Наперад — і з кнігай!

22.06.2014 21:59Views:
200x127Амаль тры дзясяткі веласіпедыстаў на цэнтральнай вуліцы горада ў суправаджэнні аўтамабіляў ДАІ. Яны не маглі не застацца незаўважнымі ў Смаргоні раніцай 16 чэрвеня.

Абмяняцца вопытам і прыцягнуць увагу грамадства да бібліятэк і чытання — такую мэту паставілі сабе ўдзельнікі міжнароднага бібліятэчнага велапрабегу. 14 чэрвеня чатыры групы адначасова стартавалі з Літвы, Латвіі, Расіі і Беларусі. 19 чэрвеня яны сустрэліся ў Каўнасе. Там праходзіць двухдзённая канферэнцыя.

Міжнародны бібліятэчны велапрабег праводзіцца з 2011 года. Беларускія бібліятэкары двойчы прымалі ўдзел у праекце ў складзе замежных груп. Сёлета Беларусь упершыню выступіла арганізатарам самастойнага маршруту, у чым заслуга грамадскага аб’яднання “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя”.

Беларуская частка маршруту, у якім удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Германіі, Даніі і Фінляндыі, ахапіла Мінск, Заслаўе, Маладзечна, Смаргонь, Ашмяны і невялікія населеныя пункты. На Смаргоншчыне ўдзельнікі велапрабегу з’явіліся пад вечар 15 чэрвеня. Гасцей вітала Залессе, дакладней Залеская сельская бібліятэка-цэнтр этнакультурнай асветы “Спадчына”. Для іх ладзілі этнафальклорную вечарыну “Душа народа ў творчасці жыве” з удзелам народнага тэатра лялек “Батлейка”, правялі краязнаўча-этнаграфічную экскурсію. Госці таксама наведалі музей-сядзібу М. К. Агінскага.

А нараніцы, 16 чэрвеня, пад спевы ўзорнага ансамбля народнай песні “Кучарочкі”, гасцей сустракалі ля раённай цэнтральнай бібліятэкі. Для іх правялі экскурсію, расказалі пра бібліятэчную сістэму Смаргоншчыны, у складзе якой 22 бібліятэкі, шэсць — у горадзе (у тым ліку дзве дзіцячыя), астатнія — сельскія.

Мясцовая паэтка Таццяна Скарынкіна прэзентавала сваю “Книгу для чтения вне помещений и в помещениях”. Кнігу з аўтографам аўтаркі пажадалі набыць многія ўдзельнікі велапрабегу. Напрыканцы сустрэчы галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Настасся Жарская, каардынатар і арганізатар велапрабегу з беларускага боку, падарыла дырэктару ЦБС Святлане Афанасьевай фірменную (з сімволікай велапрабегу) святлоадбівальную камізэльку. У сваю чаргу Святлана Мікалаеўна паабяцала, што ў наступны раз, калі яе запросяць, абавязкова сядзе на веласіпед і прыме ўдзел у падобным велапрабегу. Пасля група накіравалася ў гісторыка-краязнаўчы музей і гарадскую бібліятэку №3. Далей іх шлях ляжаў у Ашмянскі раён. Штодзень веласіпедысты пераадольвалі ў сярэднім па восемдзясят кіламетраў.

Галіна АНТОНАВА, "Светлы шлях"
Фота аўтара

Каментаваць