Аб’яднаныя ідэяй зробяць больш, чым пад прымусам

21.07.2014 00:16Views:
IMG_3354-300x206На мінулым тыдні ў межах праекта “Новая вёска: партнёрства для ўстойлівага развіцця” адбылося пасяджэнне “круглага стала”, на якім уз-німаліся пытанні партнёрства органаў улады з мясцовымі таварыствамі ў рашэнні экалагічных задач. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Залескі сельскі выканаўчы камітэт і мясцовы дабрачынны фонд “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага”. У ліку запрошаных былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, эксперт асветніцкага ГА “Фонд імя Льва Сапегі” Андрэй Завадскі.

У той час, калі шмат высілкаў і дзяржаўных фінансавых сродкаў укладаецца ў капітальную рэстаўрацыю і адраджэнне палаца Міхала Клеафаса Агінскага, мясцовыя жыхары праяўляюць ініцыятыву і па меры магчымасцей імкнуцца далучыцца да высакароднай справы. Як адзначыў Генадзь Бычко, кіраўніцтва раёна гатова заўжды падтрымаць разумныя канструктыўныя прапановы грамадства. Сіламі мясцовага таварыства, прадстаўнікоў разнастайных грамадскіх лучнасцей у Залессі шмат робіцца для надання аграгарадку прываблівасці, стварэння камфортных умоў для пражывання. Як паведаміла дырэктар дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” Ала Шыцікава, новым праектам прадугледжваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі былога міні-палігона каля вёскі Міхневічы і пасадка там дрэў. Тры адукацыйныя экалагічныя семінары для жыхароў Залескага сельсавета запланаваны і будуць праведзены з асветніцкай мэтай.

Напярэдадні мерапрыемства актывісты грамадскай супольнасці прайшліся з фотакамерай па вёсцы Залессе і ваколіцах, знялі асобныя аб’екты і патрабуючыя выпраўлення факты не зусім гаспадарчага і эстэтычнага выгляду. Шмат пытанняў узнікла да службаў ЖКГ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Было адзначана, што не хапае кантэйнераў для смецця, паступіла прапанова набыцця кантэйнераў для раздзельнага збору смецця. Асобныя з гэтых праблем будуць вырашаны, дзякуючы праекту “Новая вёска: партнёрства для ўстойлівага развіцця”. Напрыклад, ёсць фінансы для набыцця кантэйнераў для смецця. Да добраўпарадкавання асобных куткоў і тэрыторый будуць прыцягвацца мясцовыя жыхары, асабліва моладзь, школьнікі.

Галоўным вынікам “круглага стала” стала падпісанне пагаднення паміж грамадскімі фарміраваннямі і Залескім сельскім выканаўчым камітэтам. Дакументам прадугледжваецца аб’яднанне намаганняў для рэалізацыі праграмы мясцовай стратэгіі ўстойлівага развіцця. У агульных палажэннях вызначаны тэрміны і адказныя асобы за рашэнне канкрэтных задач добраўпарадкавання і падтрымання тэрыторый у адпаведнасці з санітарнымі нормамі.

Ала КЛЕМЯНОК, "СШ"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА і Алы Шыцікавай (слайд-шоў)

Каментаваць