Палякаў зацікавіла Смаргонь

23.06.2014 22:21Views:
200x148У папярэднім нумары газеты паведамлялася аб візіце афіцыйнай дэлегацыі Шчацінакскага павета Рэспублікі Польшча на Смаргоншчыну. Старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой ва ўступным слове адзначыў, што наш раён адкрыты для замежных інвестараў. Тут створаны і паспяхова працуюць сумесныя і замежныя прадпрыемствы, паступова развіваецца прыватны бізнес. У сваю чаргу стараста Шчацінакскага павета Кшыштаф Ліс сказаў, што нядрэнна было б, каб Смаргонскі раён стаў пасрэднікам у наладжванні гандлёвых адносін польскага боку з расійскім, паколькі паміж Беларуссю і Расіяй існуюць трывалыя сацыяльна-эканамічныя і культурныя сувязі.

У гэты ж дзень было запланавана наведванне некалькіх аб’ектаў у горадзе і сельскай мясцовасці. Першы з іх — дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лясная паляна”. Маршрут паездкі па горадзе быў выбраны з улікам таго, каб паказаць гасцям цэнтральную частку і раён новай забудовы ў мікрараёне Усходнім. За вокнамі прамільгнулі гарадскі парк, стадыён. Нехта з палякаў спытаў у старшыні райвыканкама: “ У вас ёсць футбольная каманда? А як яна называецца?” Мечыслаў Гой адказаў, што так, як і горад.

На тэрыторыі цэнтра “Лясная паляна” гасцей сустрэў дырэктар Анатоль Хомбак. Ён паведаміў, што цэнтр быў створаны для аздараўлення і санаторнага лячэння дзяцей з чарнобыльскай зоны. І цяпер тут праходзяць медыцынскую і сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю хлопчыкі і дзяўчынкі з абласцей Беларусі, дзе быў зафіксаваны павышаны ўзровень радыяцыі. У “Лясной паляне” працуюць 157 чалавек і адначасова аздараўляюцца 345 дзяцей. Для гэтага пабудаваны 4 спальныя карпусы, ёсць клуб, сталовая, школа. Нядаўна здалі ў эксплуатацыю новы медыцынскі корпус.

Госці з Польшчы зайшлі ў школу, наведалі спартыўную залу, лячэбныя кабінеты, новы басейн. Паказалі палякам бювет з мінеральнай вадой. Дарэчы, ёю зацікавіліся польскія бізнесмены. Плануецца стварэнне сумеснага праекта.

У пакоі псіхалагічнай разгрузкі госці змаглі некалькі хвілін адпачыць. Псіхолаг расказала аб тым, як тут праводзяцца заняткі з дзецьмі, як іх настройваюць на пазітыўны лад, як хлопчыкі і дзяўчынкі адшукваюць адказы на пытанні аб каханні, сяброўстве і г. д. Былі праведзены псіхалагічныя тэсты і з гасцямі. Ім спадабалася, аб чым сведчылі ўсмешкі на тварах.

У адным з памяшканняў адбылася прэзентацыя Смаргонскага раёна. Тэксты на слайдах прадугледзелі на польскай мове, таму госці маглі самі ўсё прачытаць. Кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў расказалі аб выпускаемай прадукцыі. Так, тэхніка агрэгатнага завода пастаўляецца і на польскі рынак, праўда, пакуль у невялікай колькасці. Польскія бізнесмены, якія былі ў складзе афіцыйнай дэлегацыі, зацікавіліся садовым трактарам, спыталі, ці адпавядае рухавік па экалагічнасці еўрапейскім стандартам.

Мясцовы ліцейна-механічны завод апошнім часам працуе на польскім коксе. Ён таннейшы за расійскі і па якасці лепшы. Лінія па вытворчасці тварагу польскай вытворчасці ўстаноўлена на мясцовым малаказаводзе. Камбінат хлебапрадуктаў пастаўляе ў Польшчу рапсавы алей. Шукае партнёра ў гэтай краіне для рэалізацыі соладу мясцовы хлебазавод. Кіраўнікі гэтых і іншых прадпрыемстваў гатовы разгледзець прапановы польскага боку па інвестыцыях.

Быў прэзентаваны і Шчэцінакскі павет. Ён знаходзіцца на паўночным захадзе Польшчы. Тут жывуць 80 тысяч чалавек, палавіна з іх — жыхары павятовага цэнтра. Нямала ўкраінцаў. Ёсць нават украінская школа. У Шчэцінакскім павеце многа азёр. Ёсць два цеплаходы. Недалёка знаходзіцца Балтыйскае мора. Паблізу граніца з Германіяй. Аб мінулай вайне нагадваюць нямецкія фартафікацыйныя пабудовы. У Шчэцінаку самая вялікая ў Еўропе лыжня, развіваецца турызм. Тут быў створаны прыгожы парк, на адкрыццё якога прыязджаў прэзідэнт Польшчы.

У Шчэцінакскім павеце нямала прамысловых прадпрыемстваў, развіваецца сельская гаспадарка. Ёсць і беспрацоўе. На 80 тысяч жыхароў прыпадае 7 тысяч чалавек, якія не заняты грамадска карыснай справай.

Пасля прэзентацыі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам паставілі старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой і стараста Шчэцінакскага павета Рэспублікі Польшча Кшыштаф Ліс, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч і яго калега з Шчэцінакскага павета Дарота Хшаноўска.

Падчас інтэрв’ю журналістам стараста Шчэцінакскага павета Кшыштаф Ліс адзначыў, што чацвёрты раз у Беларусі і яму падабаецца наша краіна. Першае пагадненне аб супрацоўніцтве было падпісана паміж адміністрацыяй Шчэцінакскага павета і Лагойскім райвыканкамам. Смаргонскі раён Кшыштаф Ліс наведаў упершыню. Ён задаволены тым, што і тут было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое з’яўляецца пачаткам сумеснай работы.

- Я хацеў бы паглядзець, як вы тут працуеце, вырашаеце праблемы, каб потым ваш вопыт перанесці на свой павет. Мне вельмі імпануе, што паміж кіраўніцтвам і прадпрымальнікамі ёсць узаемаразуменне. А яшчэ мне спадабалася добразычлівасць вашых людзей, — сказаў стараста Шчэцінакскага павета Кшыштаф Ліс. — Спадзяюся, што наступная мая паездка будзе звязана з гаспадарчай дзейнасцю, з наладжваннем кантактаў паміж нашымі і вашымі фірмамі. У Шчэцінаку ведаюць аб Смаргоні даўно дзякуючы абаранкам, якія тут выпякалі. Але я хацеў бы, каб у Польшчы аб вашым горадзе даведаліся па іншых сферах дзейнасці.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч звярнуў увагу на тое, што хоць польская дэлегацыя прыехала да нас упершыню, але наша напачатку гэтага года пабывала ўжо ў Шчэцінакскім павеце. Таму былі пэўныя напрацоўкі. Цяпер падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, наперадзе канкрэтныя перамовы. Польскі бок зацікавіўся прадукцыяй агрэгатнага завода, а нам прапаноўвае гандлёвае абсталяванне, шукае плошчы для размяшчэння вытворчасці. Два дні знаходзілася афіцыйная польская дэлегацыя ў Смаргоні, наведала шэраг прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый, былі наладжаны дзелавыя кантакты. А раз так, то трэба чакаць і канкрэтных вынікаў.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ, "СШ"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць