творчасць актрысы і спявачкі добра знаёмая мільёнам прыхільнікаў яе таленту. Аднак толькі адзін­кі з іх ведаюць, што яе дзядулем па лініі маці быў рускі генерал і Георгіеўскі кавалер Яўген Энвальд.

Напэўна, цікавасць выкліча і той факт яго біяграфіі, што на працягу некалькіх летніх месяцаў 1917 года ён быў звязаны сваім лёсам з нашым краем.

Продка запрасіў служыць Пётр І

get_img

Паводле сямейнага падання, сваё скандынаўскае прозвішча будучы генерал царскай арміі атрымаў у спадчыну ад аднаго са шведскіх афіцэраў. Пасля паражэння пад Палтавай яго продак па запрашэнні Пятра І паступіў на рускую службу, і род Энвальдаў амаль дзвесце гадоў заставаўся ў Расіі.

Таму не дзіва, што амаль усе мужчыны былі звязаныя з вайсковай прафесіяй: бацька, Васіль Францавіч, даслужыўся да падпалкоўніка, браты Яўгена таксама сталі ваеннымі. Такі лёс быў наканаваны і Яўгену Васільевічу Энвальду (26.04.1862 – 19 (н.ст.). 12.1925).

Пасля заканчэння Арэнбургскай Няплюеўскай ваеннай гімназіі і Аляксандраўскага ваеннага вучылішча ён спраўна выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі і паступова падымаецца па армейскай службовай лесвіцы. Яго дзейнасць падпарадкоўваецца бессмяротным лермантаў­скім радкам: “Слуга − Цару, бацька – салдатам”.

Цар Мікалай ІІ асабіста паслаў узнагароду

Як камандзір 124-га пяхотнага Варонежскага палка бярэ ўдзел у руска-японскай вайне 1904-1905 гадоў. Камандзірам гэтага ж ваеннага фарміравання ўступае ў Першую сусветную вайну. За адну з першых перамог рускай арміі генерал-маёр Энвальд быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-й ступені.

Што цікава, гэта перамога “была падарункам Варонежскага палка Гасудару”, таму цар Мікалай ІІ паслаў яму крыж на фронт асабіста праз свайго ад’ютанта. Ад 1915 да 1917 год ён служыць камандзірам 42-й пяхотнай дывізіі, а ад 18 красавіка 1917 года ўзначальвае 28-ю пяхотную дывізію.

Генерал Яўген Энвальд

Ваенны міністр прыехаў угаворваць салдат

Накіраванне пад Смаргонь, а менавіта там былі размешчаныя пазіцыі гэтай дывізіі 20-га армейскага корпуса, было звязанае з падрыхтоўкай і правядзеннем летняй наступальнай аперацыі рускай арміі на Заходнім фронце. Яўген Энвальд робіць усё магчымае і немагчымае, каб падрыхтаваць пазіцыі да баявой аперацыі.

Аднак перамены, якія адбыліся пасля лютаўскай рэвалюцыі, робяць немагчымым захады камандзіра дывізіі па ўмацаванні баявога духу падначаленых воінскіх фарміраванняў.

Шалёная антываенная агітацыя прыво­дзіць да непадпарадкавання загадам і страты кіравання войскам.

Не дапамагае прыезд на пазіцыі ”галоўнаўгаворваючага”, як ахрысцілі ў войску ваеннага міністра Часовага ўрада Аляксандра Керанскага. Дадзеная падзея адбылася 4(17) ліпеня 1917 года і добра адлюстраваная ў эмігранцкіх успамінах. Некалькі вытрымак з успамінаў могуць перадаць сапраўдную атмасферу таго прыезду Аляксандра Керанскага.

Керанскі: неахайны, эксцэнтрычны, паспешлівы

Прыехаў Аляксандр Керанскі на агляд палкоў 28 пяхотнай дывізіі ў суправаджэнні галоўнакамандуючага Заходнім фронтам Антона Дзянікіна, групы генералаў і вельмі своеасаблівай “світы” штацкіх асоб. Запомніўся сваёй карычневай паходнай кашуляй, пакамечанай фуражкай і неахайна павязанымі абмоткамі.

Няўмела прыняўшы рапарт, Керанскі робіць абход, прычым там, дзе ён прайшоў, строй ламаецца і пачынае распаўзацца. На паляну выязджае аўтамабіль з царскімі вензелямі, які з’яўляўся перасоўнай трыбунай для міністра пры яго ўгаворах.

Было бачна, што перад аўдыторыяй стаяў неардынарны аратар і майстар эксцэнтрычных прыёмаў.

У час сваёй прамовы Керанскі нечакана зрываецца з аўтамабіля і накіроўваецца ў салдацкі натоўп, дзе выхоплівае ў аднаго збянтэжанага вайскоўца шэст з чырвоным сцягам і вяртаецца з ім на сваю трыбуну:

− Таварышы! Паглядзіце на гэтае чырвонае знамя – хутка яно ўзаўецца над усім светам і тады не будзе ні бедных, ні багатых… Ці магу я перадаць Часоваму ураду, што вамі беззваротна, да апошняга чалавека, вырашана стаць на абарону рэвалюцыі, што вы ляжаце ўсе да аднаго, але не дапусціце вяртання да мінулага? Што вы ўсе, як адзін, пойдзеце туды, куды вас павядзе ваш галоўна­каман­дуючы?

− Можаце перадаць, пойдзем… – быў адказ.

Керанскі хацеў яшчэ працягнуць сваю прамову, але паглядзеў на га­дзіннік, хутка выскачыў з аўтамабіля, праціснуўся праз салдацкую масу і разам са сваёй “світай” паспешліва з’ехаў угаворваць суседні корпус.

get_img3

"Знешні энтузіязм паводле Пацемкіна.

Агенства Рэйтэра з Пецярбургу паведамляе:

Наведваючы фронт, Керанскі асабіста ўпэўніўся,
што ваенны энтузіязм рэвалючыйных войскаў -
на патрэбнай вышыні".

Салдаты зарагаталі ў адказ Калініну

Вярнуўшыся вечарам на станцыю Залессе, яго сустрэў начальнік дывізіі Яўген Энвальд, які паведаміў, што прадстаўнікі многіх армейскіх камітэтаў “пастанавілі не наступаць”.

Керанскі адмовіўся ад прапанаванай дадатковай сустрэчы з прадстаўнікамі гэтых камітэтаў, паведаміўшы:

− Мне з імі няма пра што размаўляць.

Толькі адзін капітан з яго “світы”, камісар Заходняга фронту Калінін, зрабіў спробу паўторна ўгаварыць салдат наступаць.
Нервовая, нязвязная і пустаслоўная агітацыя, нетактоўнасць у адносінах да афіцэраў, якія стаялі побач, скончылася апошнім заклікам камі­сара:

− Дык што ж, дарагія таварышы, я павінен перадаць нашаму любімаму міністру – будзем наступаць?

− Будзем, – пачуўся з цемені ночы адзіночны голас і рогат салдацкага натоўпу.

get_img4

Энвальд пра Калініна “Во дык шэльма”

У адрас Калініна генерал Энвальд адразу заўважыў:

− Вось дык шэльма, будзе потым гаварыць, што ўгаварыў іх наступаць, будзе пісаць у газетах, што настрой войска рэвалюцыйна ўзняты і гэтак далей. Эх, палка ім патрэбная, а не ўгаворы!

Яшчэ больш драматычна склалася аперацыя па прарыву ўчастка нямецкага фронту ад 7(10) да 10(23) ліпеня 1917 года. Наступленне чатырох палкоў дывізіі было прызначанае на ўчастку ад вёскі Шалудзькі (сёння Светач) да вёскі Кунава. Цяпер на гэтых пазіцыях пралягае шаша Р-95 Смаргонь – Крэва.

Ад моста праз раку Оксна да паўднёвага ўскрайку вёскі Шалудзькі ў акопах размясціліся салдаты 112-га пяхотнага Уральскага палка дывізіі.

Далей, з левага боку да безназоўнага ручая, месца занялі байцы 110-га Камскага палка. А па суседстве з імі да вёскі Кунава – штурмавы батальён і 109-ы Волжскі пяхотны полк. Першапачаткова 111-ы пяхотны Данскі полк быў адведзены ў тыл.

Камандны бліндаж генерала Энвальда знахо­дзіўся на працягу ўсёй аперацыі ў гаі на поў­дзень ад вёскі Шутавічы, і на працягу ўсіх дзён наступлення палявы штаб дывізіі быў пад няспынным артылерыйскім і ружэйным абстрэлам праціўніка.

“Ніхто не выйдзе з акопаў”

На пачатку наступлення, для падаўлення артылерыйскіх і кулямётных пунктаў праціўніка, па пазіцыях немцаў вядзецца моцны артылерыйскі абстрэл.

Дзіўная рэч, каман­дзір Камскага палка просіць у начальніка дывізіі спыніць артылерыйскі агонь, які быццам бы “такі моцны, што шкодна ўздзейнічае на іх, камандзіры батальёнаў не ручаюцца за ўчастак, калі агонь не будзе спынены”.
І амаль у той жа час члены ротнага камітэта іншага палка сцвяр­джаюць, што ў момант атакі загараджальны агонь недастатковы і накіроўваюць сваіх дэлегатаў для тлумачэння іх здагадак у артылерыйскі бліндаж дывізіі.

Салдаты 112-га палка 9 ліпеня не дапускаюць сапёраў да пракладання праходаў у драцяных перашкодах, нават пагражаюць адкрыць па іх агонь.

Толькі пасля таго, як начальнік дывізіі прыгразіў адкрыць па іх артылерыйскі агонь, пытанне вырашаецца.

У гэты дзень начальнік дывізіі Яўген Энвальд дакладаў у штаб корпуса:

− Стан духа войска такі, што надзеі на поспех няма – мяркую, што ніхто не выйдзе з акопаў.

Нямецкі кулямётны дот, які накіраваны амбразурамі на пазіцыі 112 палка

get_img (1)

Выгляд рускіх пазіцый 112 палка з нямецкага боку

Салдаты масава ідуць у тыл

Салдаты масава па­чынаюць пераходзіць з займаных пазіцый у тыл. Каб прыпыніць самавольныя дзеянні, бліжэй да перадавой прысунулі палявыя кухні, а салдатам зачыталі апошні загад Керанскага.

У зага­дзе гаварылася аб прыняцці ўсіх мер супраць вайскоўцаў, якія ўцякаюць, аж да выкарыстання супраць іх зброі.
Для гэтага вучэбнаму батальёну загадалі заняць неперарыўным ланцугом з кулямётамі акопы на ўсход ад дарогі Перабранавічы – Кеўлы.

Выканаўцам загаду патрабавалася затрымліваць уцекачоў з поля бою і накіроўваць зноў на пазіцыі. У выпадку адмовы і непадпарадкавання − выкарыстоўваць зброю.

Камандзір застрэліўся ад перажытага

Але такія меры ўжо не маглі ў той сітуацыі кардынальным чынам паўплываць на вынікі ліпеньскай аперацыі рускай арміі. З усёй дывізіі ў наступленне пайшлі толькі штурмавікі “Батальёна смерці” на левым фланзе. Яны панеслі каля 75 працэнтаў страт свайго асабовага саставу.

Волжскі полк адмовіўся наступаць – пайшлі адны афіцэры і каля 200 найбольш свядомых салдат. Страты іх склалі каля 50 працэнтаў.
Камскі полк толькі абазначыў наступленне, а Данскі нават самавольна сышоў з пазіцый.

Не прыняў удзелу ў аперацыі Уральскі полк, а яго камандзір пад уражаннем усяго перажытага застрэліўся.

Начальнік дывізіі генерал Яўген Энвальд быў 25 жніўня 1917 года вызвалены “рэвалюцыйным” камандзірам корпуса ад камандвання дывізіяй. А сам камандзір корпуса таксама ў хуткім часе быў зняты з пасады яшчэ больш “рэвалюцыйным камандуючым арміяй”.

Генерал памёр на званніцы ў Сербіі

У далейшым Энвальд прыняў удзел ў Белым руху, а пасля жахлівых падзей грамадзянскай вайны разам з сям’ёй апынуўся ў Югаславіі, у горадзе Субоціца. Ён уладкоўваецца дворнікам пры мясцовай сербскай царкве: падмятае двор, вуліцу, становіцца званаром.

У 1925 годзе ў дзень Святога Мікалая, 19 снежня па новым стылі, роўна праз адзінаццаць гадоў пасля ўзяцця Варонежскім палком ў палон аўстрыйскай дывізіі, Яўген Васільевіч памірае ад параліча сэрца на званніцы. Якраз у той момант, калі трэба было званіць.
Генерала царскай арміі Энвальда пахавалі з ваеннай пашанай на сербскіх праваслаўных могілках у Субоціцы.

Імя Марыны Уладзі непарыўна звязанае таксама з імем выдатнага рускага паэта і барда Уладзіміра Высоцкага. У адным са сваіх неўміручых твораў ён адзначыў:

Зарыты в нашу память на века
И даты, и события, и лица,
А память – как колодец глубока.
Попробуй заглянуть – наверняка
Лицо – и то – неясно отразится.

Таму для нас актуальным застаецца не толькі захаванне памяці пра мінулую гісторыю, але і ўшанаванне тых людзей, пра якіх, следам за Высоцкім, паўтараем: “С кем сегодня встречаться я почёл бы за честь”.

УЛАДЗІМІР ПРЫХАЧ, "РГ"

Каментаваць