Ужо шосты раз Залессе на Смаргоншчыне сустракала сяброў, спявала, частавала, танчыла… Фестываль адфестываліў! На першы погляд, звычайная вёска…
Звычайная вёска, якіх многа ў Беларусі. У прамым сэнсе гэтага слова: у Беларусі каля дзесяці “Залессяў” аж у трох абласцях. Звычайная вёска…
Проста калісьці тут жыў чалавек, што напісаў вядомы паланэз. Пабудаваў палац, спраектаваў парк, ладзіў мызычна-літаратурныя вечарыны, таму Залессе і атрымала назву Паўночныя Афіны – паэтычна ды інтэлектуальна адначасова!
Быў Міхал Клеафас кампазітарам, дыпламатам, палітыкам, грамадскім дзеячам, буйным землеўласнікам… І чалавекам. Чалавекам свайго часу. Досыць супярэчлівым чалавекам, пра што сведчыць і яго асабістае жыццё, і палітычныя перакананні ды гешэфты.
І ўсё ж менавіта гэты чалавек стаў фішкай Залесся на Смаргоншчыне, менавіта гэты чалавек напісаў тут таленавіты паланэз “Развітанне з Радзімай”, што бярэ за душу… І прымушае згадваць Радзіму ў самых далёкіх падарожжах. Вельмі часта такое падарожжа для беларуса – падарожжа ў адзін бок. Беларусь – шчодры донар талентаў.
Маёнтак Міхала Клеафаса ў Залессі перастае быць закінутым ды занядбаным. У рэстаўрацыі ёсць значныя зрухі… Зрухі да лепшага. Хочацца верыць, што сябры Агінскага будуць прыязджаць сюды і ў жніўні, і ў верасні, калі адзначаецца дзень народзінаў гаспадара Паўночных Афінаў… А безгаспадарлівасці тут яшчэ хапае, і ёсць над чым папрацаваць. І ў парку, і ў садзе, і каля зарослага травой ды забруджанага става, на які сумна глядзіць забітымі вокнамі не менш закінуты млын.
У 2015 годзе будзе адзначацца юбілей Міхала Клеафаса Агінскага… Ёсць меркаванне, што пасля смерці чалавека не застанецца нічога… акрамя музыкі, якая будзе гучаць для іншых.
У Паўночных Афінах застанецца памяць пра земляка і адноўлены ўрэшце – хочацца верыць! - маёнтак, дзе будзе гучаць шыкоўны італьянскі раяль ва ўжо адноўленым літаратурна-музычным салоне. І слухаць паланэзы будуць не толькі турысты з захаду ды ўсходу, праўда ж?
У 2014 годзе фестываль адбыўся пры падтрымцы праекта "Азбука бізнэсу для сельскай моладзі". Маладыя рамеснікі, у тым ліку і Залеская школьная бізнэс-кампанія, прадставілі на свяце сваю прадукцыю.