За небакрай схаваліся іх цені, а вобразы ў памяці жывуць…

01.08.2014 23:59Views:
smargonСёння, 1 жніўня, споўнілася роўна 100 гадоў ад пачатку Першай сусветнай вайны. Узброенае супрацьстаянне вялі два ваенна-палітычныя блокі – цэнтральныя дзяржавы (Германія, Аўстра-Венгрыя) і Антанта (Англія, Францыя, Расія). Вайна доўжылася 1588 дзён і начэй, баявыя дзеянні ішлі на франтах агульнай працягласцю 2500-4000 кіламетраў. У глабальны ваенны канфлікт былі ўцягнуты 38 з існуючых на той час 59 незалежных дзяржаў, дзе пражывала каля 70 працэнтаў насельніцтва Зямлі.

Упершыню ў гісторыі бітваў былі прыменены ў той вайне новыя віды зброі і баявой тэхнікі, у тым ліку танкі, самалёты, падводныя лодкі, звышцяжкая артылерыя, зенітныя і супрацьтанкавыя гарматы, мінамёты, агнямёты, хімічныя атрутныя рэчывы. Гэта выклікала татальныя разбурэнні і масавыя чалавечыя ахвяры, прынесла гора і пакуты мільёнам людзей.

Больш чым за чатыры гады ў дзеючую армію было мабілізавана каля 73,5 мільёна чалавек. З іх забіты і памерлі ад ран больш як 9,5 млн., не менш як 20 млн. былі паранены, 3,5 мільёна засталіся калекамі. Па некаторых звестках, падчас баявых дзеянняў, а таксама ад хваробаў, голаду і эпідэмій загінула больш як 5 мільёнаў грамадзянскага насельніцтва.

Бязлітасны вогненны смерч Першай сусветнай вайны трагічна прайшоўся па беларускай зямлі. У кастрычніку 1915 года расійска-германскі фронт, дзе з абодвух бакоў узброена супрацьстаялі 2,5 мільёна чалавек, стабілізаваўся па лініі Дзвінск-Паставы-Смаргонь-Баранавічы-Пінск. У расійскую армію было мабілізавана больш як 800 тысяч нашых суайчыннікаў, і амаль кожны восьмы з іх загінуў на франтах той вайны.

Па няпоўных звестках, каля 1,5 мільёна жыхароў Беларусі сталі прымусовымі бежанцамі і былі расселены на тэрыторыі Ра-сійскай імперыі. І амаль паўмільёна з іх так і не вярнуліся на сваё ранейшае жыхарства, назаўсёды засталіся там… У эпіцэнтры жорсткіх баёў аказаўся і 16-тысячны горад Смаргонь, які быў дашчэнту разбураны і зруйнаваны. Часопіс “Огонёк” (сакавік, 1916 г.) змясціў фотаздымкі разбурэнняў і руінаў Смаргоні, а рэпартаж з месца падзей аўтар назваў “Мёртвы горад”. І гэта была жудасная праўда. Калі пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе горад Смаргонь увайшоў у склад Польскай дзяржавы – тут было толькі 154 жыхары.

810 дзён і начэй ішлі на смаргонскай зямлі жорсткія, кровапралітныя баі паміж рускай і нямецкай арміямі. Тут гераічна загінулі тысячы абаронцаў Айчыны – рускіх, беларусаў, украінцаў, сыноў іншых народаў тагачаснай Расіі. Цяперашнія сведкі далёкай той вайны – шматлікія жалезабетонныя доты і бліндажы, шрамы траншэй і варонкі акопаў, камяні брацкіх салдацкіх магіл. Час і стыхія прыроды жорстка ўладараць над гэтымі помнікамі – няўмольна сціраюць іх з твару зямлі… Адышлі ў свет іншы непасрэдныя ўдзельнікі і сведкі крывавай той бойні. Згасае, сціраецца памяць людская…

Але ва ўсе часы і вякі былі, ёсць і будуць людзі, апантаныя высакародным клопатам захаваць і перадаць нашчадкам гістарычную праўду лёсавызначальных падзей. Высакародная ідэя ўвекавечыць славу і памяць, гераізм мужных абаронцаў Айчыны і трагізм мільёнаў простых людзей, ахвяр той крывавай бойні, нарадзілася ў 2006-м годзе. Па ініцыятыве раённага выканаўчага камітэта быў аб’яўлены творчы конкурс на стварэнне эскізнага праекта мемарыяла. З дзевяці прадстаўленых работ прызналі лепшым праект калектыву мастакоў-скульптараў пад кіраўніцтвам прафесара Акадэміі мастацтваў, лаўрэата Дзряжаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Анатоля Арцімовіча, у складзе якога працуе і наш таленавіты зямляк, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, скульптар Уладзімір Церабун.

У студзені 2007 года пасля далейшай распрацоўкі праект мемарыяльнага комплексу быў прадстаўлены Рэспубліканскаму мастацка-экспертнаму савету па манументальнаму і манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву. Савет адобрыў прапанаваную канцэпцыю і праз пэўны час разгледзеў і прыняў да выканання ўжо канчатковы варыянт праекта. З бюджэту Саюзнай дзяржавы было выдзелена каля 2-х мільярдаў рублёў на выкананне творчай часткі работы і адліўку скульптурных кампазіцый з бронзы.
У 2009-м годзе гэта работа была закончана, скульптурныя кампазіцыі прывезены ў Смаргонь.

Такім чынам, грошы, выдаткава-ныя з бюджэту Саюзнай дзяр-жавы, былі асвоены. На жаль, неўзабаве і Беларусь, і Расію закранулі негатыўныя наступствы сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, і работа па стварэнні мемарыяльнага комплексу прыпынілася на нявызначаны час. Каму-небудзь можа і здавалася – назаўсёды…

Але сярод важнейшых гаспадарчых, сацыяльных клопатаў і праблем заўжды помніў пра будучы мемарыял кіраўнік раёна Мечыслаў Браніслававіч Гой. І на чарговым пасяджэнні райвыканкама ён звярнуўся да ўсіх, хто мае добрыя стасункі з вядомымі моцнымі гаспадарнікамі, бізнесменамі, дыпламатамі, аўтарытэтнымі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, папрасіў аказаць садзейнічанне гэтай высакароднай справе. “І самі мы зрабіць можам нямала, — сказаў Мечыслаў Гой. – Ёсць у нас і талковыя спецыялісты, і сучасная тэхніка, ёсць гонар за родны свой край”.

І як першы канкрэтны крок у гэтым напрамку ён прапанаваў рашэннем райвыканкама стварыць рабочую групу па будаўніцтву мемарыяльнага комплексу. Такое рашэнне і было прынята. У склад рабочай групы ўвайшлі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прадстаўнікі мясцовых камерцыйных фірмаў, грамадскія актывісты. Узначаліў групу намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве, член аўтарскага калектыву па распрацоўцы праекта мемарыяльнага комплексу Аляксандр Бажыдай.
І літаральна праз два дні ажыў людскім рознагалоссем і гулам матораў парк Перамогі па вуліцы Камінскага – работнікі будмантажнага трэста №41 распачалі вертыкальную планіроўку цэнтральнай алеі мемарыяльнай зоны, даўжыня якой 420 метраў.

На той час уласнымі сіламі можна было б выконваць і яшчэ пэўны аб’ём некаторых работ, аднак справа прыпынілася з-за адсутнасці ў кіраўніка рабочай групы Аляксандра Бажыдая праектна-каштарыснай дакументацыі. Інстытут “Гроднаграмадзянпраект” своечасова падрыхтаваў яе, але не было грошай, каб аплаціць работу праекціроўшчыкаў, і яны не маглі аддаць праект на дзяржаўную экспертызу. Дапамог станоўча вырашыць пытанне Гродзенскі аблвыканкам, і работа прадоўжылася.

Аднак неўзабаве стала відавочна, што спонсарскага матэрыяльна-тэхнічнага і фінансавага ўдзелу ў будаўніцтве мемарыяльнага комплексу зусім недастаткова. І тады старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой змог дабіцца выдзялення будаўніча-мантажнаму трэсту №41 беспрацэнтнага крэдыту ў суме 4-х мільярдаў рублёў на фінансаванне работ па мемарыяльнаму комплексу.

Спецыялісты Мінскага скульптурнага камбіната і будмантажнага трэста 15 мая ўстанавілі на фундаменты дзве першыя скульптурныя кампазіцыі “Бежанцы” і “Салдаты Першай сусветнай”. А праз дзень, 17 мая, на высокі 6-метровы фундамент была ўстаноўлена цэнтральная, самая галоўная і велічная скульптурная кампазіцыя “Крылаты геній салдацкай славы”. Арыгінальны, глыбокага сэнсу твор манументальнага мастацтва ўражвае сваёй веліччу. Ён – дамінанта, вяршыня рукатворнага мемарыялу.

Уваходная зона ў парк з вуліцы Камінскага пачынаецца з дзвюх падпорных сценак, размешчаных паўкругам. На сценках тэксты, адлітыя з бронзы. Злева тэкст на беларускай мове: “Мемарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну 1915-1917 г. г. у г. Смаргонь”. Справа такі ж самы тэкст на рускай мове.

Састаўной часткай уваходнай групы з’яўляецца зона Памяці і смутку, у цэнтры якой размешчана карта ваенных дзеянняў 1915-1917 гадоў, што адбываліся на Смаргоншчыне. Карта адліта з бронзы і ўстаноўлена на невысокім гранітным пастаменце. Злева і справа ад карты – дзве мемарыяльныя урны з зямлёй з месцаў пахавання воінаў рускай і нямецкай армій. Па абодва бакі карты — сцены Памяці. На адной з іх будуць размешчаны прозвішчы загінуўшых воінаў рускай арміі (больш за 800 імён). На другой у верхняй частцы – тэкст на нямецкай мове: “Здесь, на сморгонской земле, покоятся тысячи немецких солдат и офицеров, погибших в сражениях жестокой войны 1915-1917 г. г.” Над тэкстам ёсць свабоднае месца для размяшчэння імянных таблічак нямецкіх воінаў.

Прадаўжае зону Памяці і смутку часоўня (капліца), у верхняй частцы якой знаходзіцца звон (колокол) з Георгіеўскім крыжам.

Далей па цэнтральнай алеі – мемарыяльная зона, дзе ўстаноўлены тры галоўныя скульптурныя кампазіцыі. І тут жа, па перыметру мемарыяльнай зоны, устаноўлены 7 вялікіх камянёў з бронзавымі медальёнамі, на якіх кароткім тэкстам адлюстраваны звесткі аб асноўных падзеях на тэатры ваенных дзеянняў у мясцовым рэгіёне. Завяршае цэнтральную алею камень Памяці з тэкстам звароту да нашчадкаў: “Любая война несет разрушения, горе, кровь и смерть. Наш священный долг – помнить об этом”.

…За небакрай схаваліся іх цені – цені нявінна паўшых і памёршых. А душы іх час ад часу пакідаюць неба і вяртаюцца на зямлю, дзе людзі нарадзіліся, дзе ўпершыню спазналі цяжкасці і радасці жыцця зямнога. Яны наведваюцца, каб паглядзець на нас і нашы справы, каб спэўніцца, ці правільна жывём, ці годна паводзім сябе, ці шануем святыні, дадзеныя Богам.

Яны наведаюцца і сюды, у парк Перамогі, дзе распачата і прадаўжаецца высакародная справа ўваскрашэння і ўшанавання памяці і славы, гераізму і трагізму мільёнаў дачасна загінуўшых. І ў ціхім пошуме зялёнай лістоты маладых дрэўцаў будзе злітна чутны і жалобны рэквіем трагічна загінуўшым, і наказ-перасцярога жывым берагчы планету і род людскі ад гібелі і знішчэння.

Іван ЛАЗУТА, "СШ"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць