Казка купальскай ночы

11.07.2014 16:24Views:
купала-5-ц-200x149Вось і не вер пасля гэтага ў розныя забабоны! Сапраўдная гарачыня сёлета распачалася менавіта на Купалле. Нездарма ў старажытнасці людзі лічылі гэта свята пачаткам астранамічнага лета. Летняе сонцастаянне прыпадае на 21-22 чэрвеня. У славян гэтыя дні прысвячаліся язычніцкаму богу Купала.

Пазней абрадавая частка была прымеркавана да дня нараджэння Іаана Хрысціцеля, але па старому стылю і па праваслаўнаму календару ён адзначаецца 7 ліпеня. А купальская ноч, якую ў многіх рэгіёнах нашай краіны святкуюць па старому стылю — з шостага на сёмае, лічыцца ў народзе магічнай, чараўнічай, ачышчальнай, калі вада сябруе з агнём, расліны набываюць цудатворную моц, закаханыя даюць клятву вернасці, распускаецца папараць-кветка…

Сёлета купальскае свята ў Залессі заслугоўвае шмат пахвальных эпітэтаў, а найбольш часта з вуснаў усіх, каго я пыталася пра ўражанні, злятала слова “шыкоўна!”. Мастацкі кіраўнік Залескага ЦДК, галоўны сцэнарыст і вядучая свята Аксана Ліс разам са сваімі памочнікамі, самадзейнымі артыстамі і аматарамі творчасці здолелі не проста стварыць каларыт старажытнасці, але і напоўніць атмасферу свята духам народнасці, добрасардэчнасці, весялосці, магічнасці. Ажыўшая казка або своеасаблівая рэстаўрацыя народнага гуляння нагадала пра часы, калі прашчуры нашы жылі ў суладдзі з прыродай і павагай да яе законаў.

Купальская ноч называецца па-рознаму: ноч кастроў, ноч папараць-кветкі, ноч закаханых… Старажытныя людзі праз рытуалы пакланення стыхіям вады, агня, зямлі і паветра імкнуліся далучыцца да іх сілы і энергіі. Любое свята вучыць нас любіць жыццё, шчыра радавацца, раскрываць сваё сэрца дабрыні. Як толькі сонца схілілася на захад, самыя актыўныя ўдзельнікі залескага этна-свята вясёлым гуртам прайшліся па цэнтральнай вуліцы, зазываючы вяскоўцаў далучацца да гуляння. З падворкаў дзе-нідзе выбягалі дзеці ў карнавальных строях, выходзілі паважныя матроны, зацікаўлена прыпыняліся маладзёны.

Пра залескае Купалле добра вядома ў наваколлі, але сёлета ўваход на яго быў абвешчаны платным, бясплатна можна было зайсці толькі тым, у каго карнавальны касцюм. Мяркую, што тыя, хто папрацаваў над святочным іміджам ці набыў білет, не пашкадавалі, бо атрымалі і эстэтычнае задавальненне, і шмат цікавай інфармацыі, і мелі магчымасць многаму навучыцца. Напрыклад, з дапамогай удзельнікаў мінскага фальклорнага калектыву “Гуда” жадаючыя асвойвалі азы гісторыка-бытавых і фальклорных танцаў. Прадстаўнікі старэйшага пакалення штосьці ўспаміналі, а моладзь толькі развучвала рухі полькі, “Лявоніхі”, “Юрачкі”, падэспані, кракавяка і іншых.

А ў зеляніне дрэў, што ў парку за цэнтральным Домам культуры, зручна прымасціліся “русалкі”, пагрозліва пасміхаліся “нячысцікі”, пад дрэвамі нешта калдавалі ведзьмачкі, зялёнатварая і, тым не менш, вельмі прывабная “кікімара” абдымалася з “лялькай-берагіняй”, “дамавічок” гандляваў пернікамі, а шматлікія лясныя і палявыя духі мітусіліся ды весялілі народ. На сцэне мясцовыя артысты паказвалі тэатралізаванае прадстаўленне, знаёмячы з прыгожымі купальскімі рытуаламі і абрадамі продкаў.

Яшчэ падчас шэсця па Залессю вылучаліся сваімі аўтэнтычнымі спевамі ўдзельнікі этнаграфічнага фальклорнага гурту “Гуда”. Здавалася, нібы ў нашу сучаснасць нейкім чароўным чынам праз браму неўміручасці прасяклі душы прашчураў і заўзята заспявалі на свой старажытны манер, працяжна, голасна, на вялікім дыханні. Выдатным падарункам стала выступленне спевакоў гурту на свяце. Аснову рэпертуару “Гуды” складаюць абрадавыя песні — бадай самы архаічны пласт традыцыйнай народнай культуры. Усе песні выконваліся акапэльна.

Ад удзельніцы танцавальнай групы “Гуда” Надзеі Клуйшы, якая, дарэчы, родам са Смаргоні, даведалася, што артысты ў пераважнай большасці — аматары, людзі прафесій часам вельмі далёкіх ад музычнага мастацтва: бухгалтары, праграмісты, выкладчыкі. Больш за дзесяць гадоў таму маладыя людзі (навукоўцы і студэнты) аб’ядналі свае высілкі, каб даследаваць гісторыю і культуру тутэйшай зямлі. Адным з кірункаў стаў пошук у галіне архаічнай спеўнай спадчыны. Падчас этнаграфічных экспедыцый удалося адшукаць жывых носьбітаў спеўных традыцый, запісаць ад іх унікальныя творы народнай творчасці, пераняць асаблівасці выканальніцкай манеры. Цяпер гэтым бясцэнным багаццем моладзь дзеліцца з сучаснікамі на разнайстайных святах. Вось і на Купалле ў Залессе прыехала толькі частка гурту. Яшчэ дзве групы накіраваліся на Лідчыну і Міншчыну.

Працавалі гульнёвыя атракцыёны для дзяцей, прадавалі вырабы народных умельцаў, стравы славянскай кухні.

Абавязковы атрыбут купалля — касцёр. Ён сёлета быў насамрэч шыкоўны, таму вадзіць карагоды вакол яго нікога ўгаворваць не спатрэбілася, а можа проста прачнулася ў душах людзей патаемнае, генетычнае, такое натуральнае жаданне адчуць сябе часцінкай сонечнага кругазвароту, узяць ад кастра энергію, ад паветра — лёгкасць, ад зямелькі — трываласць, ад вады — чысціню.

Па павер’ях нельга спаць у купальскую ноч, самую кароткую ноч года. Кажуць, розныя духі, што прыйшлі ў свет людзей гэтым часам, могуць усяліцца ў санліўца. Жарт гэта. Але для моладзі ёсць у гэтым апраўданне. Таму і весяліліся ажно да ранку, танчылі пад музыку дыска 70-80 гадоў, удзельнічалі ў флэш-мобе ў вогненным коле, спявалі, радаваліся феерычнаму шоу з удзелам DJ HILCHER і DJ STEPUSHIN.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "СШ"
Фота аўтара

Каментаваць