Мастак Барыс Цітовіч аднаўляе вайсковае пахаванне часоў Першай сусветнай у Заброддзі

07.08.2014 15:28Views:
citovichСёння, калі вы прыедзеце ў Заброддзе, што на беразе Нарачанкі, і наведаеце згаданае пахаванне, то ўбачыце 99 акуратных узгорачкаў. Усе яны абкладзеныя камянямі, ці не на кожным стаіць крыж. На некаторых напісаныя імя і прозвішча таго, хто там спачывае.

– Калі мы з жонкай Валянцінай у 75-м годзе прыехалі ў вёску жыць, працаваць, я і не думаў займацца гэтай тэмай. Зусім, – прыгадвае Барыс Цітовіч. – Я мастак. І хацеў быць бліжэй да народа, да прыроды. Калі даведаўся пра гэтыя могілкі, тут быў поўны заняпад. Магіл амаль не было відаць, толькі ўзгорачкі і вось гэты бруствер па перыметры.

У часы Першай сусветнай тут месціўся лазарэт 29-й пяхотнай дывізіі 20-га армейскага корпуса 2-й расійскай арміі.

Барыс Цітовіч застаў у вёсцы двух удзельнікаў Першай сусветнай вайны: Рыгора і Івана Шуплякоў. Першы два гады правёў у палоне, а другі быў у ахове стаўкі галоўнакамандуючага цара Мікалая II.

– Я ж дурны тады быў! Мастацтва ў галаве сядзела! Мне трэба было б добра распытаць пра ўсё. А я так: штосьці даведаўся, нейкія здымкі дастаў. Ні галава, ні сэрца не былі падрыхтаваныя да ўспрыняцця гэтай тэмы, – тлумачыць мастак.

Аднак з людзьмі Барыс Барысавіч гутарыў. Як казалі старыя, тут стаяла брама з надпісам “Спіце спакойна, Радзіма вас не забудзе”. Пляцоўка, дзе сёння капліца, была вольная. Таму капліцу там і пабудавалі напрыканцы 80-х гадоў.

– Потым я дазнаўся ад вяскоўцаў, што ў 1939 годзе нехта з родзічаў пахаваных тут салдат прыехаў і паставіў драўляны крыж. У той час на магілах яшчэ стаялі крыжы, на іх былі пазначаныя прозвішчы, даты смерці і вайсковае званне. Там, дзе сёння цягнецца ланцуг і абазначае межы, была агароджа з ацынкаванага дроту. Старыя прыгадвалі, што заяц бы не пралез.

Дзе ж дрот дзеўся? Яго на цвікі пасеклі. А калі крыжы паваліліся, ніхто не стаў іх падымаць. Як і перапісваць прозвішчы.

– Дзякуй Вілейскаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу, яго дырэктару Ігару Кіцікаву, майстрам і дзецям. Яны дапамаглі абкласці ўсё камянямі. Два месяцы і сем дзён мы з імі аддалі гэтай справе. Я глядзеў і думаў. Закінулі могілкі, ніхто ім не кланяўся, а тут хлопцы з дня ў дзень поўзалі на каленях, паклоны адбівалі. І я разам з імі, стары, – усміхаецца Барыс Цітовіч. – Цяпер гэта стала агульнай справай. І я адчуваю, што хутка зноў змагу займацца мастацтвам. Хаця мастакоў многа, спраўляюцца і без мяне.

– Калі мы гаворым пра памяць, – сказаў пад канец нашай размовы Барыс Барысавіч, – то гэта ўсё ж не манументы. Каб не здарылася, што манумент, на самой справе, мы зрабілі для сябе, а не абаронцам Айчыны.

НАСТАССЯ РОЎДА, "РГ"

Каментаваць