Няхай жыве Залессе!
13 чэрвеня ў Залессі на Смаргоншчыне адбылася цікавая імпрэза: у адноўленай канцэртнай зале маёнтка Міхала Клеафаса Агінскага прайшла літаратурна-музычная вечарына “Няхай жыве Залессе!”
У 2013 годзе пярвічная арганізацыя ГА “Сяльчанка” Смаргонскага раёна выіграла праект па вывучэнні польскай мовы. Усе жадаючыя сябры грамадскай арганізацыі і проста жыхары Залесся мелі магчымасць вывучаць мову краіны-суседкі бясплатна. Навучальны курс доўжыўся сем месяцаў. З вучнямі розных узростаў і прафесій працавала цудоўная выкладчыца - настаўніца вышэйшай катэгорыі Таццяна Іванаўна Кляшчонак.
Штотыдзень па нядзелях – у любое надвор’е! – спадарыня Таццяна прыязджала ў наша Залессе з Ашмянскага раёна. Яна распавядала залескім “студэнтам” не толькі пра моўныя цяжкасці, але і пра культуру, літаратуру, геаграфію Польшчы. Новыя веды і веданне замежных моваў узбагачаюць любога чалавека. Думаецца, што і вершы Адама Міцкевіча, і музыка Чэслава Немэна, і размоўная польская мова жыхарам Залесся не зашкодзіць!
Курс навучання скончыўся, і сумесна з музычнымі калектывамі Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага слухачы курсаў падрыхтавалі ўрачыстую выпускную вечарыну польскай культуры. Імпрэза пад назвай “Няхай жыве Залессе!” зацікавіла патэнцыйных гледачоў – усе квіткі былі хутка прададзены. Узнёсла-эмацыйны настрой усяму мерапрыемству надало выступленне добра вядомага на Смаргоншчыне калектыва юных музыкаў пад кіраўніцтвам Чэслава Жыха.
Перад гледачамі і навучэнцамі курсаў з прамовай выступіла натхняльніца курсаў і дырэктар Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонда “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” А. М. Шыцікава і ўручыла “студэнтам” пасведчанні пра наведванне курсаў польскай мовы.
Т. І. Кляшчонак у сваю чаргу падарыла ім сваю кнігу “Нашчадкі Міхала Клеафаса Агінскага”, выдадзеную невялічкім накладам на беларускай мове.
Плануецца выданне кнігі на некалькіх мовах (беларускай, польскай і рускай). Ад імя “студэнтаў-паланістаў” выступіла Тамара Ліс, выказаўшы словы падзякі і Але Шыцікавай, і Таццяне Кляшчонак за магчымасць атрымаць новыя веды, а значыць, стаць больш духоўна багатымі і цікавымі людзьмі. Нездарма ж кажуць: чым больш ты ведаеш моваў, тым больш ты – чалавек!
Студэнты разам са сваёй выкладчыцай спявалі песні і чыталі вершы на польскай мове. Адначасова з гэтым далі танцавальны майстар-клас і правялі віртуальную экскурсію па сталіцах Польшчы ды мясцінах, звязаных з жыццём кампазітара М.К. Агінскага… З вяртаннем на Радзіму – у шыкоўна адноўлены літаратурна-музычны салон кампазітара, палітыка і паўстанца!
Развітальнае слова ад імя мясцовых жыхароў - з пажаданнем і надалей вывучаць замежныя мовы, мовы краін-суседзяў і нашу сумесную гісторыю! - прагучала з вуснаў П. Ул. Южыка, старшынні праўлення Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонда “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага”.
Чэрвеньскі вечар у палацы праляцеў вельмі хутка… Да сустрэчы ў Паўночных Афінах!
Дар’я Ліс
00:42
Малайцы і гледачы, і артысты! Выдатнае мерапраемства!